17.08.2017 / 15:08

Паводле дадзеных, апублікаваных Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, за першае паўгоддзе гэтага года за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства інспекцыя прыцягнула да адказнасці 698 службовых асобаў розных прадпрыемстваў і арганізацыяў. З гэтай колькасці больш за палову – 395 парушальнікаў - гэта супрацоўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі. Гомельскі Зялёны партал спрабуе разабрацца, хто і чаму парушае прыродаахоўныя законы ў сістэме Мінлясгаса і як пазбавіцца гэтай заганы.

 

Упартая статыстыка

Як адзначыла ў сваім каментары Гомельскаму Зялёнаму парталу спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч, асноўную колькасць парушэнняў прыродаахоўных патрабаванняў дапусцілі работнікі ляснога ведамства, якія носяць зялёныя кіцелі з шэўронамі "Дзяржаўная лясная ахова" – ляснічыя, майстры лесу, леснікі.

Пераважаюць парушэнні парадку рэалізацыі і транспартавання драўніны. Найчасцей, у транспартных сродках, якія спыняюць для праверкі інспектары, знаходзіцца не тая колькасць, альбо не тыя гатункі і дыяметры, а часам нават і не тая парода дрэваў, што ўказаныя ў суправаджальных дакументах, выпісаных лясніцтвамі і лясгасамі. Фіксаваліся выпадкі перавозкі драўніны ўвогуле без дакументаў.

Былі адзначаныя факты незаконных высечак, калі, напрыклад, дрэвы секлі далёка за межамі адведзенай лесасекі. Дапускаліся высечкі здаровых дрэваў там, дзе трэба было спілаваць толькі хворыя і сухія. Высякаліся дрэвы, што не дасягнулі яшчэ ўзросту спеласці. А ў адным з лясгасаў праз чатыры месяцы пасля сканчэння нарыхтоўкі бярозавіка нават не прыйшлі на дзялянку, дзе падсочвалі бярозы, – у сярэдзіне лета па лесе былі раскіданыя поліэтыленавыя пакеты, з дрэваў тырчэлі латкі, а адтуліны ў дрэвах не былі апрацаваныя належным чынам.

Таксама ў інспекцыі адзначаюць адсутнасць з боку лясной аховы належнага кантролю за дзеяннямі іншых лесакарыстальнікаў – прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, якім лясгасы дазваляюць праводзіць нарыхтоўку драўніны на тэрыторыі дзяржаўнага ляснога фонду.

Атрымліваецца, як у той прыказцы: самы галоўны злодзей – вартаўнік?! Дзяржавай функцыі аховы лясоў ускладзеныя менавіта на супрацоўнікаў лясной аховы. Але, як бачым, супрацоўнікі аніводнай іншай службы, якая мае судакрананне з аховай прыродных рэсурсаў, не дапускаюць самі такой колькасці парушэнняў патрабаванняў законаў, як супрацоўнікі лясной аховы. Чаму ж так адбываецца?

 

Калі ахоўваць? Трэба ж секчы!

Цяперашнія лясніцтвы, а адпаведна, і ляснічыя, іх памочнікі, майстры лесу, ляснікі – гэта не ахоўнікі. Гэта, найперш – гаспадарнікі. Каля 90% працоўнага часу ляснічага сёння займае арганізацыя і выкананне лесасечных работ. А гэта не толькі непасрэдна высечка лесу. Гэта і выпуск тэхнікі і кантроль яе спраўнасці, забеспячэнне і кантроль расходавання гаруча-змазачных матэрыялаў, гэта тэхніка бяспекі, тэхналагічныя прыёмы распрацоўкі лесасек, гэта дастаўка лесанарыхтоўчых брыгад да месца выканання работ і арганізацыя іх побытавых умоваў, гэта ўлік і водпуск нарыхтаванай драўніны, а часам і пошукі яе збыту, гэта складанне справаздач аб усіх гэтых накірунках і шмат чаго іншага. У сістэме лесанарыхтовак канцэрна «Беллеспаперапрам» ды прыватных прадпрыемстваў, звязаных з нарыхтоўкай драўніны – гэта асобны напрамак, якім займаюцца адмысловыя прадпрыемствы – леспрамгасы, з цэлым штатам спецыялістаў у галіне лесанарыхтовак.

У лясніцтвах усё гэта ляжыць на плячах некалькіх службоўцаў – найперш, ляснічага, а таксама майстроў лесу, якія непасрэдна кіруюць лесасечнымі работамі ў дзялянках. Прычым, адначасова ў абавязках таго ж самага майстра лесу яшчэ і ахова замацаванага за ім участка ад лесапарушэнняў, браканьерства, правядзенне адводаў дзялянак для розных відаў карыстання лесам, нагляд за распаўсюджваннем шкоднікаў і хваробаў лесу, арганізацыя і кантроль якасці пасадкі лесу, догляду за пасадкамі, мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі і хваробамі і г.д.

Ці магчыма аднаму чалавеку злучыць выкананне ўсяго гэтага адначасова? Пытанне рытарычнае, улічваючы, што, згодна з правіламі тэхнікі бяспекі, той жа майстар лесу не мае права ўвогуле адлучацца з месца выканання падначаленай яму брыгадай лесасечных работ, якія з’яўляюцца работамі падвышанай небяспекі. У разе цяжкага няшчаснага выпадку адсутнасць непасрэднага кіраўніка работамі на дзялянцы можа цягнуць крымінальную адказнасць для яго.

Пра якую ж ахову лесу ў такім выпадку можа ісці размова? Атрымліваецца, што цэлая катэгорыя службовых асобаў дзяржаўнай лясной аховы фактычна цалкам выведзеная са справы аховы лесу і займаецца выключна яго эксплуатацыяй. А што ж іншыя?

Кіраўнікі лясніцтваў – ляснічыя, таксама ў асноўным пагружаныя ў выкананне плану нарыхтоўкі драўніны. У зоне іх адказнасці агульнае забеспячэнне работ. Ёсць яшчэ такая катэгорыя работнікаў, як памочнікі ляснічых. У іх прыкладна тыя ж абавязкі, што і ў ляснічых, але найперш яны адказныя за вядзенне дакументацыі лясніцтва. А яе аб’ём за апошнія гады моцна ўзрос. І памочнікам ляснічых папросту няма калі ўвогуле трапіць у лес – яны ў сваёй большасці ператварыліся ў чыста кабінетных работнікаў.

Дык хто ж тады ў сістэме Мінлясгасу ахоўвае лясы? Магчыма найніжэйшы ўзровень – леснікі? Магчыма! Вось толькі на гэтых пасадах у асноўным працуюць людзі, якія не маюць не толькі профільнай адукацыі, але часцяком і ўвогуле агульнай сярэдняй. Некаторыя не здольныя напісаць заяву на паступленне на працу, не тое, каб скласці матэрыялы адміністрацыйнай справы аб парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. Ды, зрэшты, на леснікоў, як на ахоўнае звяно, ніхто ў сістэме і не разлічвае. Гэта фактычна рознарабочыя, якім давяраюць выкананне работ найніжэйшай кваліфікацыі – усталяванне плакатаў, афарбоўку шлагбаўмаў, абгароджванне мурашнікаў альбо развешванне зробленых школьнікамі шпакоўняў. Нават, калі яны пабачылі, што ў лесе нешта не тое, ад іх патрабуюць усяго толькі абвесціць больш высокае кіраўніцтва. А кіраўніцтву, як бачым, не стае часу займацца тым, што не ўплывае на выкананне плана і прэміі.

 

Падзел функцыяў аховы і выкарыстання – мінлясгасаўскі пыл у вочы

А выкананне плана па нарыхтоўцы "кубоў" – справа сур’ёзная. Мінлясгас ужо шмат гадоў сцвярджае, што пазбавіў лясніцтвы працы на лесасечных работах. Пры гэтым ён цалкам відавочна крывадушнічае. Ён прылічвае да лесасечных работ толькі нарыхтоўку драўніны на высечках галоўнага карыстання. Сапраўды, гэтыя высечкі ўжо недзе з дзясятак гадоў таму пачалі выконваць спецыяльна створаныя ўчасткі ў так званай гасразліковай службе лясгасаў. Але высечкі догляду, санітарныя высечкі, іншыя высечкі па-ранейшаму знаходзяцца ў веданні лясніцтваў. І ўсе гэтыя высечкі, хоць і прамежкавае, але лесакарыстанне! І аб’ёмы, варта заўважыць, тут немалыя.

Аўтар гэтых радкоў сам адпрацаваў 11 гадоў ляснічым і ведае гэтую “кухню” знутры. З лясной гаспадаркі ў журналістыку я сыйшоў у 2010 годзе. У апошнія месяцы майго кіравання адным з лясніцтваў на Гомельшчыне план нарыхтовак, які штомесяц даводзіўся майму лясніцтву, быў блізка 1000 кубаметраў. Таму тое, што тут апісваю для мяне – асабісты боль. Сыйшоў я з прафесіі, якую ў юнацтве лічыў сваім пакліканнем, таму, што ўпэўніўся – займаюся зусім не тым пра што марыў і што малююць, апісваючы працу ляснічых розныя прафарыентацыйныя матэрыялы. І нейкіх зменаў тут не прадбачыцца.

Лічбы, якія апублікавала Дзяржінспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету – не навіна. Гэта сістэма. Так атрымліваецца не толькі ў 2017 годзе, але і раней, і, калі нічога не зменіцца, будзе і надалей. Тым не менш, у самім Міністэрстве лясной гаспадаркі ў гэтых лічбах і сітуацыі, якая выклікае такія паказчыкі, не бачаць нічога асабліва заганнага.

"Нашых людзей найбольш сярод прыцягнутых да адказнасці за прыродаахоўныя парушэнні таму, што ў нас і ўгоддзяў болей, чым у каго. Гэтыя парушэнні, як правіла не нясуць шкоды прыродзе, гэта проста парушэнні нарматыўных актаў, – гаворыць кансультант аддзелу кантрольна-рэвізійнай работы і дзяржкантролю за лесам Мінлясгаса Сяргей Чарняўскі, да якога нас выправіла прэс-служба ведамства. – Мы перыядычна разглядаем гэтыя парушэнні на нашых калегіях, прыцягваем работнікаў, якія іх дапусцілі да дысцыплінарнай адказнасці. Але, трэба разумець, што гэта не наўмысныя парушэнні, а дапушчаныя ў працэсе гаспадарчай дзейнасці".

Вось гэта, відаць, асноўны момант у меркаванні чыноўніка, на які варта звярнуць увагу. Сапраўды, супрацоўнікі лясной аховы вымушаныя весці гаспадарчую дзейнасць, падчас якой і адбываюцца парушэнні патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства. І пры гэтым, яны нібыта самі ад імя дзяржавы ахоўваюць тое, што самі ж і выкарыстоўваюць. Ці не бачыцца ў такім становішчы справаў нейкага парадоксу? Ці не час насамрэч падзяліць хаця б унутры ведамства функцыі кантроля і аховы і выкарыстання?

Зрэшты, размовы пра такі падзел вядуцца на працягу ўсёй гісторыі існавання незалежнай беларускай лясной гаспадаркі. Вось толькі справа далей размоваў так і не рухаецца. А наступствы такой сітуацыі ўсё горш і горш. Нягледзячы на аптымізм навукоўцаў, упэўнены, што тое ж апошняе распаўсюджванне караедаў, якое выспявала тры папярэднія гады і нарэшце выбухнула дзясяткамі тысяч гектараў саснякоў, якія трэба высекчы, – таксама вынік існуючай сітуацыі. Лясніцтвы з’яўляюцца асноўнымі лесанарыхтоўшчыкамі: паводле дадзеных Белстата, у 2015 годзе амаль 60% драўніны нарыхтавана менавіта на высечках догляду, санітарных ды іншых высечках. Лясной ахове папросту няма калі глядзець ні на шкоднікаў-насякомых, ні на шкодную дзейнасць чалавека. Лясная ахова сама не супраць нашкодзіць, бо на першым плане ў яе – кубаметры высечанай драўніны.

Сяргей Чарняўскі гаворыць, што магчыма, калісьці ўнутры ляснога ведамства і будзе прыняты падзел функцыяў аховы і выкарыстання, каб яны не былі засяроджаныя ў руках адных і тых жа людзей. Але пакуль – як ёсць, так ёсць.

Тым не менш, пытанне, ці з’яўляецца сапраўды лясной аховай тая служба, якая сёння апранутая дзяржавай у форму з надпісам на шэўроне «Дзяржаўная лясная ахова»,– адкрытае. І калі для Міністэрства лясной гаспадаркі больш важна нарыхтоўваць драўніну, чым ахоўваць лясы, як прыродныя аб’екты, то можа дзяржаве мае сэнс пакінуць гэтаму ведамству толькі спецвопратку вальшчыкаў лесу з памаранчавымі плячыма, а функцыі аховы лясоў ускласці на структуры, якія не залежаць ад кубатуры?

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы, wildlife.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость