17.03.2016 / 15:03

Напярэдадні «Гадзіны Зямлі» Таварыства «Зялёная сетка» запусціла конкурс сярод рэгіянальных арганізацый, ініцыятыў і актывістаў на правядзенне акцыі ў абласных цэнтрах і гарадах. У выніку арганізатары атрымалі 19 заявак з Гродна, Гомеля, Брэста, Полацка, Ваўкавыска, Баранавіч, Чаўсаў, Браслава і іншых. Нягледзячы на тое, што планавалася адабраць 6 ідэй да «Гадзіны Зямлі», было вырашана падтрымаць 8 заявак.

«"Гадзіна Зямлі" — гэта адна з самых глабальных і адначасова самая простая для разумення экалагічная акцыя. Мы ініцыявалі конкурс на яе правядзенне ў рэгіёнах для таго, каб не толькі Мінск быў не бачны з космасу 19 сакавіка, а каб і людзі з іншых гарадоў змаглі пераняць нашы ідэі. Нам не цікава навязваць акцыю там, дзе яна не патрэбная. Аднак пра гэта было складана меркаваць, пакуль мы не атрымалі такую вялікую колькасць заявак», — тлумачыць Ганна Дапшэвічуце, event-менеджэр Таварыства «Зялёная сетка»

Па ўмовах, удзельнікі конкурсу павінны былі не толькі праявіць сваё жаданне правесці што-небудзь у горадзе, але і дакладна распісаць ідэю, матывацыю, а таксама магчымых партнёраў, якія могуць аказаць падтрымку і дапамогу і ў час падрыхтоўкі, і непасрэдна ў час акцыі.

«Мы атрымалі заяўкі з усіх абласцей, як з буйных, так і малых гарадоў. Увогуле мы планавалі падтрымаць 6 заявак, але па выніку далі згоду 8 удзельнікам. Пераможцы атрымалі магчымасць арганізаваць акцыю ў сваім горадзе пры падтрымцы Зялёнай сеткі. Мы плануем расказаць пра іх міжнарожным арганізатарам акцыі», — кажа Ганна.

Як яшчэ адзначаюць арганізатары конкурсу, было прыемна і тое, што шмат заявак паступіла ад абсалютна новых ініцыятыў і актывістаў. Так, упершыню «Гадзіну Зямлі» правядуць у Віцебску прычым адразу на трох пляцоўках.

«У аснове нашай ідэі ляжыць мэта прывабіць да акцыі гараджан трох пакаленняў: дзяцей, моладзь і людзей актыўнага ўзросту, — дзеліцца Аксана Кузіна, мясцовы арганізатар, дырэктар культурна-асветніцкай установы «Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў ''Прастора''». — Дзеля гэтага мы арганізуем тры пляцоўкі з культурнымі мерапрыемствамі, у рамках якіх распавядзем пра акцыю і яе сутнасць».

Пляцоўкай для дзяцей стане Беларускі тэатр «Лялька», дзе 19 сакавіка адбудзецца прэм'ера спектакля «Умка». Аднак, яшчэ да пачатку прэм'ернага будзе разыграны міні-спектакль, прысвечаны «Гадзіне Зямлі». Для моладзі ў арт-пабе «Torvald» сыграюць акустычны канцэрт. Для неабыякавых да гарадскіх праблем у гэты ж дзень адбудзецца лекцыя ўрбаніста Зміцера Бібікава.

Па словах Аксаны, у маі ў Віцебску павінны адбыцца ўрбаністычны форум «Прастора», тэмай якога стане «Зялёны квартал». Ён павінны стаць кропкай збору праектаў і зацікаўленых людзей, для якіх горад больш, чым сістэма вуліц і забудоў, а ў першую чаргу гэта яго жыхары, якія жывуць у прыязным і камфортным асяроддзі. Таму камандзе форума тэма экалогіі таксама неабыякава.

«Ідэя выключыць святло ў гарадах на адну гадзіну — гэта магчымасць вярнуць гараджанам зорнае неба як неаб'емную частку культуры чалавецтва. Бо дзякуючы яму чалавек адкрываў новыя землі, абапіраючыся на зорную мапу, марыў пра касмічныя падарожжы, прысвячаў небу свае творы. У межах акцыі з 20.30 да 21.30 у Віцебску плануецца адключыць рэкламную падсветку культурна-гістарычных аб'ектаў на вуліцы Леніна — Ратушы і Ускрэсенскай царквы», — кажа Аксана.

У Баранавічах арганізатарам акцыі выступае Эколага-краязнаўчае аб'яднанне «Неруш», для якіх «Гадзіна Зямлі» ўжо з'яўляецца традыцыйнай. І па словах Уладзіміра Зуева, старшыні аб'яднання, з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць у горадзе, усё большая колькасць людзей і арганізацый далучаецца да акцыі.

«У 2016 годзе Баранавічы сталі «моладзевай сталіцай» Беларусі. І ў аснову нашай заяўкі якраз лягла ініцыятыва студэнтаў Баранавіцкага ўніверсітэта», — зазначыў ён.

З Гомеля заяўка паступіла ад «Цэнтра рэгіянальнага развіцця ГДФ», які таксама ўжо не першы раз падтрымлівае «Гадзіну Зямлі». У гэты годзе ў горадзе арганізуецца кінапрагляд, у гандлёвым цэнтры «Сакрэт» адбудзецца вогненна-светавое шоў. Традыцыйна праз «Сильные новости» кожны жадаючы можа пакінуць свой след на спецыяльнай карце праз смс. Навінкай стала светавая заглушка на сайце, якая дазваляе пагуляцца з віртуальным ліхтарыкам, што нагадвае пра адключэнне святла 19 сакавіка.

Акрамя Мінска, «Гадзіна Зямлі» пройдзе ў Гомелі, Гродне, Брэсце, Пінску, Баранавічах, Браславе, Чаўсах і Віцебску. Больш падрабязную праграму мерапрыемстваў можна паглядзець на Зялёным партале.

«Дзякуй усім удзельнікам конкурсу, нам было несумна і цікава. У бліжэйшы час мы плануем паўтараць такога кшталту конкурсы па іншых акцыях Таварыства ''Зялёная сетка''», — рэзюмуе Ганна Дапшэвічуце.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость