16.11.2017 / 19:11

Аўгіня Манцэвіч і яе муж Верасень ужо шосты год жывуць за горадам, і зусім нядаўна яны стварылі партал “Даўншыфцер” для тых, хто таксама пераехаў у вёску альбо толькі плануе гэта рабіць.

Зялёны партал распытаў Аўгінню і пра сайт, і пра ўласна вясковае жыццё.

- Чыя ўвогуле была ідэя стварыць партал?

- Муж кажа, што гэта яго ідэя, а я ўжо дакладна не памятаю, але веру яму, то і не спрачаюся. Мы даўно хацелі, каб было нейкае месца, дзе можна збіраць усю інфармацыю пра тое, як розныя рэчы рабіць на вёсцы. Гэта ж карысна для тых людзей, якія толькі пераехалі, і не ведаюць, як рабіць тое і іншае.

Мы і самі з такімі праблемамі сутыкаліся спачатку – не ведалі, як печку паліць, як абіраць хату і на што ўвогуле звяртаць увагу. Мы і дагэтуль з рознымі падобнымі рэчамі сутыкаемся, і таму вырашылі дзяліцца сваім досведам, каб іншым людзям было прасцей. Ды і каб іншыя дзяліліся ўласным дасведам таксама, і каб было такое месца, дзе сабраная ўся інфармацыя для тых, хто хоча пераехаць на вёску.

- А не было б лепей зрабіць проста адпаведную рубрыку на чужым сайце?

- Па-першае, мы хацелі мець сваю справу. Хацелі ствараць штосьці самі, а не працаваць на іншых. Па-другое, мы бачым, што тэма пераезду на вёску ўсё больш і больш становіцца запатрабаванай. І не толькі экалагічныя пытанні паўсядзённага жыцця, а менавіта аспекты пераезду і ўладкавання на месцы.

Калі мы пераехалі, гэта ж былі літаральна адзінкавыя выпадкі, і людзі ставіліся да даўншыфцінгу вельмі скептычна. Цяпер жа ўсё спакойней і спакойней – бачна па каментарах, што людзі ўжо не так варожа ставяцца. І мы зразумелі, што ёсць пэўная аўдыторыя, і ёсць патрэба ў адпаведным сайце.

Гісторыі пераезду ў вёску і на іншых сайтах збіраюць шмат праглядаў і каментароў, так што вырашылі зрабіць месца, дзе ўсё будзе сабрана разам. Магчыма, з часам у нас атрымаецца зрабіць такую супольнасць, дзе людзі змогуць збірацца разам, раіцца адно з адным, сябраваць “у рэальным жыцці”.

- Як вы самі пераязжалі ў вёску?

- Гэта адбылося вельмі хутка – як толькі набылі хату, на другі дзень ужо зладзілі наваселле і перасяліліся проста ў тыя ўмовы, якія тут былі. А паляпшаем умовы, дарэчы, дагэтуль.

Атрымалася ж як? Мы пераехалі ў вёску акрамя пасля вялікага падарожжа па Амерыках, і ў якіх толькі ўмовах мы там не спыняліся на начоўкі – і ў гаражах спалі на нейкіх каробках, і на закінутых заправачных станцыях. Так што калі мы набылі тут гэтую хату, для нас гэта быў проста рай на Зямлі, нягледзячы на тое, што ўмовы былі так сабе – гэта была простая старая вясковая хата, у якой некалькі гадоў ніхто не жыў. Але гэта цяпер, сённяшнім розумам разумею, што ўмовы першапачаткова былі не надта добрыя, а тады яны падаваліся проста шыкоўнымі.

Увогуле, мы абіралі не хату, а месца. І калі мы ўбачылі гэтыя мясціны, дык дамовіліся з гаспадыняй, што будзем купляць хату, нават не бачыўшы яе ўсярэдзіне. Краявіды вельмі запалі нам у душу. Перад афармленнем дакументаў мы, канечне, усё ж паглядзелі хату, але і да гэтага былі ўпэўненыя ўва ўласным выбары.

Спакусы вярнуцца да гарадскога жыцця ніколі не было. Мы часта жартуем, калі прачытаем дзесьці артыкул пра людзей, якія пераехалі на вёску, дык у каментарах абавязкова хтосьці піша “ну, гэта да першай зімы”. Гэта такая класічная рэакцыя, але на самой справе зімой вельмі проста тут жыць – тапі сабе печку, і будзе нават цяплей, чым у горадзе.  Бывае, канечне, што хочацца на нейкую тусоўку, але гэта ж не праблема – селі і паехалі на канцэрт ці яшчэ куды-небудзь і вярнуліся. Доўга нават і не хочацца быць у горадзе. Ад Валожына, дарэчы, да нас дваццаць кіламетраў, а ад МКАДу – восемдзесят чатыры.

- Ці будуць на сайце расповеды пра няўдачы? Ва ўсяго ж ёсць адваротны бок.

- Калі мы збіраем гісторыі людзей, якія пераехалі жыць у вёску, заўжды задаем ім пытанне, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца. Напэўна, большасць матэрыялаў і будзе звязана з тымі ці іншымі праблемнымі момантамі. Узяць тыя ж экалагічныя пытанні – калі жывеш у вёсцы, даводзіцца больш удумліва ставіцца да навакольнага асяроддзя, бо яно літаральна ў цябе за вакном, і ты яскрава бачыш, як твой лад жыцця на ім адбіваецца. У горадзе брудная вада проста знікае ў трубах, і ты пра яе асабліва не думаеш, а тут трэба пастаянна думаць, як правільна зрабіць каналізацыю, якія сродкі лепш ужываць, як увогуле даглядаць падворак. Калі ж зрабіць увесь двор газонам, дык не будзе пчол, бо не будзе кветак. А нам, напрыклад, важна зрабіць наваколе, у якім змогуць жыць пчолы. У вёсцы ўвогуле даводзіцца самім будаваць экасістэму вакол сябе.

На партале мы хочам захаваць баланс і паказаць, што ёсць людзі, якія бягуць ад цывілізацыі і ўвогуле грашыма і электрычнасцю не карыстаюцца, і ёсць людзі, якія сабе праводзяць інфрачырвонае ацяпленне ў доме, і ў іх тое ж атапленне рэгулюецца праз смартфон, - яны, выязжаючы з горада, заходзяць у адмысловае прылажэнне і запускаюць прагрэў хаты, а калі даязжаюць дамоў, дык там ужо цёпла. Мы хочам паказаць, што ёсць роныя стылі жыцця, і кожны стыль мае права на існаванне, і што ўсе самі абіраюць, як ім жыць, а адзінага правільнага варыянту проста не існуе.

- Вы вось пішаце, што адмовіліся шмат ад якой побытавай хіміі, замяніўшы яе на натуральныя сродкі. Але той жа мыльны гарэх трэба везці здалёк, і гэта таксама негатыўна ўплывае на экалогію. Чым вы кіруецеся, калі абіраеце, чым карыстацца, а чым – не?

- Я ведаю, што ўсе сродкі для мыцця, якія я ўжываю, выл’юцца ў выніку на мой жа падворак, таму найперш я клапачуся пра тое, каб яны не наносілі шкоду. Таксама мне важна, каб па магчымасці гэта і праўда было штосьці мясцовае, бо калі прадукт прывозіцца, гэта цягне затраты на палева і іншыя рэчы. Мыльным гарэхам, дарэчы, я ўсё менш і менш карыстаюся і паступова пераходжу на соду, гарчыцу. Адсочваю, якія з’яўляюцца на рынку экалагічныя сродкі, і часам іх таксама набываю, калі бачу, што гэта мае сэнс у маёй канкрэтнай сітуацыі.

І на ўпакоўку гляжу, каб яна таксама была экалагічнай. Напрыклад, калі малако ў краме набываю, дык гляжу, канечне, на ягоную тлустасць, але калі ёсць выбар набыць малако з жаданай тлустасцю і ў кепскім пакунку ці не з той тлустасцю, затое ва ўпакоўцы, якая будзе перапрацавана, я абяру тое, чый пакет (бутэльку) перапрацуюць.

Але я разумею, што нічога катастрафічнага не здарыцца, калі я адзін раз скарыстаюся чымсьці шкодным. Аднак, калі ў мяне ёсць магчымасць абіраць, дык я абіраю больш экалагічны варыянт.

- Дадатковых побытавых пытанняў, як бачна, і праўда шмат. У тым ліку і з-за іх шмат хто вагаецца і не можа зрабіць канчатковы выбар, з’язжаць з гораду ці не. Што вы параіце тым, хто ніяк не можа вызначыцца?

- У любой справе самае цяжкае – гэта зрабіць першы крок, так што я параіла б проста ўзяць і пераехаць. У Беларусі вельмі жыллё за горадам – можна набыць  хату ад адной да дзесяці тысяч даляраў без праблем. Шмат залежыць, канечне, ад стану будынку. У нашым рэгіёне (Валожыншчына) можна за тры тысячы набыць нармальную хату, у якую можна адразу заязжаць і жыць.

Мне здаецца, што тры тысячы даляраў – гэта тая сума, якую можна пазычыць, нават калі сам і не маеш. Не спадабаецца ў вёсцы – можна заўжды хату прадаць, ды яшчэ і даражэй. Я назіраю, што ў горадзе цэны на нерухомасць падаюць, а ў вёсцы ўсё ж паступова растуць, нават у крызісныя часы.

Ёсць яшчэ і  іншы варыянт – можна адзін сезон паспрабаваць пажыць у чыёй-небудзь хаце. Некаторыя ж узімку ўсё ж вяртаюцца ў горад, і вось у такіх людзей можна зняць хату на некалькі месяцаў. Гэта вельмі добра спосаб зразумець, ці зможа чалавек пражыць у вёсцы тую самую першую зіму, якой так пужаюць каментатары на сайтах.

Автор:
Фотограф:
з асабістага архіву гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость