15.04.2015 / 18:04

Беларускі архіў вуснай гісторыі запрашае студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку магістрантаў, а таксама навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў да ўдзелу ў конкурсе «Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі».

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС — буйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі Беларусі, хаця і здарылася яна на тэрыторыі Украіны. Катастрофа і яе наступствы з гадамі перастаюць быць пытаннем сённяшняга дня і пераходзяць ў сферу палітыкі памяці. У 2016 годзе споўніцца ўжо 30 гадоў ад аварыі на ЧАЭС.

Чарнобыльская катастрофа працягваецца і будзе працягвацца яшчэ вельмі доўга (перыяд паўраспаду плутонію-239 складае 24 360 гадоў). Пра яе напісана даволі шмат журналісцкіх артыкулаў і публіцыстычных кніг, апублікавана мемуараў, знята фільмаў, праведзены (хаця і не вычарпальныя) біялагічныя і медыцынскія даследаванні, створаны дысертацыі па сацыялогіі. Але гісторыкі Беларусі пакуль звяртаюць на звязаныя з Чарнобыльскай катастрофай падзеі мала ўвагі.

Мы прапануем у даследаванні тэмы аварыі на Чарнобыльскай АЭС звярнуцца да вусных успамінаў. Гэта значыць, да сведчанняў людзей пра падзеі 1986 года і тыя змены і наступствы, якія прынесла ў жыццё беларусаў гэтая катастрофа. Найбольш агульна праблемнае поле можна апісаць наступным чынам.

1. Жыццёвыя шляхі беларусаў і Чарнобыль. Як паўплывала катастрофа і яе наступствы на паўсядзённае жыццё людзей: тых, хто застаўся на забруджаных тэрыторыях, тых, хто з’ехаў і пачынаў новае жыццё ў іншым месцы, тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі, яе наступстваў, і іх сем’яў? Якія жыццёвыя стратэгіі яны абіралі? Як вызначаюцца чарнобыльскія падзеі ў жыццёвых апісаннях і ўспрыняцці свету, краіны, сябе?

2. Культурныя і сацыяльныя змены пад уплывам Чарнобыльскай катастрофы. Якія новыя сацыяльныя групы і стасункі ў зніклі пасля катастрофы? Якім было і ёсць зараз стаўленне да «перасяленцаў», «ліквідатараў»? Што адбывалася з традыцыйнай культурай забруджаных раёнаў? Як адбіваецца катастрофа на сучасным вобразе і культуры Беларусі?

3. Інстытуцыйныя і палітычныя змены ў беларускім грамадстве пасля чарнобыльскай катастрофы. Як паўставалі новыя палітычныя і сацыяльныя практыкі, рухі і групы пасля катастрофы (эколагі, сацыяльная дапамога, праграмы аздараўлення)? Якія заканатворчыя і палітычныя ініцыятывы паўставалі, дзейнічалі, адмяняліся?  Як да гэтага ставіліся ліквідатары, перасяленцы і людзі, што засталіся на забруджанай тэрыторыі?

4. Невядомыя старонкі і белыя плямы ў гісторыі Чарнобыльскай катастрофы. Як адбывалася адсяленне, якія версіі прапанавала ўлада і што было насамрэч? Хто і як ішоў у ліквідатары? Як працавалі праграмы падтрымкі і дапамогі? Як захоўваецца памяць, ці скажаецца яна, ці патрабуюцца дадатковыя высілкі для захавання?

Гэтым пералік магчымых тэм і пытанняў для конкурсных прац не вычэрпваецца. Ёсць яшчэ дзясяткі тэмаў, якія варта абмяркоўваць. Важна, каб пры падрыхтоўцы працы выкарыстоўваліся не толькі публікацыі ці архіўныя крыніцы, але і вусныя ўспаміны людзей, на лёс якіх паўплывала катастрофа.

Да разгляду прымаюцца працы, зробленыя не толькі ў рэчышчы вуснай гісторыі, але і сацыялогіі, паліталогіі, сацыяльна-культурнай антрапалогіі, гісторыі навукі (ў тым ліку прыродазнаўчых дысцыплін), даследчай журналістыкі. Галоўнае патрабаванне — конкурсная праца павінна грунтавацца на інтэрв'ю са сведкамі часу.

Тэрмін правядзення конкурсу — з 15 красавіка па 15 кастрычніка. Апошні тэрмін падачы прац — 15 кастрычніка 2015 года (вызначаецца па паштовым штэмпелі ці даце адсылкі электроннага ліста).

Конкурсная праца павінна ўключаць у сябе:

1. тэкст працы, напісаны галоўным чынам на падставе вусных успамінаў;

2. дадаткі (аўдыё- ці відэафайлы інтэрв'ю, апытальнік, анкеты рэспандэнтаў, копіі фотаздымкаў, дакументаў ды інш.).

Вынікі конкурсу будуць абвешчаны 15 лістапада 2015 года на сайце праекта«Беларускі архіў вуснай гісторыі»

Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы (галоўны прыз — ноўтбук).

Лепшыя працы будуць апублікаваныя, а іх аўтары запрошаны на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў, сацыёлагаў, палітолагаў.

Усе ўдзельнікі атрымаюць метадалагічную падтрымку (у т.л. навучанне) ад арганізатараў і неацэнны вопыт палявой працы.

Мы запрашаем прыняць удзел у навучальных семінарах па вуснай гісторыі, прапаноўваем навуковае куратарства (парады пры выбары тэмы і напісанні прац), дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні інтэрв'ю, у тым ліку выездаў у поле і экспедыцый (за кошт арганізатараў конкурсу), з забеспячэннем усіх неабходных тэхнічных сродкаў.

Сачыце за абвесткамі і навінамі на сайце: nashapamiac.org, а таксама глядзіце матэрыялы і метадычныя рэкамендацыі для напісання конкурснай работы ў спецыяльнай рубрыцы конкурсу.

Тэлефоны для сувязі: 8 044 5426672 (Уладзімір), 8 029 3583184 (Павел)

Электронны адрас: konkurs@nashapamiac.org

Натхнення і поспехаў!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость