Гандаль не бачыць праблемы ў паркоўцы на газоне. Гарадскія актывісты выступаюць супраць парушэння правіл дарожнага руху

Раённыя сезонныя кірмашы сельскагападарчай прадукцыі — недрэннае рашэнне. Для сталічных жыхароў – гэта спосаб зрабіць нарыхтоўкі на зіму не пакідаючы межаў свайго спальніка, для гандляроў – быць бліжэй да сваіх пакупнікоў. Аднак гарадскія актывісты абураюцца, чаму пры выдачы дазвола на арганізацыю гандлёвых кропак не ўлічваецца месца і наяўнасць парковачных зон.

17.10.2018 Экалогія горада Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: TUT.BY, Мікіта Іваноў

Адзін з сельскагаспадарчых кірмашоў разгарнуўся ў мінулую суботу на вуліцы Ясеніна. Уздоўж пешаходнай сцежкі адначасова з'явілася ля ста гандлёвых кропак з гароднінай і садавінай. З улікам вузкай і абмежаванай прасторы свае транспартныя сродкі гандляры ставілі на зялёнай зоне — па абодва бакі ад сцежкі.

Менавіта гэтыя дзеянні абурылі блогера Мікіту Іванова. Ён паспрабаваў звярнуцца ў ДАІ і паведаміць пра парушэнне правілаў дарожнага руху. Аднак у інспекцыі хлопцу адказалі, што кірмаш быў ўзгоднены і маецца дазвол Мінгарвыканкама.

"Я думаю, што паркоўка на зялёнай зоне з'яўляецца парушэннем. Хай гандлююць, ставяць намёты і г.д. Але без машын. Дазвол ад выканкама я не бачыў і падрабязнасцяў заканадаўства не ведаю. Таму, магу памыляцца", — патлумачыў хлопец Зялёнаму парталу.

Інфармацыю пра магчымае парушэнне ПДР пры правядзенні кірмаша на Ясеніна блогер размясціў ў тэлеграм-каналах Малінаўскі і Мінск: колер настрою жоўты.

Актывіст звярнуўся з лістом у камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб удакладніць,  ці з'яўляецца сітуацыя незаконнай.

Як удалося высвяліць парталу TUT.BY у начальніцы аддзела гадлю і паслуг Маскоўскага раёна Вольгі Палтусевай, асаблівай шкоды паркоўка аўтамабіляў зялёнай зоне не наносіць. На думку чыноўніцы, калі адзін дзень машына пастаіць на траве, — нічога не здарыцца.

"Я прыязджаю адразу пасля кірмаша, правяраю, што там з зялёнай зонай і ці ёсць смецце. Калі па праўдзе, праблем ніякіх не пабачыла", — пракаментавала яна TUT.BY.

За парадкам на кірмашы сочаць таксама супрацоўнікі цэнтра гігіены, адзела гандля, РУУС і ДАІ, зазначае партал.

"Вядома будзем вырашаць праблему, штосьці рабіць. Зялёную зону таксама трэба берагчы, —  дадае чыноўніца, але пасля зазначае, што не думае, што там штосьці было вытаптана. — Напрыклад, на Праўды, 40, у нас было ля 200 аўтамабіляў, але пасля кірмаша было ўсё чыста і акуратна".

У сваю чаргу юрыст грамадскага аб'яднання "Экадом" Таццяна Сініца падкрэслівае, калі  Мінгарвыканкам дазволіў гандаль, гэта не значыць, што гэты дакумент адмяняе ПДР, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншыя законы. Тым больш, калі ў дазволе ўказана не канкрэтнае месца, а толькі адрас, гандляры павінны былі самі знасці сабе паркоўку, а не парушаць заканадаўства.

"На фотаздымках бачныя аўтамабілі, якія ніякага дачынення да гандля не мелі. Іх адназначна можна было штрафаваць", — зазначае яна.

Паводле пункта 143.15 ПДР прыпынак і стаянка транспарных сродкаў забараняецца на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі. За такое парушэнне прадугледжана пакаранне па артыкуле 18.22 КоАП Рэспублікі Беларусь у выглядзе папярэджання ці штраф у памеры адной базавай велечыні, для аўтамабіляў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш 3,5 тон <...> — штраф у памеры пяці базавых. 

Гэтую ж праблему ў верасні ўзняў старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Сяргей Масляк на паседжанні рабочай групы па пытаннях добраўпарадкавання і ўтрымання гарадскіх тэрыторый у Мінгарвыканкаме.

Чыноўнік прапанаваў упарадкаваць размяшчэнне часовых гандлёвых аб'ектаў пры ўзгадненні месцаў праз нанясенне на план канкрэтнай кропкі, дзе будзе весціся продаж.

Такім чынам можна будзе пазбегнуць практыкі, калі гандляры самі вырашаюць, дзе паставіць аўтамабіль з таварам, часам загароджваючы пешаходныя сувязі, паркуючыся на газонах ці прадаючы прадукцыю на паркоўках, што недапушчальна, падкрэслівае ён.

У цэлым менавіта да такой думкі і схіляецца блогер Мікіта Іваноў. Хлопец лічыць, што для падобных сезонных рынкаў павінны выбірацца больш прыстасаваныя месцы.

"Увесь стыхійны гандаль крыху паралізуе жыццё. Праблемы не толькі на 600 метрах ходнікаў, а яшчэ і на дарозе. Сёлета не так, а летась былі праблемы. На досыць вузкай вуліцы людзі паркаваліся другім шэрагам і ў найбліжэйшых дварах, што стварала дадатковыя транспартныя праблемы".


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 17.10.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.