19.12.2016 / 16:12

Жыхары прыгарадных магілёўскіх пасёлкаў Вейна і Навасёлкі выступілі супраць павелічэння прадпрыемствам вытворчасці тэхнічнага вугляроду з расійскім капіталам «Омск Карбон Магілёў». Непадалёк ад пасёлкаў — пляцоўка Свабоднай эканамічнай зоны, на якой размешчаная плойма хімічных прадпрыемстваў.

На грамадзкіх слуханнях пасялкоўцы абвінавацілі раённыя ўлады ў грэблівым стаўленні да здароўя мясцовага насельніцтва. Хімічная вытворчасць, настойвалі людзі, пагражае іхнаму жыццю, а чыноўнікі не зважаючы на гэта прыярытэт аддаюць прыцягненню інвэстыцыяў.

Тым часам раённая ўлада заяўляе пра эканамічныя выгады ад працы заводу і запэўнівае, што вытворчасць не нашкодзіць здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю.

 

«Мы — народ, і мы супраць!»

Вытворчасць тэхнічнага вугляводу на стадыі праектавання. Ня вырабіўшы ні каліва прадукцыі і не прайшоўшы належнай працэдуры зацвярджэння праекту расійскае прадпрыемства вырашыла ў дакумэнтах павялічыць аб’ём вырабу тэхнічнага вугляводу з 160 тысяч тон да 200 тысяч тон на год. Гэтая акалічнасць і стала нагодай для грамадзкіх слуханняў.

На іх у Вейнянскі дом культуры сабралася блізу сотні чалавек. Сход праходзіў эмацыйна. Прамоўцаў, якія выступалі супраць павелічэння магутнасьці хімічнай вытворчасці, заля вітала воплескамі. Тыя ж хто прамаўляў за павелічэнне сутыкаўся з ня ўхвальным гулам і рэзкімі выказваннямі пасялкоўцаў. Абмеркаванне доўжылася больш за паўтары гадзіны.

 «Мы супраць!»
«Мы супраць!»

«Бяз нашай згоды вы ня можаце павялічыць магутнасці вытворчасці, ці так гэта?» — звярнулася да старшыні Магілёўскага райвыканкаму Анатоля Дуцька адна з жыхарак Вейна падсумоўваючы вынікі сходу.

«Тыя, хто сюды прыйшоў, супраць. Як старшыня сённяшняга сходу, вы так і запішыце. Ніякай гаворкі ня можа быць пра павелічэнне магутнасці. Як бы не пераконваў нас дырэктар "Омск Карбон", і якія б грошы не давалі пад яго — мы ня згодныя. Мы народ! Вы, як старшыня райвыканкаму, мусіце дзейнічаць так, як хоча народ», — гэтыя словы заля сустрэла авацыяй.

 

У Астраўцы ж будуць атамную станцыю...

Старшыня райвыканкаму Анатоль Дуцько казаў: задача грамадзкага абмеркаваньня «правільна пабудаваць завод, каб у нас не было ніякіх праблемаў са здароўем і ўсім астатнім...».

 «Будаваць мы будзем!»
«Будаваць мы будзем!»

«Аднак я вам скажу адно — будаваць мы будзем, бо без інвэстыцыяў ня будзе ніякай дзяржавы ў нас, — звяртаўся да пасялкоўцаў чыноўнік. — Паглядзіце ў Астраўцы ўзводзяць атамную станцыю там таксама выконваюцца ўсе захады бяспекі. І мы мусім пабудаваць завод, каб не было ніякіх праблемаў і канфліктаў».

Намеснік старшыні райвыканкаму па эканоміцы Мікалай Шепелевіч, спасылаючыся на звесткі адной з паліклінік, запэўніваў: дынаміка захворванняў насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі Вейнянскага сельскага савету, мае тэндэнцыі да змяншэньня.

Заля на гэтую заяву чыноўніка адрэагавала смехам.

«Негатыўнага ўздзеяння на атмасфернае паветра і здароўе насельніцтва на даследаванай тэрыторыі не чакаецца, — працягваў чыноўнік. — Пры выкананні тэхнічнага рэжыму і правільнай эксплуатацыі абсталявання і правядзення вытворча-экалагічнага кантролю рэалізацыя праектных рашэнняў не прывядзе да негатыўных  наступстваў».

Казаў Шэпэлевіч і пра эканамічны эфэкт ад вытворнасці тэхнічнага вугляводу. Выраб гэтай сыравіны, даводзіў службовец пасялкоўцам, зменшыць імпартазалежнасьць Беларусі.

 «Негатыўнага ўздзеяньня не чакаецца»
«Негатыўнага ўздзеяньня не чакаецца»

«Забяспечыць прыток інвэстыцыяў, будзе рост падатковых адлічэнняў і стварэнне новых працоўных месцаў», — пераконваў людзей намеснік старшыні райвыканкаму.

Довады чыноўніка, аднак, не падзейнічалі на пасялкоўцаў. Іхная пазыцыя заставалася непахіснай.

3000 пасялкоўцаў супраць узвядзеньня хімічнага прадпрыемства.

Людзі нагадалі, што 3 тысячы чалавек падпісаліся пад зваротам не дапусціць будаўніцтва «Омск Карбон Магілёў». Калектыўны ліст даслалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, тая яго пераслала ў «Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя».

Міністар, казаў адзін з выступоўцаў, запэўніваў: павелічэньня вытворчасці ня будзе.

«Значыць райвыканкам ідзе ў разрэз рашэнню Міністэрства прыроды», — выснаваў у выступе пасялковец.

Паводле жыхароў Вейна, у іх пад бокам на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны № 4 узведзеныя, ці ўзводзяцца больш за дваццаць хімічных вытворчасцяў.

«Кожная з іх нясе патэнцыйную небяспеку наваколлю і здароўю», — настойвалі людзі.

 «Выкіды непрыкметныя. Яны назапашваюцца ў арганізме»
«Выкіды непрыкметныя. Яны назапашваюцца ў арганізме»

«Выкіды з гэтай зоны цяпер мала прыкметныя, але ў арганізме будуць накоплівацца. Цяперашняе пакаленне гэта ўздзеяньня можа і не адчуць, а нашы дзеці і ўнукі гэта адчуюць на сабе», — засцерагаў адзін з выступоўцаў.

Заля дамагалася ад чыноўнікаў адказу, хто даў дазвол на павелічэнне магутнасці прадпрыемства. Людзі вінавацілі ўладу ў махінацыях з дакумэнтамі.

«У праекце была закладзеная такая магутнасьць прадпрыемства», — заявіў Анатоль Дуцько.

Заля выбухнула: «Кім закладзены?».

Чыноўнік адрэагаваў: — «Ня намі, а інвэстарам! Мы вам дамо адказ!»

Пасялкоўка «Хто даў дазвол на павелічэнне вытворчасці?»
Пасялкоўка «Хто даў дазвол на павелічэнне вытворчасці?»

«Вы нам цяпер адкажыце!», — настойвалі людзі.

Дуцько паабяцаў людзям даць дакумэнтацыю з дазволам на павелічэнне магутнасці заводу.

 

Наш інтарэс — жыць у чыстай зоне

У дырэктара прадпрыемства Міхаіла Караваева адзін з жыхароў Вейна запытаўся: «Вы пабудавалі завод, каб нам набрудзіць, каб мы брудам дыхалі?»

Кіраўнік прадпрыемства паспрабаваў пераканаць жыхароў, што вытворчасць тэхнічнага вугляроду не нашкодзіць наваколлю. Ён прызнаў: выраб прадукту мае экалагічную нагрузку, але тут жа заўважыў: у параўнанні з іншымі заводамі не настолькі вялікую.

 «Нагрузка на экалогію будзе, але невялікая»
«Нагрузка на экалогію будзе, але невялікая»

«Павелічэнне нагрузкі на экалогію будзе ня значным. Усяго 1% ад аб’ёму вытворчасці, — даводзіў ён. — Доля нашых выкідаў, у агульным аб’ёме ўсёй прамзоны нязначная. Праблемы экалогіі не ў працы "Омск Карбон. Магілёў"».

Довадам Караваева пасялкоўцы таксама не далі веры.

«Як можна падлічыць долю выкідаў вашага заводу, калі прадпрыемствы прамысловай зоны працуюць яшчэ не напоўніцу», — запытаўся ў яго пасялковец.

«Наш інтарэс — жыць у чыстай зоне. Пакуль ня будзе гарантыяў, што завод бяспечны, ніякага дазволу на ягоную працу не дамо. Мы хочам жыць і нашы дзець хочуць дыхаць чыстым паветрам», — наперабой з месцаў лямантавалі жыхары.

«Дзеля чаго вы стараецеся, — звярталіся яны да чыноўнікаў. — Вы хочаце нас угробіць дзеля нейкіх інвэстыцыяў ды прэміяў. Вы нас мусіце бараніць, а замест гэтага расказваеце нам казкі..

Сход скончыўся нечакана. Пасля хвалі крытыкі і працяглага маўчання чыноўнікаў людзі пачалі разыходзіцца.

Старшыня райвыканкаму Анатоль Дуцько ў гутарцы з журналістам сказаў, што бліжэйшым часам прадстаўнікі ўлады сустрэнуцца з працоўнай групай жыхароў Вейна, каб адказаць на пытанні, якія былі агучаныя на сходзе.

«Для нас было важна пачуць меркаваньні людзей», — адзначыў чыноўнік.

Пасёлак Вейна. За савецкім часам улады не наважыліся тут зачыніць царкву
Пасёлак Вейна. За савецкім часам улады не наважыліся тут зачыніць царкву

«Народ не даў дазволу на павелічэнне магутнасьці хімічнага прадпрыемства. Мы будзем настойваць на гэтай пазыцыі. Наш голас пачулі. На гэтым ня спынімся», — заявіў адзін з чальцоў працоўнай групы.

Першую прадукцыю «Омск Карбон Магілёў» абяцае вырабіць у 2017 годзе. Раней казалі, што гэтая падзея адбудзецца ў другой палове 2016 году. Заяўляецца, што тэхнічным вугляродам будуць забяспечаныя беларускія патрэбы ў ім. Лішкі будуць пастаўляцца за мяжу.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость