19.11.2014 / 14:11

Як без канфлікту дамагчыся свайго, дапамагчы гараджанам быць пачутымі, а сістэму змяніць знутры і надоўга, 16 лістапада распавяла Ксенія Сцепаненка, старшыня грамадскага аб’яднання ІнЭкА падчас “Зялёнага дня” на Мінскім фестывалі ўрбаністыкі.

Прымае рашэнне той, хто нясе адказнасць

"Нават у самых паспяховых замежных практыках грамадскае меркаванне мае рэкамендацыйны характар. І гэта па адной прычыне – прымаць рашэнне можа толькі той, хто нясе за яго адказнасць – фінансавую, часавую, іміджавую ці нейкую яшчэ. Іншага варыянту быць не можа”, - кажа Ксенія Сцепаненка з Новакузнецку.

Яна разам з суполкай аднадумцаў, працуючы ў “Інфармацыйным экалагічным агенцтве” (ІнЭкА) не першы год спрабуе зрабіць так, каб у прыняцці экалагічных рашэнняў, важных для гораду, маглі ўдзельнічаць усе зацікаўленыя бакі – бізнэс, грамадства і ўлады. Гэта вельмі актуальна ў родным горадзе ІнЭкА – горадзе металургіі і заводаў, якіх па Кемераўскай вобласці тысячы.

Асноўная праблема ў працэдуры грамадскага ўдзелу - ўлічыць меркаванні зацікаўленых бакоў, бо – глядзі вышэй, адказнасць нясе толькі адзін з іх. Таксама грамадскі ўдзел называюць рухам знізу - і гэта ў корані няправільна, ён не зверху і не знізу, а рух з абодвух бакоў.

У Расіі грамадскі ўдзел рэгламентаваны законам аб мясцовым самакіраванні, аб прыняцці экалагічна значных рашэнняў і Горадабудаўнічым кодэксам. На аснове свайго і міжнароднага вопыту ІнЭкА ў 2004 годзе распрацавала палажэнне аб правядзенні публічных слуханняў у сферы горадабудаўніцтва, таксама яны займаюцца імплементацыяй Архускай канвенцыі ў РФ.

Пяць этапаў удзелу

Але закон як дышла – так кажуць некаторыя юрысты. Каб напісанае на паперы ішло на карысць, спецыялісты з агенцыі карыстаюць свой падыход - пяціэтапную канцэпцыю ўліку меркаванняў зацікаўленых бакоў.

Першы – інфармаванне. Склалася, што на ім агучваюць ужо гатовыя, прынятыя рашэнні, а варта праводзіць інфармаванне на перапраектнай стадыі.

Другі этап - выяўлення меркавання, калі грамадскасць каментуе: “Вельмі часта на гэтым этапе атрымліваецца, што яна кажа толькі: “Я супраць, не хачу”, - кажа Ксенія. - Важная тут культура дыялогу – калі мы супраць, то мусім ведаць, чаго хочам”.

Пасля ідзе этап абмеркавання, затым - прыняцце рашэння і зваротная сувязь, калі робіцца вядома, што ўключана ў выніковае рашэнне, што – не, і чаму. Гэта, паводле эксперта, самы важны этап.

Арганізаваць дыялог бакоў па-за літарай закона

Зразумеўшы, што не вырашыш усяго змяненнем нарматыўкі, эколагі вырашылі папрацаваць з чалавечым фактарам - кааперавацца з уладамі і бізнэсам ў пытаннях развіцця гораду.

Аднойчы пераканалі ўлады абмеркаваць з жыльцамі, як можа быць зменены іх двор. На гэта быў бюджэт, акамуляваны папярэднімі плацяжамі. Два з паловай месяцы група студэнтаў-валантораў працавала з жыхарамі.

Апынулася, што такі аддалены ўдзел жыхарам прасцей, чым сход. На выніковай сустрэчы мы змакетавалі двор. Праз такое сумеснае планаванне атрымалася досыць хутка вырашыць, як будзе выглядаць двор і куды выдаткуюць грошы”, - распавядае Ксенія. На яе погляд, без гэтай сустрэчы ўзнік бы не адзін канфлікт. Гэты паспяховы, на яе погляд, прыклад, пакуль не атрымаў тыражавання ў горадзе – каму замяніць сабой валантораў-студэнтаў?

Прыкладам кааперацыі стаўся і гарадскі экафэст, мэта якога – дапамагчы наладзіцца супрацы розных бакоў. Бізнэс паказвае інавацыі, якія дапамаглі б знізіць уздзеянне на наваколле, НДА – што можна перасесці з аўто на ровар (выкіды ад аўтоў горадзе супастаўляльныя ўжо з выкідамі ад некаторых прадпрыемстваў).

У г. Ачынску Краснаярскага краю паспрабавалі методыку, якая адносіцца хутчэй да адукацыйных тэхналогій - дзелавую гульню, падчас якой розныя бакі абмяняліся пазіцыямі. Вынікам такой аднадзённай гульні зрабілася тое, што прадстаўнікі аднаго з бізнэсаў ініцыявалі паўнавартасную працэдуру ацэнкі уздзеяння на наваколле (рус. ОВОС) па рэканструкцыі шламасховішча. Па выніках ацэнкі заемадзеянне працягнулася і вылілася ў распрацоўку плана кіравання экалагічнымі і сацыяльнымі пытаннямі.

Мяняць сістэму самім

Датаковую магчымасць пашырыць магчымасці ўплыву грамадства на гарадскія працэсы дае змяненне бачання людзьмі месца дыялогу між гараджанамі і ўладамі, з’яўленне яго “фасілітатараў” – дасведчаных спрашчальнікаў працэсу.

Гэта магчыма праз ВНУ, дзе з нядаўняга часу ўведзены адмысловы курс па дапаможніку, выдадзенаму арганізацыяй – “Грамадскі ўдзел: тэорыя і практыка ўзаемадзеяння зацікаўленых бакоў у развіцці мясцовай супольнасці”. Вывучаюць курс у трох ВНУ Новакузнецка на спецыяльнасцях, звязаных з муніцыпальным дзяржаўным кіраваннем, сацыяльнай працай і вытворчым мэнэджмэнтам.

На мой погляд, гэта вельмі вялікі крок у сэнсе сістэматызацыі атрыманых ведаў і забеспячэння ўстойлівай эфектыўнасці – тым самым мы мяняем усю сістэму, - кажа Ксенія. - Не мяняючы яе ці ідучы на канфлікт, дамагчыся выніку вельмі складана. А так у доўгатэрміновай перспектыве можна зрабіць іх больш вагомымі”.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость