15.06.2017 / 13:06

Напярэдадні сустрэчы бакоў Канвенцыі Эспа ў Мінску, дзе абмяркоўваецца пытанне Беларускай АЭС, на «ЭКСПА-2017» у Астане наш намеснік міністра энергетыкі паскардзіўся, што ніхто не жадае набываць энергію з будучай атамнай станцыі.

Неверагодна, але факт: у Астане праходзіць самая буйная міжнародная выстава, тэматычна завязаная на папулярызацыю аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) і пабудову энергетычнай незалежнасці на «зялёных» тэхналогіях. Як дэкларуе анонс, размешчаны на сайце выставы, з-за сусветнага эканамічнага крызісу, які звязаны з падзеннем цэн на традыцыйныя выкапнёвыя крыніцы энергетыкі, больш увагі надаецца выкарыстанню аднаўляльных крыніц энергіі. І «ЭКСПА-2017», лічаць арганізатары, — выдатная пляцоўка для дэманстрацыі дасягненняў у гэтай галіне.

Нягледзячы на, падавалася б, канкрэтную тэму выставы — ўстойлівае развіццё і «зялёныя» тэхналогіі ў энергетыцы, адзін з беларускіх дэлегатаў, намеснік міністра энергетыкі Вадзім Закрэўскі ў сваім выступленні не змог утрымацца, каб не ўзгадаць Беларускую АЭС.

«У нас няма магчымасцяў інтэграцыі ў сістэму энергетычнага абмену з Еўропай. Ёсць дамоўленасці з шэрагам электрасеткавых кампаній Польшчы, Францыі, Італіі, якія гатовы набываць электраэнергію ў нас на еўрапейскі рынак. Аднак рэгулюючае ўздзеянне, напрыклад, Міністэрства энергетыкі Польшчы, якое заяўляе, што «разрэжа» энергетычную сувязь з Беларуссю. Тое ж з іншымі краінамі... Уводзіцца тэрмін “брудная” электраэнергія, якая, між іншым, прысутнічае ва ўсіх вас, — абураецца чыноўнік. — Ува ўсіх вас ёсць атамныя станцыі, і вы імі карыстаецеся...»

Яшчэ адзін дэлегат нашай краіны, начальнік дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл Малашэнка ў сваім выступленні зазначыў пра эканамічную немэтазгоднасць маштабна ўкараняць устаноўкі па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ). Сваю заяву ён абгрунтоўвае тым, што затраты на АКЭ першапачаткова вышэй, чым на энергакрыніцы на вуглевадароднай сыравіне.

«Нават калі сабекошт электраэнергіі зраўняецца ці стане ніжэй на 10-20%, для краін з дастатковымі запасамі вуглевадародных рэсурсаў выгадней будзе выкарыстоўваць іх», — падкрэсліў начальнік дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

На яго погляд, толькі такім чынам можна гарантаваць работу прадпрыемстваў, наяўнасць працоўных месцаў і падаткавыя паступленні.

Для прарыву ўстойлівага развіцця і «зялёнай» эканомікі, якім сусветная супольнасць сёння надае асаблівую ўвагу, неабходны трансфер інавацыйных тэхналогій і стварэнне высокааплочваемых працоўных месцаў. Пры чым працоўных вакансій варта ствараць больш, чым скарачэнняў у энергетычнай галіне. З улікам, што неабходна будзе ўладкоўваць спецыялістаў, занятых у здабычы, перапрацоўцы, транспарціроўцы, а таксама ў сумежных галінах: машынабудаўніцтве і навуцы, якія звязаны з вуглевадародамі.

«Як толькі на постсавецкай прасторы і ў іншых краінах аднаўляльныя крыніцы энергіі пачнуць ствараць новыя працоўныя месцы і істотна павялічваць унутраны валавы прадукт, імгненна будзе прынятае адпаведнае палітычнае рашэнне, датычнае да «зялёнай» энергетыкі. І што выкарыстанне вуглевадародаў магчыма выключна для вытворчасці непаліўнай прадукцыі», — заявіў Міхаіл Малашэнка.

У той жа час намеснік міністра Вадзім Закрэўскі запэўніў, што ў Беларусі няма праблем з укараненнем аднаўляльных крыніц энергіі і жадаючых ўзводзіць такога кшталту крыніцы дастаткова. Настолькі дастаткова, што два гады таму давялося ўводзіць сістэму кваціравання і пераразмеркавання аб'ёмаў электрамагутнасцяў.

Аднак усё ж для дасягнення мэт устойлівага развіцця ад краін з высокім узроўнем развіцця ў безвугляроднай энергетыкі і эканоміцы нашы прадстаўнікі чакаюць інавацыйных тэхналогій. А таксама абмену вопытам з профільнымі спецыялістамі пра інтэграцыі аднаўляльных крыніц энергіі ў энергасістэму.

«Стасункі, абмеркаванні, узаемадзеянне, сумесная праца і рэалізацыя сумесных праектаў — адзіны правільны шлях для дасягнення мэт устойлівага развіцця», — сказаў напрыканцы выступу Міхаіл Малашэнка.

Автор:
Фотограф:
dcdn.lt, naviny.by, fuza.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость