20.03.2018 / 12:03

Адаптацыяй людзей з асаблівасцямі псіхічнага стану ў нашай краіне ніхто асоба займацца не бярэцца. Абумоўлена гэта шэрагам праблем, якія паўстаюць перад спецыялістамі і працадаўцамі. Аднак знаходзяцца апантанныя людзі, што бачаць у сацыялізацыі і ўключэнні асаблівых людзей у сістэму працадзейнасці, не толькі магчымасці для пастаяльцаў дамоў-інтэрнатаў, але і эканамічную выгоду.

Зялёны партал паразмаўляў з камандай сацыяльнай рэсайклінг-майстэрні "ТАК" Дар'яй Яскевіч, Ірынай Шумскай і Кацярынай Савіцкай.

 

Сумная статыстыка

Сёння ў Беларусі налічваецца ля 30 тысяч чалавек са статусам інвалідаў у выніку псіхалагічнага захворвання. Кожны з гэтых людзей можа быць пазбаўлены дзеяздольнасці і без належнай падтрымкі патрапіць у дом-інтэрнат, дзе па ўсёй краіне ўжо пражывае 19 тысяч чалавек.

Ля 10% з іх могуць і хочуць працаваць, але не маюць магчымасці для рэалізацыі сваіх памкненнях. І гэта пры ўмове, што ў выпадку паспяховага праходжання рэабілітацыі яны могуць прэтэндаваць на вяртанне дзеяздольнасці.

 

Маленькі праект з вялікімі мэтамі

Сацыяльная рэсайклінг-майстэрня "ТАК", якую дзяўчаты запусцілі ў сталічным Псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, — гэта адна з нямногіх магчымасцяў для людзей з ментальнымі асаблівасцямі рэалізаваць свой патэнцыял і права на працу.

Па словах Дар'і Яскевіч, спецыяльнага педагога, псіхолага і арт-тэрапеўткі, ідэя стварэння такога кшталту майстэрні не з'яўляецца раптоўнай. Проста ў выглядзе "рэсайклінг" яна набыла завершаную форму.

"Сацыяльная майстэрня існавала ў доме-інтэрнаце і раней. Дадаць экалагічны кампанент прадыктавала само жыццё: няма з чаго шыць лялькі — вазьмі старую вопратку. Такім чынам праект стаў больш асэнсаваным. Затым дадалася мара пра сацыяльную франшызу. У працэсе працы мы зразумелі, што пры жаданні рэалізоўваць вырабы, трэба гарантаваць таваразварот. А рэсурсы адной майстэрні вельмі абмежаваныя. Таму вырашылі аб'ядноўваць намаганні, праз што стала магчымым зрабіць франшызу", — распавядае Дар'я.

На думку дзяўчыны, сацыяльная франшыза з'яўляецца ўніверсальным сродкам, каб павялічыць прадуктыўнасць і змяніць адносіны да людзей з ментальнымі асаблівасцямі. І да ўсяго гэта своеасаблівы выклік.

"Лакальнага дасягнення і стварэння адной майстэрні не дастаткова, каб зварухнуць і пачаць вырашаць сістэмныя праблемы існавання дамоў-інтэрнатаў, ізаляванасці іх пастаяльцаў і адсутнасці магчымасцяў весці паўнавартаснае сацыяльнае жыццё", — распавядае Кацярына Савіцкая, праектная менеджэрка і дызайнерка.

Па задуме дзяўчат у будучым праект майстэрні мусіць дапамагчы адбыцца дэінстуцыялізацыі — паступоваму знікненню класічных інстытутаў аказання сацыяльнай дапамогі праз сістэму закрытых устаноў, кшталту вялікіх дамоў-інтэрнатаў, замяняючы іх альтэрнатыўнымі магчымасцямі. Калі ўжо зусім простымі словамі: перацягнуць частку людзей з дамоў-інтэрнатаў на працу ў горад, тлумачыць Дар'я.

 

"ТАК" майстэрня як нішавы праект

У праекце ўжо зроблена немала. Распрацаваны і апрабіраваны метады, тэхналогіі рэабілітацыі асаблівых людзей, якія ўключаюць у сябе шэраг спецыфічных пытанняў: ад арганізацыі працоўнага месца з улікам ментальных асаблівасцяў чалавека да выкарыстання спецыяльных тэхналагічных карт, прылад працы ці спрошчанага спосабу камунікацыі ў працэсе навучання.

Але важна, каб вырабы, якія ствараюцца рукамі людзей з асаблівасцямі былі канкурэнтаздольнымі. Дзеля гэтага неабходна будзе пераадолець культурніцкія асаблівасці нашага грамадства, якія базуюцца на стэрыятыпных перакананнях.

"Мы ўпэўнены, што робячы сваю працу на вышэйшым узроўні, можна зламіць звыклае ўяўленне пра неабходнасць спачування людзям з асаблівасцямі. І тое, што іх вырабы трэба набываць не ад захаплення, а выключна дзеля дабрачыннасці", – тлумачыць Кацярына Савіцкая.

Зараз над вырабам аднаго зайкі працуе аж 5 чалавек. Кожны з іх валодае пэўнай аперацыяй, але выконвае яе з неверагоднай дакладнасцю і ўсёй працоўнай годнасцю.

Да ўсяго, у свеце ўжо існуюць прыклады праектаў, якія змаглі стаць паспяховымі, нішавымі, нягледзячы на сваю спецыфічнасць:

Вядома не даводзіцца спадзявацца, што такім чынам людзі з асаблівасцямі змогуць сябе забяспечваць цалкам. Бадай тут можна казаць пра нейкае частковае пакрыццё выдаткаў і падтрымку. Але, як зазаначае Ірына Шумская, псіхолаг і танца-рухальная тэрапеўтка, гэта будзе жыццё, а не бясконцае чаканне смерці за высокім плотам.

 

ТАК майстэрні вельмі пасуе канцэпцыя Zero Waste

З улікам, што пілотны праект майстэрні існаваў у доме-інтэрнаце і раней, канцэпцыя пра "Нуль адходаў" ці Zero Waste надала яму новае ідэйнае напаўненне.

"Zero Waste кажа пра эканамічнае развіццё грамадства з улікам прынцыпа прадухілення ці істотнай мінімізацыі ўтварэння смецця. Мы пабачылі, што ў нашым праекце такое магчыма рэалізаваць. Такім чынам акрамя прасоўвання ідэі працоўнай адаптацыі і сацыялізацыі пастаяльцаў інтэрната можна казаць людзям пра экалагічныя каштоўнасці", — распавядае Кацярына Савіцкая.

Да ўсяго працу з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі можна абгрунтаваць эканамічнай мэтазгоднасцю, бо яны нічога не каштуюць, а таксама ідэйна, калі рэчам надаецца другое жыццё.

Асновай для стварэнне незвычайных вырабаў стаў тэкстыль, які ў выглядзе адходу ў нашай краіне не перапрацоўваецца.

"Матэрыялы мы бярэм у дабрачыннай крамы KaliLaska. У асноўным гэта вопратка, якую ўжо нельга прапанаваць людзям і наступным крокам для яе з'яўляецца сметнік. Мы намагаемся выкарыстаць усе часткі па-максімуму: тканіна ідзе на пашыў, гузікі на вочкі, рэшткі нітак на шалікі і вышываныя элементы, тэкстыльныя рэшткі — на набіўку", — тлумачыць Кацярына.

У майстэрні знайшлося прымяненне нават для сінтэтычных тканін, якім звычайна складана прыдумаць другаснае выкарыстанне. Аднак у праекце вырашылі вырабляць з яе файныя яркія дыванкі, кшталту, бабуліных, але з прафесійным выбарам прапорцый і спалучэннем колераў.

 

Тут няма ніякай рамантыкі ці гісторый пра няшчасных геніяў

Пазбаўленне дзеяздольнасці ў Беларусі вельмі доўгі і складаны працэс, сцвярджае Ірына Шумская:

"Але калі ў вас сям'я з пяці чалавек у невялікай аднапакаёўцы, а ваша цёця ўжо зусім ку-ку, можна і пастарацца. Гэта жарт, які зрэдку, але апынаецца праўдай. Часцей  за ўсё сітуацыя выглядае так: бацькі-алкаголікі, што могуць і ў турму патрапіць ці памерці, — пазбаўленне бацькоўскіх правоў — інтэрнат. Паколькі дзіця нарадзілася ад выпіваючых бацькоў, у яго з маленства будзе стаяць алкагольны сіндром плода, затрымка ў развіцці ці штосьці такога кшталту. І паколькі ніхто не клапоціцца пра яго развіццё — размяркуюць у інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі, пасля камісія вызначыць дыягназ і дзеяздольнасць выпускніка такой установы, і, нарэшце, пераход у псіханеўралагічны інтэрнат для дарослых".

Чалавека, у якога пачынаецца шызафрынія, не абавязкова адрузу пазбавяць дзеяздольнасці. Хаця ён сапраўды не зможа працаваць на "звычайнай" працы, калі нехта са сваякоў ці сяброў не будуць яму дапамагаць і накіроўваць: нагадваць, пытацца, прымушаць.

У развітых краінах найчасцей сыходзяць не ад абмежавання асаблівых людзей, а ад магчымасцяў для іх, сцвярджае Ірына. Глядзяць, што чалавек хоча і можа рабіць, стараюцца зарганізаваць яму актыўнасць, суправаджаючых ці спецыяльна навучаных калег.

"І тут няма ніякай рамантыкі ці гісторый пра няшчасных геніяў, якім не даюць рэалізавацца. Людзі з асаблівасцямі часта зусім не геніі і праца даецца ім зцяжкасцю. Проста ў развітых краінах добра ўмеюць лічыць і запрацоўваць грошы".

Гэта звязана з доўгатэрміновай перспектывай уцягнення людзей з абмежаваннямі ў працоўную дзейнасць, што знізіць цяжар сацыяльных выплат на іх карысць. Утрыманне  ў спецыяльных ўстановах абыходзіцца не танна. Арганізацыя працоўнага месца для такіх людзей, з улікам дадатковага спецыяльна навучанага персанала, таксама з'яўляецца затратным. Таму няхай і невялікім унёску чалавека з ментальнымі асаблівасцямі ў эканоміку, дазваляюць хоць крыху зняць фінансавую нагрузку.

І не варта забываць, што існуе шэраг відаў работ і паслуг, якія звычайныя грамадзяне выконваць не могуць ці не хочуць. І іх якраз могуць "закрываць" людзі з асаблівасцямі. Пры правільным падыходзе да арганізацыі працы, можа апынуцца, што наймаць такіх людзей больш выгодна.

У якасці прыклада Ірына прыводзіць ізраільскі досвед аднаго з колл-цэнтраў, дзе працуюць людзі з ДЦП. Звычайна ім складана знайсці працу. Да ўсяго, гэта звычайная магчымасць, нагода для іх выйсці з дому. Кампаніі ж, у сваю чаргу, значна эканоміць на навучанні супрацоўнікаў, атрымоўваючы высокую якасць паслуг вопытных супрацоўнікаў. Звязана гэта ў першую чаргу  з тым, што сярэдняя працягласць працы звычайнага чалавека ў колл-цэнтры — 2 месяца, а для чалавека з асаблівасцямі — 2 гады.

Да ўсяго людзям з асаблівасцямі псіхікі не патрэбна засвойваць новыя навыкі — ім трэба засвоіць пэўную схему прымянення старых. Бо штосьці незвыклае будзе для іх складаным і патрабаваць вялікіх мазгавых намаганняў. У гэтым ёсць і свае плюсы, вядома, бо чым часцей напружваецца мозг, тым даўжэй ён можа падтрымліваць узровень функцыянавання і нават развіцця. А пры адсутнасці такой стымуляцыі ўзнікае верагоднасць страціць навыкі, якія ўжо ёсць.

У Беларусі існуе магчымасць арганізаваць для асаблівых людзей надомную працу, падключыць іх да сезонных работ ці любой некваліфікаванай занятасці. Але пры гэтым ёсць "нюанс", якога ў ТАК майстэрні будуць дакладна пазбягаць: распіцця алкаголю, што з'яўляецца распаўсюджанай практыкай сярод работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ці брыгад азелянення ў гарадах.

 

"Заразіцца" псіхічным захворваннем нельга, але вытрымаць уласныя страхі і пачуцці складана

У рабоце з людзьмі з фізічнымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі існуе свая спецыфіка. Работнікам даводзіцца сутыкацца з шэрагам тэмаў, якіх яны баяцца: невядомасць і збянтэжанасць, смерць, бессэнсоўнасць жыцця і намаганняў. І калі праца адбываецца з дзіцьмі з інваліднасцю — гэта перажываецца прасцей, бо ёсць надзея, з дарослымі — яе няма, кажа Ірына.

"Здараецца, што пры рабоце з людзьмі з інваліднасцю задзейнічаны псіхалагічны механізм праекцыі. Людзі імкнуцца дапамагчы сабе ў асобах іншых, справіцца з віной, якая можа быць звязана з хваробамі родных і сяброў, іх смерццю. Гэта «ратаўніцтва» — адыгрыванне ролі з так званага трохкутніка Карпмана. І, вядома, выдатны спосаб адчуць сябе лепш за іншых",  — тлумачыць дзяўчына.

Аднак праз эмацыйную насычанасць гісторый мноства пачынае хутка выгараць. Да ўсяго свой адбітак мае і грашовае пытанне такой працы. З уласнага досведу працы ў сацыяльных установах Ірына прыводзіць словы: "За такія грошы я напружвацца не намераны!". І абвінавачваць людзей у цынізме не возмешся, бо на што кожны будзе гатовы за 200-300 рублёў, з улікам патрачанага часу і сродкаў на адукацыю, з улікам сямейнага становішча, задаецца пытаннем дзяўчына.

Таму добрыя спецыялісты працуюць там, дзе ім плацяць. Гэта дапамагае не скаціцца ў "выратавальніцтва", а выключна рабіць сваю справу. Вядома можна разгледзіць варыянты дабрачыннага праекту, але ён можа апынуцца такім жа недаўгавечным, як і энтузіязм, на якім трымаецца. Звычайна рэчаіснасць вельмі хутка разбівае цудоўныя памкненні і ідэі.

"Не варта ўяўляць людзей з асаблівасцямі анёламі, якіх усяляк прыцясняюць. Лянота і спажывецкія адносіны да людзей «з-за плоту» — цалкам нармальная гісторыя. Сезоннае зніжэнне працаздольнасці, неабавязковасць — таксама. І паралельна з гэтым абдываецца гісторыя пошука свойго месца ў жыцці, жаданне рабіць карысныя рэчы, быць заўважаным ці пачутым", — апісвае сітуацыю Ірына.

Менавіта з гэтай нагоды працаваць з асаблівымі людзьмі не атрымоўваецца ці гэтыя стасункі непрацяглыя ў тых, хто вельмі прынцыповы па характары, дакладна размяжоўвае паняцці "добра" і "дрэнна", ведае ці правільныя ўчынкі робіць іншы чалавек.

 

Як дапамагчы праекту?

Сёння праект прымае ўдзел у конкурсе Social Weekend. І ўжо выйшаў у ¼ фінала па выніках народнага галасавання.

"На конкурсе мы вырашылі шукаць сродкі для абсталявання, якое не магчыма зрабіць сваімі сіламі. Усе гэтыя інструменты неабходны для вытворчасці ўжо распрацаваных і апрабаваных мадэляў лялек, для ўдасканалення тэхналагічнага працэсу, для засваення новых відаў працы", — расказвае Кацярына.

Зараз праекту неабходна знайсці сродкі для набыцця:

  • Прафесійная швейная машына – 1 шт.;
  • Непрафесійная швейная машына – 2 шт.;
  • Аверлок – 1 шт.;
  • Інструменты для шыцця (нажніцы для раскройкі і стол);
  • Вязальная машына – 1 шт.;
  • Станок для шаўкаграфіі – 1 шт.;
  • Першасныя расходнікі для шаўкаграфіі: рамкі, сіта, фатаэмалі, акрылавыя эмалі для друку на тканіне;
  • Мэбля – б/у пад рэстаўрацыю.
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость