16.04.2019 / 11:04

З 26 ліпеня па 11 жніўня фестываль урбан-арту Vulica Brasil адновіцца ў фармаце біенале і апране яшчэ некалькі сталічных будынкаў у фантастычныя ўборы, а ў фінале ўспыхне нейтроннай зоркай свята і весялосці на вуліцы Кастрычніцкай. Распавядаем першыя падрабязнасці пятай «Вуліцы».

Фестываль сёлета працягне пераўтвараць мінскія вуліцы ў мастацкія галерэі: рабіць муралы, скульптуры, графіці, творчыя інтэрвенцыі і нават мікра-стрыт-арт.

«У 2019 годзе мы пашырым геаграфічныя гарызонты, – кажа адна з заснавальніц «Вуліцы» Міла Котка. – Акрамя маладых і масцітых мастакоў з Бразіліі і Беларусі, упершыню запросім артыстаў і з іншых краін. Канкрэтныя імёны называць пакуль рана, але дакладна вядома, што сталыя сябры фестывалю блізнюкі OSGEMEOS ужо дадалі Мінск у сваё сусветнае арт-турнэ».

З Vulica Brasil працягвае працаваць бразільскі архітэктар Лаўрэнса Жыменэс з архітэктурнага бюро FGMF (Сан-Паўлу). У бліжэйшы час Мінская урбаністычная платформа пры яго куратарскай падтрымцы правядзе варкшоп, які натхніць беларускіх архітэктараў на смелыя ўрбаністычныя праекты.

«Мы завяжам сяброўства з новымі рэзідэнтамі Кастрычніцкай і разам паспрабуем зрабіць штосьці такое, за што паасобку ніхто не бярэцца, – працягвае Міла. – Праз творчыя, наватарскія, а дзесьці і crazy канцэпцыі (на мінулым фэсце мы насыпалі рэальны пляж) папрацуем над глабальнымі пытаннямі вуліцы: навігацыяй, асвятленнем, утылізацыяй смецця і экалагізацыяй. Дарэчы, калі ты маеш ідэю або хочаш далучыцца да архітэктурнай каманды, запісвайся на варкшоп ужо зараз.

Кожны этап фестывалю будзе пераасэнсаваны праз ідэі экалогіі і ўстойлівага развіцця. І не толькі ў тэорыі. Напрыклад, рэкламныя банеры мінуўшых фэстаў арганізатары не выкінулі ў сметніцу, а зрабілі з іх сумкі, гаманцы і іншыя эка-аксэсуары. На новае жыццё чакаюць і выкарыстаныя балоны з-пад фарбы. Задача на 2019 год — пакінуць як мага менш экалагічных слядоў. «Хочацца максімальна адмовіцца ад “пластыкавых” звычак. Гэта вельмі складана, але ў нас ёсць яшчэ чатыры месяцы, каб прыдумаць альтэрнатыву».

Фіналам фэсту традыцыйна стане свята на Кастрычніцкай вуліцы, якая пераўтворыцца ў пешаходную з 10 па 11 жніўня. Сёлета фестывальная тэрыторыя пашырыцца, дадасца некалькі новых спотаў, напрыклад, chill-зона, дзе падчас фестывалю можна будзе падрамаць пад гукі касмічнага эмбіенту. \

«Кожную сцэну мы плануем пераўтварыць у самастойны арт-аб’ект, таму ўжо зараз запрашаем мастакоў, музыкантаў і валанцёраў далучыцца да сям’і Vulica Brasil», – падагульняе Міла Котка. Дапамагчы арганізатарам фестывалю можна ўжо сёння, а можна дачакацца гарачага сезону. Калі цікава – запаўняй анкету валанцёра, альбо пішы на vul.brasil@gmail.com.

Фестываль ладзіцца пры афіцыйнай падтрымцы Пасольства Бразіліі, Мінгарвыканкама, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска. Прадзюсіраванне і куратарства – Gatos Produções. У 2019 годзе галоўнымі партнёрамі выступяць піваварная кампанія «Крыніца», Burn, Danone і культурны хаб Ok16. Юрыдычная падтрымка – адвакацкае бюро SPP.

 

***

Vulica Brasil – фестываль вулічнага мастацтва, у межах якога бразільскія і беларускія мастакі размалёўваюць сцены ў розных лакацыях Мінска, пераважна ў цэнтры, ствараючы муралы вышынёю ў некалькі паверхаў. Пачатак фэсту быў пакладзены ў 2014 годзе апантанасцю і настойлівасцю арганізатараў, якія ўпэўнілі Мінгарвыканкам упершыню афіцыйна сказаць «так» «манументальным мастацкім працам» на вуліцах горада.

У першую эдыцыю фестывалю давялося прывезці двух бразільскіх мастакоў і знайсці ім беларускіх калег, каб стварыць муралы, зрабіць выставу, прачытаць лекцыі і з’ездзіць у дзіцячы дом. А ў 2017 годзе фэст ужо пераўтварыўся ў вялікі крэатыўны “хаб”, які аб’ядноўвае мастакоў, архітэктараў, урбаністаў, эколагаў, прадпрымальнікаў, міністэрствы, Пасольскую місію і талаку валанцёраў.

За чатыры гады было створана 38 арт-аб’ектаў: на банках, заводах, офісных будынках, жылых дамах, трамваях, вагонах метро, мастах; некалькі скульптур і архітэктурных канструкцый. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы фестывалю Кастрычніцкая вуліца стала адной з славутасцей Мінска і прывабнай турыстычнай атракцыяй.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость