18.06.2015 / 16:06

Стварыць заказнік з рэліктавым возерам, выкласці на сайт Мінпрыроды віртуальны відэагід па Браславах і Аўгшдаўгаве і стала супрацоўнічаць плануюць беларусы і латышы. Аб гэтым ішла гаворка на круглым стале беларуска-латвійскай камісіі па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансмежных прыродаахоўных тэрыторый 17 чэрвеня ў Мінску.

Мінулы праект «Аўгшдаўгава — Браслаўскія азёры» скончаны, ідзе пошук сродкаў на новы

Возера Сіта мусяць зрабіць заказнікам разам з прылеглым лясным масівам, які дасягне заказніка «Рычы» — такія ідэі маюць супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах. Мінулую супрацу і планы на будучы праект абмеркавалі прадстаўнікі Беларусі і Латвіі на круглым стале ў Мінску 17 чэрвеня, у Сусветны дзень па барацьбе з спустыньваннем і засухай.

Праект з выдаткаваным бюджэтам у 226,2 тысяч еўра на карысць асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый «Стварэнне трансмежнай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі «Аўгшдаўгава — Браслаўскія азёры» скончыўся ў снежні 2014 года, і удзельнікі падвялі вынікі.

Зараз супрацоўнікі ахоўнай ландшафтнай мясцовасці «Аўгшдаўгава» і нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» абменьваюцца навуковымі дадзенымі, ладзяць сумесныя даследаванні і маюць агульны сумесны план кіравання, распрацаваны пераважна беларусамі. Для папулярызацыі месцаў, апроч інфацэнтраў, дарожных знакаў і стэндаў, калегі з Латвіі стварылі відэагід, які ўключае 360-градусную здымку ў 50 кропках абедзвюх краін. Вандраваць анлайн можна тут.

Таксама на латвійскім баку ў інфацэнтры пры ААПТ ёсць 3D-стэнд з выяваў смаўжа, які жыве толькі на гэтай тэрыторыі. Калі з боку суседзяў гэтыя мясціны хутчэй прыродны музей, то з беларускага – месца адпачынку з інфармацыйным складнікам.

Партнёры выкарысталі 90% фінансавання, якое было прадстаўлена ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства праз Праграму трансмежнай супрацы «Латвія — Літва — Беларусь». Заяўку на праект падаваў латвійскі бок, а Беларусь удзельнічала ў статусе краіны, якая мяжуе з ЕС.

У міністэрстве бачаць далейшую супрацу «планамернай і рэгулярнай»

На круглым стале разглядалі таксама план працы беларуска-латвійскай камісіі па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый на 2 гады, урачыста яго падпісаўшы.

Наступная сустрэча адбудзецца ў 3 квартале 2016 года, а да гэтага праца будзе ісці над стварэннем другой трансмежнай тэрыторыі — «Сілінэ — Рычы — Сіта».

«Мы рыхтуем план кіравання тэрыторыяй з беларускага боку. Неўзабаве будзем падаваць праектную заяўку, каб узгадніць паміж сабой трансмежныя пытанні. Адна з задач пагаднення, якое мы падпісалі, — супраца і абмен інфармацыяй, кіраванне гэтай тэрыторыяй», — сказала Наталля Мінчанка, старшыня Кіравання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Паставіць супрацу з Латвіяй «на планамерную рэгулярную аснову» выказаў намер Ігар Качаноўскі, намеснік міністра.

Пра выбар тэрыторый для наступнага трансмежнага праекта кажа Міхаіл Максіменкаў, навуковы супрацоўнік сектара міжнароднай супрацы і навуковага суправаджэння міжнародных канвенцый НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах:

«Калі мы разглядалі тэрыторыі ўздоўж мяжы, то аддавалі прыярытэт тым, дзе высокая біяразнастайсць, перакрыжоўваюцца цікавасці абодвух партнёраў, дзе ўжо створаныя асоба ахоўныя прыродныя теэрыторыі. У нас толькі па мяжы працякае каля 20 рэк і ёсць каля 15 азёр», — распавядае ён.

На азёрах Рычы і Сіта даследуюць іхціяфауну і водазабор

Для заказніка «Рычы» ужо рыхтуецца план кіравання. У планах на 2015 год зрабіць таксама заказнікам і возера Сіта, а ў 2016 годзе пачнуць працаваць над планам кіравання. Грошы на гэта закладзеныя ў дзяржпраграме па развіццю ААПТ.

У новы заказнік «Сіта» могуць увайсці само возера, лясны масіў побач і ў ідэале — балотныя мясціны непадалёку.

Возера Рычы — другі па глыбіні вадаём у Беларусі і, паводле Міхаіла Максіменкава, самы буйны рэзервуар чыстай вады з натуральных азёр. «Калі мы не будзем прыкладаць намаганняў, мы можам яго страціць як рэзервуар чыстай вады, і гэта будзе прыроднай катастрофай», — падкрэслівае ён.

Таксама гэта возера — адзін з найменш засвоеных водных аб’ектаў на памежнай тэрыторыі. Іншая праблема ў Латвіі: з іх боку шмат турыстаў, выкіды з іх машын трапляюць у зону вадазбору возера і забруджваюць яго. Шкодзіць возеру і натуральнае падкормліванне (рыбакі могуць прывозіць з сабой, напрыклад, карасёў, якіх выкарыстоўваюць як нажыўку).

Прамысловае рыбацтва дазволенае ў возеры Рычы.

У межах прыродоахоўнага праекта збіраюцца праверыць водаахову азёраў і адпаведнасць яе ўзроўню, перагледзець планы развіцця сельскагаспадарчых прадпрыемстваў; ацаніць стан вадазбору і якасць вады, ачышчальных збудаванняў, абмежаваць выкарыстанне возера і яго прыродаахоўнай паласы, ацаніць магчымасці кіравання біятопамі, магчыма, стварыць лясныя палосы, ацаніць іхціяфауну.

Мясцовых жыхароў паспрабуюць заахвоціць развіваць турызм, а ў навуковай сферы — усталяваць доўгатэрміновую супрацу з Даўгаўпілскім універсітэтам.

Вопыт развіцця ўсіх тэрыторый у міністэрстве плануюць распаўсюдзіць на астатнія ААПТ, для якіх гэта добры ўзор таго, як займацца развіццём экатурызму.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, allby.tv, tut.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость