20.03.2016 / 02:03

Навошта беларускія ўлады будуюць АЭС? Якія рызыкі і пагрозы нясе атамная электрастанцыя? Ці не прымусіць эканамічны крызіс у Расіі адмовіцца ад ўзвядзення «помніка неразважлівасці» вышэйшых эшалонаў улады?

Літва пагражае адмовай ад электраэнергіі яшчэ не пабудаванай Астравецкай АЭС. Байкот атамнай электрастанцыі могуць аб'явіць і іншыя краіны Балтыі і Еўрасаюза, ва ўсялякім разе, Вільнюс заклікаў ЕЗ да салідарнасці. У такім выпадку будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі наогул губляе ўсялякі сэнс.

На пытанні аб мэтазгоднасці яе пабудовы адказаў фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета СССР па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд Юрый Варонежцаў.

Юрый Варонежцаў
Юрый Варонежцаў

— Літва адмаўляецца купляць электраэнергію Астравецкай АЭС. Ці значыць гэта, што будаўніцтва АЭС асуджана на правал, бо афіцыйны Менск разлічваў прадаваць лішкі электраэнергіі менавіта ў краіны Балтыі?

— Наогул першапачаткова праект быў скіраваным на экспарт, паколькі перакідка электраэнергіі ўнутры Беларусі плюс будаўніцтва інфраструктуры, здольнай «пераварыць» магутнасці АЭС, з улікам іх асаблівасцяў (у прыватнасці, слабая манеўранасць магутнасцю ў залежнасці ад сутачных змяненняў нагрузкі) — гэта па кошце яшчэ палова станцыі. Ды і генеруючых магутнасцяў у нас на сёння ўжо з лішкам, калі казаць толькі пра ўнутраныя патрэбы.

— У Вільні кажуць, што Беларусь здзейсніла істотныя парушэнні зместа і працэдур Канвенцыі Эспаа, пры ацэнцы праз прызму канвенцыі будаўніцтва Астравецкай АЭС з'яўляецца незаконным. Якія наступствы пацягне прызнанне незаконнасці будаўніцтва АЭС?

— МАГАТЭ зробіць усё, каб «наша» АЭС была прызнана «законнай». Я ўпэўнены ў гэтым. А гэта вельмі магутная і ўплывовая арганізацыя. Ну не могуць жа «пчолы быць супраць мёду».

— Якія рызыкі і пагрозы нясе Астравецкая АЭС?

— Падрабязную інфармацыю пра пагрозы і рызыкі я выклаў у дакладзе «Беларуская АЭС. Пакуль толькі мінусы» на канферэнцыі ў Літве.

Па-першае, «танная энергія» — гэта міф. Першы віцэ-прэзідэнт «Атамбудэкспарта» Аляксандр Глухаў заяўляў, што кошт Астравецкай АЭС (два рэактары ВВЭР-1200) складзе каля 12 мільярдаў даляраў. Столькі каштуе дзясятак электрастанцый з парагазавымі ўстаноўкамі, якія, да таго ж, могуць быць уведзеныя ў строй у 3-4 разы хутчэй, чым атамная станцыя.

Большасць методык разлікаў, якія выкарыстоўваюцца для доказу выгады атамнай энергетыкі, не ўлічваюць сапраўдныя выдаткі на дэмантаж адпрацаваўшых свой рэсурс станцый, які можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. А яны супастаўныя з коштам будаўніцтва АЭС.

Другое — нават пры працы ў штатным рэжыме, без аварый і інцыдэнтаў, кожная АЭС наносіць біясферы і насельніцтву істотную шкоду. Гэта абумоўлена выкідамі, што ўтвараюцца ў рэактары ў выглядзе радыенуклідаў. Гэта і дзіцячая лейкамія, і павышаны ўзровень дзіцячай смяротнасці, і рак грудзей, і многія іншыя беды жыхароў, якія жывуць недалёка ад АЭС.

Беларусь становіцца залежнай ад дарагой і дэфіцытнай сыравіны. Будаўніком Астравецкай АЭС і манапольным пастаўшчыком паліва, і магчымым складам для адкідаў, з'яўляецца Расія — краіна, якая сама адчувае сур'ёзныя праблемы з ядзерным палівам. Здабыча ўрану ў Расіі складае ўсяго 3,3 тыс. тон у год, у той час як штогадовая патрэба — 20,5 тыс. тон (для расейскіх ядзерных рэактараў — 5,0 тыс. т, для экспарту цеплавыдзяляльных зборак — 4,2 тыс. т і экспарту нізкаўзбагачанага ўрану — 11,3 тыс.т).

У Беларусі няма кваліфікаваных кадраў: для працы на двух блоках будучай Астравецкай АЭС спатрэбіцца каля 1,5 тыс. спецыялістаў. Прычым 750 з іх павінны быць з вышэйшай адукацыяй і трыма-пяццю гадамі спецыяльнай падрыхтоўкі.

Гэта асноўныя рызыкі, але далёка не ўсе.

— Расія плануе ўкласці ў будаўніцтва АЭС ў 2016 годзе 445 млн. даляраў. Аднак яна знаходзіцца зараз у стане эканамічнага крызісу. Як паўплывае гэты крызіс на лёс Астравецкай АЭС?

— Крызіс у РФ, зразумела, затармозіць будоўлю, і ўжо запавольвае. І дзякуй Богу. Ад сваёй Калінінградскай АЭС у Маскве ўжо адмовіліся, хоць будоўля таксама была там распачатая.

Будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы
Будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы

— Кажуць, што Астравецкая АЭС — праект не энергетычны, не эканамічны, а палітычны. Раз будуе Расія за свае грошы — значыць, Крамлю патрэбна АЭС у цэнтры Беларусі і ў 50 кіламетрах ад Вільнюса?

— Цяжка сказаць... Ідэя гэтая зусім не расійская. У маленькім СССР, які выбудоўвае наш «кіраўнік», павінна быць усё, як і ў вялікім: АЭС, спадарожнік, атамны ледакол...

— Атрымліваецца, што АЭС патрэбная не толькі і не столькі Расіі, колькі Лукашэнка — для аднаўлення міні-копіі СССР?

— Гэтае тлумачэнне ірацыянальнае, але іншага я не бачу. У эканамічным, экалагічным, палітычным і любым іншым плане будаўніцтва АЭС — поўны ідыятызм. Беларусь сёння валодае палутарным запасам генеруючых магутнасцяў каб цалкам забяспечыць сябе.

Автор:
Фотограф:
novgazeta.by, tut.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость