17.10.2017 / 12:10

Як сцвярджаюць малочныя адмыслоўцы, пры няправільнай утылізацыі сыроваткі, шкода, якую 1 тона яе наносіць прыродзе, трапляючы ў асяроддзе, параўнальная са шкодай ад 100 кубаметраў побытавых адыходаў. 

Пілотная ініцыятыва праекту прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі «Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі», які фінансуецца Еўрасаюзам, рэалізаваная на хойніцкім участку сумнавядомага гомельскага прадпрыемства «Мілкавіта». Адгэтуль, як абацаюць гомельскія малочнікі, смярдзючая і небяспечная сыроватка не будзе трапляць у прыроднае асяроддзе. 

ПРААН прафінансавала грашыма Еўрасаюза набыццё на хойніцкі ўчастак «Мілкавіты» спецыяльнага фарсункавага распыляльніка, які дазваляе перапрацоўваць тварожную сыроватку ў запатрабаваны ў жывёлагадоўлі сухі канцэнтрат для выпайкі цялят. 

На Гомельшчыне, паводле дадзеных мясцовых малочнікаў, да цяперашняга часу перапрацоўваецца менш за 79% тварожнай сыроваткі. Астатняя – зліваецца ў каналізацыйную сістэму і трапляе на палі фільтрацыі ачыстных збудаванняў. 

Што робіцца ў такім выпадку на палях фільтрацыі, Гомельскі Зялёны партал распавядаў на прыкладзе Тураўскага малочнага камбіната. І гэта пры тым, што ТМК сам перапрацоўвае сваю сыроватку, атрымліваючы з яе мяккія сыры. Але ў тым, што застаецца, даволі шмат арганічных злучэнняў, якія раскладаючыся на ачыстных збудаваннях, ствараюць экалагічныя праблемы. 

Наколькі зменшацца выкіды на ачыстныя збудаванні непрыемных адыходаў малочнай вытворчасці з уводам перапрацоўкі ў Хойніках, на жаль, спецыялісты галіны пакуль не здолелі адказаць. Яны адзначылі толькі, што раней у вобласці перапрацоўвалася ў асноўным падсырная сыроватка. Вельмі кіслая – тварожная, ішла ў адыходы. Цяпер жа, у вытворчасць мяркуюць пусціць і тварожную сыроватку, бо новае абсталяванне патрабуе менш выдаткаў на яе раскісленне. Паводле разлікаў аб’ёмаў і глыбіні перапрацоўкі, цяпер у каналізацыю будзе трапляць толькі звычайная вада. Ды і яе плануюць выкарыстоўваць у вытворчасці.

 

Многія памятаюць леташні скандал з удзелам менавіта хойніцкага ўчастка «Мілкавіты». У красавіку 2016 года беларускі журналіст агенцтва Associated Press Юрась Карманаў набыў з фермы, размешчанай непадалёк ад зоны, адселенай пасля Чарнобыльскай аварыі, бутэльку малака. Гэты фермер штодня здае на Хойніцкі ўчастак «Мілкавіты» каля двух тон прадукту. Аналіз набытага пад Хойнікамі малака ў галоўнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў перавышэнне дапушчальных нормаў утрымання стронцыя ў 10 разоў. Тады «Мілкавіта» падала ў суд на Карманава за шкоду дзелавой рэпутацыі, аргументуючы сваю пазіцыю тым, што ў прадукцыі «Мілкавіты» дзяржаўныя кантралюючыя органы перавышэнняў не выкрывалі. Беларускі суд устаў на бок малочнага прадпрыемства і абавязаў журналіста сплаціць кампенсацыю.

Чаму менавіта Хойнікі абраныя месцам ажыццяўлення ініцыятывы праекта «зялёнай» эканомікі? Як аказалася, хойніцкі ўчастак прадпрыемства «Мілкавіта» – адзіны ў вобласці спецыялізаваны на вытворчасці сыроў, таму тут і раней утваралася шмат сыроваткі. Яна тут і раней перапрацоўвалася (было адпаведнае абсталяванне) але менавіта салодкая падсырная. Цяпер жа да яе далучыцца і кіслая тварожная.

«Улічваючы тое, што Гомельшчына была вобласцю, дзе адсотак перапрацоўкі сыроваткі быў найніжэйшы – ствараць такую вытворчасць вырашана менавіта тут», – адзначыла кіраўніца праекта «Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі» Вольга Чаброўская.       На хойніцкі ўчастак «Мілкавіты» мяркуецца звозіць сыроватку з усіх малочных прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. Магутнасці новага абсталявання дазволяць перапрацоўваць да 110 тон у суткі. Праўда, сярод прадпрыемстваў-парнтёраў так і не будзе Тураўскага малочнага камбіната. Кіраўнікі малочнай галіны вобласці патлумачылі, што ў яго адыходах вельмі мала бялка, які магчыма ў нешта перапрацаваць.

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость