У сямнаццаці украінскіх гарадах прайшоў Марш за правы жывёлаў

Украінцы выйшлі на вуліцы, каб звярнуць увагу на жудасны стан з правамі жывёлаў у краіне. Чаго ждабіваюцца зоаабаронцы, і як прайшоў марш? Чытайце ў аглядзе Зялёнага партала.

У Кіеве на марш выйшла каля тысячы чалавек. Шмат хто трымаў у руках плакаты, якія дапамагалі больш яскрава агучыць палітычную пазіцыю.

Аўтар фота – Громадське

Шмат хто прыходзіў на марш разам са сваімі хатнімі жывёламі. Так, напрыклад, спявачка Джамала прыйшла з сабакам.

Аўтар фота – Громадське

Арганізатары Марша кажуць, што гэтая падзея мусіць аб’яднаць зоаабарончую супольнасць і стаць своеасаблівым зваротам да ўладаў і грамадскасці, заявай аб тым, што тысячы людзей па ўсёй Украіне гатовыя змагацца за гуманнасць і правы жывёлаў.

Аўтар фота – Uanimals

Мы выйдзем для таго, как каб пакласці канец здзекам з жывёлаў у цырках і забаўляльнай сферы, заклікаць уладу ўкараніць дзейныя механізмы барацьбы з жывадзёрамі і садыстамі, звярнуць увагу людзей на гуманнае стаўленне да жывёлаў. Мы стаміліся слухаць пустыя абяцанкі і глядзець на бяздзейнасць праваахоўных ворганаў. Правы жывёлаў – гэта не пустыя словы ў законе, абарона і адказнасць”.

Ініцыявала Марш зоаабарончая ініцыятыва UAnimals. Больш чым за тыдзень да мерапрыемства ў сацыяльных сетках з’явіліся заклікі да ўкраінцаў выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў  ў прызначаны дзень і час (нядзеля, 15 кастрычніка, 12:00).

Аўтар фота – Uanimals

Актывісткі і актывісты загадзя распрацавалі плакаты, з якімі ў выніку выйшлі на Марш.

Аўтар фота – Дар’я Урвачова

Украінскі Марш за правы жывёл – гэта не просто цікавае мерыпраемства “за ўсё добрае супраць усяго кепскага”. Ён заявіў канкрэтныя мэты і выставіў канкрэтныя патрабаванні да заканадаўчых і іншых дзяржаўных ворганаў краіны. Так, пастаўлена мэта да 2025-га года дасягнуць наступнага:

  • Дакладнага вызначэння праў ўласнасці на жывёлу і пазбаўлення такога права ў выніку жорсткага абыходжання для забеспячэння адказнасці ўладальнікаў і ўладальніц.
  • Спрыяння стварэнню зоапаліцыі і суправаджэнню ва Украіне дзеючай сістэмы кантролю і пакарання за жорсткае абыходжанне з жывёламі.
  • Забароны выкарыстання жывёлаў у цырках і дэльфінарыях.
  • Забароны эксплуатацыі жывёлаў для жабравання і фотапаслуг.
  • Забароны стварэння і функцыянавання прытравачных станцый (прытравачная станцыя – гэта месца, дзе ўтрымліваюць хатніх і дзікіх жывёлаў для таго, каб натраўліваць на іх сабак. Нярэдка вынікам становіцца смерць ахвяры. Калі жывёла не памірае адразу, неабходная ветэрынарная дапамога ёй не аказваецца).
  • Адмовы ад выкарыстання жывёлаў для медычных і іншых эксперыментаў.
  • Развіцця рэабілітацыі жывёлаў і цэнтраў утрымання жывёлаў, якія пацярпелі ад чалавека і ягонай дзейнасці.
  • Перашкаджэння дзейнасці футраных ферм і развіцця футранай індустрыі.
  • Перашкаджэння дзейнасці жывадзёраў-догхантэраў.
  • Спынення праграм масавага забойства і эўтаназіі бяздомных жывёлаў ва украінскіх гарадах.
  • Унясення ласёў і іншых дзікіх жывёлаў прыроднага арэалу Украіны, якія знаходзяцца на мяжы знікнення, у “Чырвоную кнігу”.

