Чырвоны спіс: Кожны пяты від птушак у Еўропе пад пагрозай знікнення

На пачатку чэрвеня Міжнародны кансорцыюм навукоўцаў і прадстаўнікоў арганізацый па ахове прыроды пад кіраўніцтвам глабальнай асацыяцыі BirdLife International апублікавала Чырвоны спіс для еўрапейскіх птушак.

Пры ацэнцы імавернасці пагрозы знікнення для розных відаў птушак выкарыстоўвалася методыка, якую выкарыстоўвае Міжнародны саюз па ахове прыроды, піша birdwatch.by.

Спіс падзелены на два геаграфічныя рэгіёны: краіны Еўрасаюза (за выключэннем Харватыі) і кантынент Еўропа (з Грынландыяй, Турцыяй, Беларуссю, Украінай, Еўрапейскай часткай Расіі і іншымі краінамі Еўропы, якія не ўваходзяць у ЕЗ). Статус для кожнага віду таксама падаецца для гэтых двух рэгіёнаў.

Паводле вынікаў даследавання, 13% (67 відаў) з 533 маюць вялікія шанцы знікнуць на нашым кантыненце ўжо ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі, сярод іх крэчатка, стрынатка-дуброўнік, танкадзюбы кулён і балеарскі буравеснік. 

29 відаў птушак пагоршылі свой ранейшы статус з 2004 году і павялічылі імавернасць знікнення. Сярод іх такія віды, як звычайная туркаўка, крывок, лугавы свірстун, пардва і нырок-сівак. Некаторыя віды птушак, сярод іх гняздуючыя ў нас вяртлявая чаротаўка, кнігаўка, вялікі арлец за мінулае ад папярэдняй ацэнкі дзесяцігоддзе не змянілі свайго кепскага стану.

Палепшылі свой стан у Еўропе белавокі нырок, кулік-палянік, чорны каршун, стэпавая пустальга, канюх-курганнік, чайканосая крычка, чорнаваллёвы гагач ці дроп. Яшчэ 25 відаў зменшылі рызыку свайго знікнення ў бліжэйшае дзесяцігоддзе.  

Віды, якія зарэгістраваныя ў Беларусі і маюць нейкі пагражаемы статус у новым Чырвоным спісе птушак Еўропы:

Крытычны стан: крэчатка, стэпавы арол – вядомы адзінкавыя залёты ў Беларусь;

Пагражае знікненне: гусь-піскулька, вялікі арлец – першы від рэгіструецца пад час міграцый нават не штогод, другі ў невялікай колькасці гняздуе ў нашай краіне;

Уразлівыя да знікнення: кнігаўка, нырок-сівак, вялікі грычун, звычайная туркаўка – шматлікія і звычайныя на гнездаванні ў Беларусі; вялікі грыцук, пардва, крывок, вялікі кулён, вяртлявая чаротаўка, зімародак – рэдкія або вельмі рэдкія ў нас на гнездаванні віды; нырок-плёсаўка, маранка, нырок-свірок, чырвонаваллёвік, сокал-балабан – нешматлікія пад час рэгулярных залётаў ці міграцый; звычайная гага, трохпалая чайка, беладзюбы гагач – выпадкова залётныя ў нашу краіну;

Амаль зніклі: белабровы дрозд, лугавы свірстун, лыска – шматлікія і шырокараспаўсюджаныя ў Беларусі віды; чайка-клыгун, сокал-шулёнак, чырвоны каршун, малая чайка, палявы лунь, даўганосы савук – рэдкія або вельмі рэдкія на гнездаванні ў нашай краіне віды; стэпавы лунь, чырвонаваллёвая казарка, чырвонашыйная коўра – выпадкова залётныя ў Беларусь.

Нагадаем, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» распачала праект «Выратуй арлёнка», які мае на мэце спыніць зніжэнне колькасці вялікага падорліка ў Беларусі. У нашай краіне будуць гнёзды 120-160 пар гэтага віду. Як правіла, адна пара гадуе адно птушаня. Штогод на свет з'яўляюцца не болейй за 100 птушанятак падорліка. Ужо да 2050 года іх застанецца меней за 40 пар. 

Далучыцца да кампаніі па выратаванні рэдкіх птушак!

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 18.06.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.