Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі з ЗША ў публікацыі, якая з’явілася ў часопісе «The Auk: Ornithological Advances», піша Дзмітрый Вінчэўскі на birdwatch.by.
Параўнанне даўжыні целамераў — структур на канцах храмасом, якія скарачаюць сваю даўжыню з часам і сведчаць аб біялагічным узросце арганізма, — паміж прадстаўнікамі аднаго віду, якія мігрыруюць і застаюцца на зіму ў месцах гнездавання, паказала, што ў пералётных птушак таго ж узросту целамеры карацейшыя.
Сезонныя міграцыі дазваляюць птушкам гнездаваць там, дзе шмат адпаведнай для іх ежы з’яўляецца вясной і летам, і пазбягаць праблем з амаль бяскормнымі восенню і зімой. Аднак далёкія міграцыі — няпростая для птушак справа.
Навукоўцы параўналі целамеры ў мігрыруючых і аселых прадстаўнікоў аднаго віду — чорнавокага юнка (Junco hyemalis). Эксперты параўноўвалі кроў ад 11 пералётных і 21 аселых юнка з Вірджыніі. Каб розны каляндарны ўзрост птушак не перашкодзіў у параўнанні, генетычны матэрыял браўся толькі ад птушак аднаго ўзросту.
Вынікі паказалі, што целамеры значна карацейшыя менавіта ў тых птушак, якія мігрыравалі.
У часе кожнага дзялення любой клеткі ў арганізме мы страчваем частку ДНК на канцах храмасом. Гэтыя канцавыя некадуючыя інфармацыю ахоўныя ўчасткі і ёсць целамеры. Калі яны становяцца нейкай вызначанай даўжыні, клетка не можа больш дзяліцца і памірае. Удзеянне стрэса таксама вядзе да ўкарачвання целамер.
Калі міграцыі прыводзяць да такога значнага стрэсу, чаму птушкі не адмаўляюцца ад іх? Хутчэй за ўсё негатыўныя кошты міграцыі кампенсуюцца лепшымі рэпрадуктыўнымі паказчыкамі на поўначы.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікі распавялі пра праблемы брытанскіх зязюль на пералётных шляхах