Аўтар фота – Дар’я Урвачова

Напярэдадні маршу на сайце “Украінская праўда. Жыццё” выйшла інтэрв’ю з дырэктарам украінскага дзяржаўнай цыркавой кампаніі Украіны Сяргеем Кабаковым. Ён распавёў, што агулам у цырках гэтага прадпрыемства задзейнічаюць 297 жывёлаў, і што не існуе ва Украіне ніводнага кантралюючага воргана, які сачыў бы за тым, у якіх умовах утрымліваюцца і выступаюць жывёлы ў цырках. Сяргей Кабакоў упэўнены, што перш, чым казаць пра поўную забарону выкарыстання жывёлаў у цыркавых нумарах, трэба стварыць такую інстанцыю, якая будзе кантраляваць, наколькі пакутуюць ці не пакутуюць жывёлы.

Аўтар фота – Ірына Андрэйціў

Што тычыцца ўласна забароны, дык тут пазіцыя спадара Кабакова не надта суцяшальная для зоаабаронцаў, хоць і даволі прадказальная: “Цырк заўжды спакон вякоў быў з жывёламі. Ён прывучаў іх любіць. Мы, як структура, і наш народ яшчэ не гатовыя да таго, каб спыніць цырк з жывёламі”.

Тым не менш, кіраўнік дзяржаўнай установы сцвярджае, што гатовы падтрымаць забарону так званых цыркаў-шапіто, асабліва прыватных.

З заканадаўчымі ініцыятывамі ў галіне абароны жывёлаў ва Украіне ўсё, і праўда, складана. Зусім нядаўна дэпутаты Кіеўскага гарадскога савету прынялі рашэнне звярнуцца ў Вярхоўную Раду з прапановай ўнесці змяненні ў закон аб Нацыянальнай паліцыі, дапоўніўшы яго пунктам пра стварэнне зоапаліцыі: “З мэтай абароны хатніх і бяздомных жывёлаў ад жорсткага абыходжання і папярэджання нападу агрэсіўных жывёлаў на людзей акурат і неабходна стварыць зоапаліцыю”.

Аўтар фота – Дар’я Урвачова

Ініцыятыва падтрымалі 77 дэпутатаў, але ў выніку ў ведамстве патлумачылі, што на дадзены момант магчымасць стварэння зоапаліцыі не прадугледжана законам Украіны і патрабуе рэгламентацыі нарматыўна-прававымі актамі.

Увогуле, літаральна некалькі месяцаў таму Вярхоўная Рада ухваліла законапраект пра змены да заканадаўства, што да гуманнага стаўлення да жывёлаў. Законапраект падтрымалі 257 народных дэпутатаў, і цяпер закон прадугледжвае значна большыя памеры штрафаў за жорсткае абыходжанне з жывёламі, чым раней. А калі злачынства здзейснена ў прысутнасці малалетніх, дык прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 3-5 гадоў альбо пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

Аўтар фота – Павал Паламарчук, zaxid.net

Але самае галоўнае – у закон унеслі новы пункт: “Здзек з жывёлаў, учынены з асаблівай жорсткасцю, альбо калі ён прывёў да калецтва альбо смерці жывёлы, альбо учынены групай асобаў, караецца пазбаўленнем волі на 5-8 гадоў.”

Тым не менш, заабаронцы не спяшаюцца радавацца падобным зменам, бо на практыцы ўсё застаецца, як і было: догхантэры адстрэльваюць сабак наўпрост на вуліцах, садысты здзекуюцца з жывёлаў проста дзеля забавы, кіроўцы збіваюць жывёл і з’язджаюць, пакідаючы іх на доўгую і пакутлівую смерць, і прыцягнуць іх усіх да фактычнай адказнасці амаль немагчыма.

Аўтар фота – Павал Паламарчук, zaxid.net

Аўтар фота – Павал Паламарчук, zaxid.net

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 16.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.