18.01.2016 / 15:01

Паводле новага пераліку, цяпер у зонах радыяцыйнага забруджвання застаюцца 2193 населеныя пункты і 52 аб’ёкты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Яшчэ 133 паселішчам зменены статус на «менш жорсткія зоны радыяцыйнага забруджвання», як сказана ў пастанове, у сувяўі са змяншэннем шчыльнасьці забруджвання глебы радыенуклідамі ды зніжэннем сярэдніх гадавых эфектыўных дозаў апраменьвання насельніцтва.

Савет міністраў пастановай № 9 ад 11 студзеня 2016 году «Аб зацвярджэнні пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяцыйнага забруджвання», выключыў са спісу забруджаных радыяцыяй тэрыторый 203 паселішчы. Адпаведна зменшана на 2,7 адсоткі й колькасьць жыхароў, што пражываюць на іх ды маюць права на сацыяльную абарону.

«Брудныя» і чыстыя

Забруджанасць тэрыторыі вызначаецца найперш наяўнасцю ў глебе радыенуклідаў цэзію-137, стронцыю-90 альбо плутонію-238, 239, 240, а таксама дозай апраменьвання чалавека, якая перавышае ўмоўна дапушчальную (1 мілізіверт) і, канечне, немагчымасцю атрымліваць на забруджаных тэрыторыях адносна чыстую прадукцыю.

Гомельскі радыябіёлаг, кандыдат біялагічных навук Віктар Хоміч, які ў свой час ачольваў пастаянную камісію Вярхоўнага савету 13-га склікання па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, кажа, што пры вызначэнні статусу тэрыторыі варта ўлічваць каля дзесятка розных фактараў, абумоўленых катастрофай. Застаецца, аднак, таямніцай, на якім узроўні прымаецца рашэнне, якія дакумэнты і матэрыялы ўлічваюцца, калі тэрыторыю абвяшчаюць «чыстай»:

«Прывязаліся да ўзроўняў забруджвання. Але ж тыя, хто прымае рашэнне, павінны разумець, што асноўнымі элемэнтамі гэтага забруджання зьяўляюцца тры групы доўгажывучых радыенуклідаў. Гэта найперш ізатопы плутонія — дзесяткі тысяч гадоў не распадаюцца, гэта стронцый-90 з перыядам паўраспаду дваццаць дзевяць гадоў, гэта цэзій-137 з перыядам паўраспаду трыццаць тры гады.

З пункту гледжання бяспекі, лічыцца, што радыяактыўны элемэнт зьнікае ў прыродзе, калі адбываецца дзесяць перыядаў паўраспаду. Дзесяць! Для цэзію-137 — гэта 330 гадоў, для стронцыю-90 адпаведна 290 гадоў. Мінула толькі дваццаць дзевяць з паловай гадоў, крыху болей. Дзесятая частка ад таго, калі радыеактыўныя элемэнты становяцца бяспечнымі. Калі ў аснову абвяшчэння тэрыторый «чыстымі» пакладзена шчыльнасць забруджвання, то гэта ж, канечне ж, няправільны падыход. Яснасці, на што абапіраецца ўся гэтая «кухня» пераводу тэрыторыяў, няма.

Ня бачна дынамікі ані «ачышчэння» тэрыторыяў, ані зьмяншэння дозаў апраменьвання насельніцтва. Паводле чарнобыльскага закону, улады павінны былі інфармаваць насельніцтва кожнага паселішча пра шчыльнасць забруджвання і атрыманых дозах унутранага апраменьвання. Мінула амаль тры дзесяцігодзьдзі, а людзі ня ведаюць пра гэта. Ідзе такая палітычная гульня на чарнобыльскім полі — каму што выгадна, тое й агучваюць».

Мала крычаць: «Чарнобыль — гэта наш боль»

Суразмоўца заўважае: за гады, што мінулі пасля чарнобыльскай катастрофы, не выпрацавана нават усебаковай канцэпцыі бяспечнага пражывання на заражаных тэрыторыях. Няма нават добрай памяткі для насельніцтва, што і як улічваць пры ацэнцы дозы апраменьвання, якім чынам паступаць, калі нечакана зноў узьнікне такая ж пагроза: «Мы дваццаць дзевяць гадоў крычым: «Чарнобыль — гэта наш боль». А зайдзіце ў любую кніжную краму, спытайце ў любога жыхара Беларусі, што трэба рабіць, калі, ня дай Бог, паўторыцца такая катастрофа? Не адкажуць. А побач жа Смаленская, іншыя АЭС, на бяспечнасць якіх гарантыі ніхто не дае. Людзі перажылі такую катастрофу, кругі чарнобыльскага пекла прайшлі, а мы простай і зразумелай памяткі ня маем. Нават простых рэкамэндацый няма для насельніцтва».

У нябыт адыходзяць падоўжаны адпачынак, мэдычнае даследаванне

У новым пераліку чарнобыльскіх населеных пунктаў, напрыклад, у Буда-Кашалёўскім раёне, ня стала вёскі Недайка, пасёлкаў Барок, Добрая Надзея, некаторых іншых. І такая сытуацыя амаль у кожным раёне.

Гомельскі грамадзкі дзеяч і навуковец Юры Варонежцаў, які, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, займаўся пытаннямі распрацоўкі першай Праграмы пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, згадвае, што нідзе не сустракаў у адкрытым друку мэтодыкі ацэнкі ўзроўняў забруджвання радыяцыйных тэрыторыяў:

«Фізічна немагчыма, каб гэтыя тэрыторыі за такі час ачысціліся, і там стала менш, чым адзін кюры. Трэба яшчэ ўлічваць і «плямнасць» тэрыторыяў, бо ў адным месцы будзе адзін кюры, а ў іншым, скажам, пятнаццаць. Я сам браў удзел у падобнага кшталту вымярэннях — сканавалі тэрыторыю, ездзілі на ўсюдыходзе зігзагамі туды-сюды, фіксавалі настолькі розныя паказнікі, што казаць пра нейкае сярэдняе ачышчэнне тэрыторыі проста немагчыма. Я ўпэўнены, што на тэрыторыях, якія прызнаны цяпер чыстымі, знойдуцца месцы надзвычай «брудныя». І на іх людзі будуць нешта вырошчваць, спажываць і атрымліваць вялікую дозу апраменьвання».

Навуковец зьдзіўляецца, што, выводзячы адміністрацыйнымі пастановамі тэрыторыі зь ліку забруджаных, улады пакідаюць на волю лёсу людзей, што патрапілі «пад радыяцыйны чарнобыльскі попел»:

«Кажуць, за апошнія гады людзі там не атрымліваюць нейкай значнай дозы ўнутранага апраменьвання. Цяпер асноўная доза фармуецца ў арганізьме чалавека менавіта за кошт ўнутранага апраменьвання — радыяцыя найперш трапляе у арганізм праз прадукты. Дык вось, маўляў, дозу атрымліваюць малую, таму й «пераводзяцца» населеныя пункты ў чыстыя. Але ж ня ўлічваецца тая доза, якую людзі атрымалі ў папярэднія гады. Тыя, каму цяпер 30 гадоў, з маленства ўдыхалі ці адно не палову табліцы Мендзялеева. Яны атрымалі страшэнны ўдар па свайму арганізму, і асабліва па эндакрыннай сыстэме. І што цяпер? Яны жывуць нібыта ў чыстай зоне, і ніхто ня ўлічвае таго, што зь імі адбылося. Гэта надзвычай складаная праблема. І няправільна вырашыць адным распараджэннем, указам ці пастановай: учора гэта была „брудная» тэрыторыя, а цяпер яна — «чыстая». Гэта наагул немагчыма. Апрача таго, людзям абразаюць штогадовае дыспансэрнае даследаванне. Яно й так было фармальным, а цяпер яго наагул ня будзе».

Заклапочаныя чарнобыльскімі наступствамі навукоўцы лічаць, што масавы перавод населеных пунктаў з чарнобыльскіх зонаў у «чыстыя» выкліканы найперш крызысным станам беларускай эканомікі. Няма грошай — няма й нават і той мінімальнай дапамогі дзяржавы пацярпелым ад Чарнобылю, якая прадугледжана адпаведным заканадаўствам. Зрэшты, гэта не адмаўляюць і спэцыялісты ў мясцовай управе па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС:

«Чыстыя населеныя пункты не падпадаюць пад закон аб сацыяльнай абароне пацярпелых і закон аб прававым рэжыме тэрыторый. Адпачынак у людзей будзе меншы, у жанчын — адпаведна й дэкрэтны адпачынак, скасоўваецца бясплатнае харчаванне дзяцей — усё прыводзіцца ў адпаведнасць з законам».

Автор:
Фотограф:
svaboda.org, naviny.by, tut.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость