18.09.2017 / 00:09

Раз эка-фрэндлі лад жыцця становіцца новым трэндам, гэта не мог праігнараваць сувенірны бізнэс. “Сувеніры” – тут паняцце адноснае, і ў артыкуле гаворка пойдзе не толькі пра класічныя фактычна бессэнсоўныя падарункі па прынцыпе “абы было”, а пра падарункі ўвогуле.

Што мы можам прапанаваць экалагічнага адно аднаму і на экспарт, і што варта перастаць называць экалагічным, бо неяк няёмка самім сабе хлусіць?

Пачнем з ілюзій і самападманаў. У цэлым, эка-падарункі можна падзяліць на два тыпы: тыя, што і праўда “эка” і тыя, што стылізуюцца пад этычныя. Увогуле, рэчаў першага тыпу на рынку болей, але часцей мы чуем пра “стылізаваныя”. Пра іх зараз і пойдзе гаворка.

 

Канцылярскія прыналежнасці

Стыкеры і блокі для запісаў

Наўрад ці вы прынясеце такі падарунак камусьці на дзень народзінаў, але калі трэба даць штосьці “ад нашага офіса вашаму офісу”, дык такі варыянт абсалютна нармальны. Пытанне, чаму гэтыя рэчы на беларускіх сайтах закідваюць у рубрыку “экалагічныя падарункі” ?

Па-першае, стыкеры і кубарыкі (блокі паперак для запісаў) робяць са звычайнай, не перапрацаванай, паперы. Па-другое, замест кубарыкаў дакладна можна выкарыстоўваць чыстыя старонкі аркушаў, на якіх штосьці ўжо раздрукоўвалі.

Нататнікі

Замест яскравых рознакаляровых нататнікаў у глянцавых вокладках цяпер паўсюдна выкарыстоўваюць стылізаваныя пад картон, выкарыстоўваюць больш жорсткую паперу, аддаюць перавагу прыглушаным адценням колераў і дызайну ў стылі “напісана ад рукі”.

Гэта ўсё класна, цікава, эстэтычна вяртае нас у рамантызаванае мінулае, але экалагічнасці ў такіх прадуктах не надта больш, чым у нататніках, якія былі папулярнымі 10 гадоў таму. Хіба што ламінацыі паменей стала.

Тобок гэтая новая тэндэнцыя ў афармленні нататнікаў – яна не добрая і не кепская. Гэта прост актуальны на сёння трэнд, і ягоная прывязка да экалагічнасці – хутчэй маркетынгавы ход.

Папяровыя асадкі

Цалкам папяровую асадку без пластыкавых і металічных элементаў звычнайна вельмі цяжка знайці. Амаль паўсюдна папера замяняе толькі асноўны корпус, астатняя частка ўсё роўна пластыкавая.

Як і “эка-нататнікі”, “эка-асадкі” папяровыя асадкі - някепскі маркетынгавы ход, які не так шмат мае агульнага з этычным стаўленнем да прыроды.

Між тым, з асадкамі  заўсёды ўзнікае праблема маштабаў спажывання. Што даўжэй пражыве – пластыкавая, металічная ці папяровая асадка? Ці праўда вам на працы патрэбныя пяць розных асадак, якія ўсе пішуць аднолькавым сінім? Адкажыце сабе на гэтыя пытанні.

Калі падсумоўваць, то сёння сфера канцтавараў – гэта перш за ўсё бізнэс, і назваць яго экалагічным, вельмі цяжка.

 

Папяровая ўпакоўка

Пакеты, капэрты, проста папяровыя кавалкі, складзеныя хаатычна ў бясформенае штосьці. Асабліва папулярнай апошнім часам стала так званая крафт-папера. Выглядае звычайна даволі цікава, ёсць адчуванне нейкай унікальнасці. Але называць такую ўпакоўку экалагічнай толькі таму, што ў ёй не выкарыстаны пластык, – гэта крыху паспешлівае рашэнне. У папяровых прадуктаў ёсць адна не надта добрая асаблівасць: іх цяжкавата выкарыстоўваць паўторна.

Па вялікім рахунку, амаль любая ўпакоўка – зло і праява лішняга спажывання. Але чым даўжэй мы будзем карыстацца прадметам, тым лепей. І вось тут пачынаецца эка-вайна, у якой, на мой суб’ектыўны погляд, ніхто ніколі не пераможа.

Усё ж пачыналася з таго, што эколагі звярнулі ўвагу на празмернае і нерацыянальнае выкарыстанне пластыку. Сталі папулярнымі гэтыя жудасныя фота і відэа з бусламі і іншымі мілымі птушачкамі, якія пакутуюць ад пластыкавых адкідаў. І з’явілася ідэя, што папера – гэта панацэя, бо яна такой бяды не наробіць.

Але і з паперай усё аказалася не так адназначна, бо там, дзе можна абыйсціся адным пластыкавым пакетам, спатрэбіцца некалькі папяровых пакункаў.

Карацей, няма нічога асабліва крутога ў папяровай ўпакоўцы. І ўвогуле, праблема не толькі ў якасці матэрыялаў, але і ў памерах спажывання. Не ўпакоўвайце падарункі ў пяць слаёў, але і не грызіце сябе знутры за тое, што набылі раз на год  пакет “для прыгажосці”.

Між тым знайсці ў Беларусі нейкія сапаўды цікавыя экалагічныя падарункі – зусім не праблема. І чым бліжэй да вёскі, тым прасцей.

Наўрад ці вы знойдзеце ў горадзе такіх жа крутых спяцоў у перапрацоўцы матэрыялаў, чым пажылыя вяскоўцы. Дык што ж абраць у падарунак, каб гэта было напраўду экалагічна?

 

Дыванкі і сурвэткі

Дыванок, сплецены з ласкутоў ад старых сукенак; дэкаратыўныя сурвэткі, звязаныя з распушчанай  хусткі. Спосабаў перапрацаваць ніткі і тканіну і стварыць пры гэтым сапраўды ўнікальныя прадметы, проста безліч. Такія падарункі можна рабіць самастойна альбо замаўляць у суседак.

У залежнасці ад выкарыстаных матэрыялаў, дыванок можа быць для ўваходу ўкватэру, для лазенкі альбо граць выключна дэкаратыўную ролю ў памяшканні.

Існуюць нават дыванкі з пакетаў, але назваць іх экалагічнымі ніяк нельга: для пляцення выкарыстоўваюць новыя пакеты для смецця, так што гэта не перапрацоўка матэрыялаў, а проста выкарыстанне пластыку.

Знайсці найбольш цікавыя і добрыя асабіста для вас інструкцыі па пляценні можна анлайн – ёсць безліч тэкставых апісанняў, інструкцый у малюнках і відэа-дапаможнікаў.

 

Вырабы з саломкі

У Беларусі гэтым нікога асабліва не здзівіш, а вось замежнікаў – лёгка. Тое, што нам можа падавацца старамодным і нецікавым, у тых жа ЗША выкліча зусім іншую рэакцыю. Калісьці я лятала ў Штаты па праграме моладзевага абмену, і прывезла тамтэйшай сям’і званочак, зроблены з саломкі. У мяне, па шчырасці, увогуле не было ідэй, што яны будуць з ім рабіць. А для іх адказ быў відавочны – гэта ж званочак на ялінку на Раство!

Сёння ў інтэр’ерах актыўна выкарыстоўваюць такія аўтэнтычныя элементы – разбаўляюць гламурнасць і ікееўскі стыль.

 

Хэнд-мэйд мыла

Калі казаць пра мыла, зробленае майстрыцай ці майстрам, а не “вялікай карпарацыяй”, дык тут ёсць адразу некалькі аргументаў за экалагічнасць. Па-першае, склад мыла. Можна дамовіцца наўпрост, каб у прадукце не было пэўных рэчываў, на якія ў вас алергія, напрыклад. А па-другое, прыярытэт лакальнага над глабальным – шырока вядомы і важны фактар экалагічнага ладу жыцця.

Можна, канечне, абраць у падарунак і іншую касметыку хатняга вырабніцтва, але мыла – гэта найбольш нейтральны і універсальны варыянт.

 

Букеты з садавіны і гародніны

Гэтую з’яву ўвогуле цяжка пераацаніць. Такія букеты, у адрозненне ад іх кветкавых аналагаў, – гэта не проста трата грошай і прыродных рэсурсаў дзеля некалькіх дзён эстэтычнага задавальнення, а вельмі арыгінальны і экалагічны прадукт, якім можна прыемна здзівіць любых гасцей.

 У якасці развітальнага такі падарунак наўрад ці будзе зручны, а вось як вітальны “сувенір” для гасцей нейкай канферэнцыі ці майстар-класа – цудоўная ідэя. 

Але пры замове букета варта асобна звярнуць увагу на тое, ці будзе нейкая садавіна разрэзана ў эстэтычных мэтах. Не ва ўсіх сітуацыях букет з разрэзаным ківі будзе выглядаць дарэчна.

Жывыя расліны

Калі букеты, створаныя з кветак, актыўна крытыкуюцца эколагамі, дык з раслінамі ў гаршочках усё наадварот. Але з жывымі раслінамі ёсць іншая праблема: наколькі гэта ўвогуле добры падарунак?

Дакладна не варта дарыць гаршочак з кветкай,калі вы не ведаеце, наколькі чалавек аматар развядзення раслін, ці гатовы ён узяцца за вырошчванне новай расліны проста зараз і інш. Карацей, спачатку трэба “прабіць інфармацыю”.

Таксама варта абраць штосьці такое, што не будзе таксічным для хатніх жывёлаў  і дзяцей (калі яны ёсць у чалавека, якому рыхтуецца падарунак).

Калі вам падаецца, што жывая расліна – гэта не настолькі сур’ёзнае “мерапрыемства”, каб так актыўна да яго рыхтавацца, гэта значыць толькі адно: не было ў вас прыдзірлівай расліны! А раз не было, дык і іншым такую не дарыце, пакуль самі не папросяць.

Карацей, з экалагічнасцю жывых раслін усё добра. А вось з клопатам пра іх цяжэй. Так што калі ў вас з’явілася ну зусім непераадольнае жаданне падарыць камусьці расліну ў гаршочку, абірайце маленькі кактус. Вельмі цяжка знайсці чалавека, які сапраўды засмуціцца новаму кактусу.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость