Вадасховішча Томішкі знаходзіцца каля вёскі Трабуцішкі на рацэ Лынтупцы. Утворана амаль 100 год таму шляхам падпруджвання вады плацінай. У XX стагоддзі пабудова была часткай млына.
— 9 верасня мясцовыя жыхары паведамілі мне, што на плаціне сарваны шлюз. Акт вандалізму адбыўся у прамежак з 18 гадзін 7 верасня да 16 гадзін 9 верасня, — паведаміў ён.
Цяжка назваць дакладны матыў учынку вандалаў. Верагодней за ўсё, яны планавалі асушыць вадасховішча і сабраць рыбу. Было сарвана 5 бярвенняў з крайняга калідора шлюза і некалькі дошак.
— Гэтыя бярвенні былі раскіданыя ўнізе па рэчышчы. Спачатку падумаў, што яны самі сарваліся, аднак бярвенні цэлыя, не гнілыя, зрэз роўны. Сляды паказвалі на тое, што іх падымалі два чалавекі: стаптаная трава, сляды абутку на каменных выступах, куды звычайныя рыбакі ніколі не залазяць, — адзначыў актывіст.
Аднак спусціць такі вадаём — справа не гадзіны і не дзвюх. Да таго ж у адкрыты калідор упёрся плаваючы востраў з раслін. Зразумеўшы, відаць, бесперспектыўнасць свайго прадпрыемства, невядомыя пакінулі ўсё як ёсць і з’ехалі.
— Маніторыў сітуацыю штодня, — распавёў Ігар. — Вада падала прыблізна на 10 сантыметраў у суткі. Ужо 11 верасня яна ўпала недзе на 60 сантыметраў.
У Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя актывісту Зялёнага дазору параілі звярнуцца ў міліцыю і Лынтупскі сельсавет, што ён і зрабіў. Аднак Ігара запэўнілі, што знайсці злачынцаў наўрад ці атрымаецца.
Тым часам 7 верасня мясцовыя жыхары бачылі каля плаціны двух незнаёмцаў у камуфляжных касцюмах — мужчын узростам каля 40 год — і гатовыя дапамагаць скласці фотаробаты.
— На жаль, мы нічога не змаглі б прад’явіць злачынцам, нават калі іх і знайшлі б, — тлумачыць старшыня Лынтупскага сельсавета Аляксандр Макаранка, — бо гэтая плаціна не знаходзіцца ні на чыім балансе.
Ігар Пастухоў з такой пазіцыяй не згодны: ён лічыць, што следчыя дзеянні, калі шырока асвятляць іх у медыя, адаб’юць ахвоту ў вандалаў здзяйсняць падобныя ўчынкі.
Але гісторыя на гэтым не скончылася.
— Мы вырашылі аднавіць плаціну самастойна. Але калі я прыехаў да Томішкаў у сераду, 14 верасня, убачыў, што плаціну ўжо спрабуюць аднавіць, прычым даволі акуратна. Але хто гэтым займаецца, каму сказаць дзякуй — невядома, — здзіўляецца актывіст. — На дадзены момант вада перастала падаць і нават вярнулася да ўзроўню падзення 30-40 сантыметраў.
Аднак пагроза знікнення вадасховішча не знікла. Калі плаваючы востраў, які часткова заблакаваў шлюз, спаўзе ў раку, будзе адкрыты доступ вадзе, і падзенне яе ўзроўню паскорыцца. І біятопу, які фармаваўся цягам стагоддзя, не стане. Як і самога вадаспада Томішскага млына.
— Вадасховішча перажыло бальшавікоў, нацыстаў, перабудову, але ледзь не стала ахвярай пары неадэкватных людзей, — рэзюмуе Ігар Пастухоў.