17.05.2017 / 12:05

У канцы жніўня 2016 года ў паўднёваафрыканскім Кейптаўне прайшла адна з сесій Міжнароднага геалагічнага кангрэса. Гэтую падзею не асабліва асвятлялі сродкі масавай інфармацыі, аднак даклад, які прагучаў на кангрэсе, сваім зместам далёка выходзіць па-за межы геалогіі як навукі. Сусветнавядомыя вучоныя прынялі рашэнне лічыць час, пачынаючы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя АНТРАПАЦЭНАМ — новай геалагічнай эпохай, вызначальную ролю ў якой адыгрывае чалавек.

Як жменька людзей пачала змяняць цэлую планету

Чалавек — зусім маленькая казурка на зямным шары. Калі ўсе сем мільярдаў людзей, што насяляюць Зямлю, шчыльна пакласці адзін каля другога, то выйдзе «кубік» з бокам усяго ў два кіламетры. Напрыклад, біямаса мільёнаў відаў насякомых, што насяляюць планету, большая ў некалькі соцень (!) разоў.

Між тым, уплыў чалавека на прыроду стаў настолькі вялікім, што вучоныя кажуць — нават калі б проста цяпер усе людзі зніклі з планеты, у геалагічных слаях нават ў Антарктыдзе ўжо застанецца слой адкладанняў, які будзе сведчыць пра існаванне homo sapiens.

Аднак праблема, насамрэч, не ў тонкім слоі геалагічнай пароды. Чалавек як від сфарміраваўся каля 200 тысяч гадоў таму і выйшаў з Афрыкі 120 тысяч гадоў таму. За некалькі дзясяткаў тысяч гадоў людзі засялілі ўвесь свет, выключаючы, хіба што, Антарктыду. Для прадстаўнікоў новага віду не было перашкодаў у выглядзе леднікоў або марскіх праліваў. З нейкай тысячнай спробы людзі пераплылі і Ла-Манш і Берынгаў праліў, дабраліся і да Аўстраліі і да бясконца далёкага вострава Пасхі. І ўжо тады — 40 тысяч гадоў таму, чалавек пачаў незваротна змяняць жыццё на планеце.

Як маглі некалькі соцень паляўнічых з каменнымі прыладамі працы ды сабакай дзінга паўплываць на фаўну цэлага кантынента, спытаеце вы? А вельмі проста. Вучоныя палічылі, што нават калі адно племя толькі адзін раз на год забівала аднаго дзіпратадона (сумчатая жывёла памерам з бегемота), то астатнія непазбежна павінны былі знікнуць за некалькі соцень гадоў. Або, напрыклад, ніякія сумчатыя ваўкі не маглі супернічаць з беглымі ад людзей сабакамі дзінга, якія хутка рассяліліся па ўсёй Аўстраліі.

Нашыя ўнукі, магчыма, будуць бачыць каштаны толькі на карцінках

Гэта было тысячы гадоў таму, а цяпер гэтыя працэсы набралі фантастычны тэмп. Цяпер любая жывёла або расліна можа быць дастаўлена чалавекам на іншы кантынент літаральна за некалькі гадзін. А жывёла, вырваная са звайго звычайнага асяроддзя, не мае на новай тэрыторыі натуральных ворагаў і аўтаматычна аказваецца на вяршыні харчовага ланцуга, або проста выціскае эндэмічныя віды. Напрыклад, паўночна-амерыканская андатра дзякучы чалавеку засяліла Беларусь літаральна за 70 гадоў. Яна мае каштоўны мех, але наносіць шкоду запасам рыбы і вялікімі норамі разбурае гідратэхнічныя збудаванні.

Амерыканскі сігнальны рак вось ужо 15 гадоў выціскае з Нёмана нашага традыцыйнага шырокапалага рака, а пра каларадскага жука і гаварыць няма чаго.

А вось некалькі адваротных прыкладаў. Бяскрыўдны грыбок еўрапейскіх кажаноў, занесены ў Паўночную Амерыку, знішчыў за апошнія сем гадоў дзясяткі мільёнаў амерыканскіх кажаноў розных відаў. Ад пачатку ХХ ст. гніласны грыбок, прывезены з Японіі, знішчыў у ЗША больш за 4 мільярды (!) амерыканскіх каштанаў. Нешта падобнае, дарэчы, адбываецца цяпер і з каштанамі ў Беларусі. Не выключана, што нашыя ўнукі змогуць пабачыць каштаны толькі на карцінках.

Свет, дзякуючы чалавеку, стаў вельмі маленькім. Можна сказаць, што ўсе кантыненты ізноў аб’ядналіся ў адзін. Яны больш не аддзеленыя акіянамі і імкнуцца да прыроднай аднастайнасці.

Але чалавек не толькі мяняе фаўну, ён змяняе і самое прыроднае асяроддзе. Напрыклад, выкіды вуглякіслага газу не толькі прыводзяць да так званага «парніковага эфекту», але і вядуць да змены кіслотнасці сусветнага акіяна. Пачынаючы з 1890 г. кіслотнасць вады ў акіянах павялічылася на 30%. Пры такіх тэмпах акіслення, як лічаць вучоныя, прыкладна праз 80 гадоў у свеце перастануць расці і праз некаторы час цалкам знікнуць каралы, у тым ліку і знакаміты Вялікі бар’ерны рыф.

Між тым каралы ўтвараюць самыя магутныя і адначасова далікатныя экасістэмы планеты. Толькі адных рыбаў тут жыве каля 1500 відаў, у тым ліку і самая вялікая рыба на Зямлі — кітовая акула. Таксама знікне і велізарная частка малюскаў, якая ў кіслай вадзе не зможа сфарміраваць свае ракавіны.

Наогул экасістэмы планеты намнога больш уражлівыя, чым нам можа падацца на першы погляд. Нават калі проста раздзяліць лес звычайнымі прасекамі — колькасць відаў жывых істотаў у ім ужо скарачаецца. Па аптымістычных падліках, сёння на планеце вырубаецца каля 1% лясоў штогод, гэта вядзе да скарачэння відавой разнастайнасці жывёлаў на 0,25%.

Адпаведна кожныя сто хвілін на Зямлі знікае нейкі від жывёлаў — насякомае, птушка ці нават млекакормячае.

Чаму арганізаванае чалавекам выміранне відаў на Зямлі называюць шостым?

За апошнія 500 мільёнаў гадоў фаўна планеты вымірала як мінімум пяць разоў. Адбывалася гэта па розных прычынах — жыццядзейнасць арганізмаў рабіла атмасферу планеты атрутнай, геалагічная дзейнасць прыводзіла да агульнапланетнай зімы, якая цягнулася дзясяткі тысяч гадоў, а 65 мільёнаў гадоў таму ў Мексіканскі заліў (які тады не быў ніякім Мексіканскім залівам, бо Мексікі не існавала) упаў метыярыт дыяметрам у 200 кіламетраў, ад уздзеяння якога мільёны жывёл проста выпарыліся, а дыназаўры вымерлі, саступіўшы месца млекакормячым.

Беларусь, канешне, глабальна ўцягнутая ў выміранне відаў і ўсё іншыя падобныя працэсы. Асваенне чалавекам прастораў краіны прывяло да знікнення ланяў, ляснога ката, дзікіх коней-тарпанаў, выхухалі (апошняй найбольш пагражае амерыканская норка) вельмі рэдка сустракаецца драфа, больш за сорак гадоў не бачылі на Гродзеншчыне расамаху.

Апошнім часам, у сувязі з тым, што чалавек пакідае сельскую мясцовасць, некаторыя жывёлы, асабліва птушкі, наадварот пачалі з’яўляцца ў Беларусі часцей. Але, гледзячы па ўсім, мы таксама яшчэ не ацанілі, наколькі шкодным з’яўляецца ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе.

Людзі па ўсім свеце толькі пачынаюць разумець, якую небяспеку стварылі для прыроды яны самыя. У самай трагічнай сітуацыі знаходзіцца Аўстралія, з яе далікатнай старажытнай экасістэмай. У абарону жывёлаў Аўстраліі ўцягнутыя ўсе жыхары краіны, нават дзеці дашкольнага ўзросту. Яны збіраюць небяспечных і атрутных для мясцовых жывёл жабаў, ахалоджваюць іх у халадзільніку (каб жабы шпалі ў анабіёз), а пасля забіваюць шляхам 12-гадзіннага трымання ў маразільніку.

Аднак пакуль свет імкліва ідзе да таго, каб «дзякуючы» чалавеку стать больш аднастайным і менш цікавым у біялагічным сэнсе. Відавочна, што маркерамі антрапацэну для будучых геолагаў будуць радыёактыўныя элементы, якія паўсталі пасля атамных выбухаў, вугляродныя выкіды электрастанцый, пластык, алюміній і мікраскапічныя кавалкі бетону. Невядома толькі, кім будуць гэтыя будучыя геолагі — разумнымі малюскамі, якія перажывуць чалавека, іншапланецянамі, якія прыляцяць паглядзець на пустынную Зямлю, або ўсё ж такі гэта будуць людзі, якія адумаюцца і перастануць так імкліва знішчаць уласную планету.

Автор:
Фотограф:
pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость