Лінія «Зялёнага тэлефона» ў Таварыстве «Зялёная сетка» ў літаральным сэнсе разрываецца ад званкоў наконт высечкі дрэваў у скверы па вуліцы Усходняй. Сацыяльныя сеткі поўняцца заклікамі падключыцца экаактывістам да вырашэння канфлікту, з абвінавачваннямі ў бяздзейнасці і абыякавасці да лакальнай праблемы. Не так даўно ў скверы паставілі плот і з’явілася рабочая тэхніка. Мясцовыя тут жа занепакоіліся, што частку зялёнай зоны забудуюць. У пятніцу, 14 красавіка, пачалі выдаляць дрэвы, якія прызналі небяспечнымі, і тыя, што шкодзяць камунікацыям. Пасля чаго абурэнне жыхароў дайшло да крытычнай кропкі.
У панядзелак, 17 красавіка, на месца выязджалі прадстаўнікі кампаніі «Гарадскі Ляснічы», каб разабрацца, ці сапраўды дзеянні супрацоўнікаў «Зеленбуда Савецкага раёна» супярэчаць законам.
«Зараз праходзіць рэканструкцыя сквера з добраўпарадкаваннем. Па выніку павінны адрамантаваць пешаходныя дарожкі, абсталяваць спартыўныя пляцоўкі, напрыклад для workout, для настольнага тэніса, валейбольная, для гульні ў бадмінтон ці вялікі тэніс. Акрамя гэтага, зробяць дзве дзіцячыя пляцоўкі», — пералічвае каардынатар кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Ігар Корзун.
Адначасова з рэканструкцыяй у скверы праводзіцца шэраг агратэхнічных мерапрыемстваў: выяўляюцца нездаровыя і небяспечныя дрэвы, тыя, што згубілі свой эстэтычны выгляд і шкодзяць кампазіцыі зялёнай зоны. Па словах Ігара, такога кшталту працы варта праводзіць у любым скверы.
Усяго на тэрыторыі ў 2,5 га з агульнай колькасцю ў 603 дрэвы выдаляецца ля 37, з якіх толькі два насаджэнні высякаюцца з-за таго, што тыя перашкаджаюць камунікацыям.
«Калі закладалі сквер побач з пешаходнай сцежкай пасадзілі таполю. Натуральна, што сёння дрэва сваімі карэннямі падняло асфальт. Фармальна яно перашкаджае існуючым камунікацыям. Нефармальна, вядома, пры праектаванні выгляду залёнай зоны сцежку можна было б пракласці іншым чынам», — сцвярджае Ігар.
Па яго меркаванню, у інтарэсах «Зеленбуда» і праектыроўшчыкаў максімальна асвоіць бюджэтныя сродкі, таму дрэвы яны будуць пілаваць. Тым больш што па закону маюць на гэта права. І атрымоўваецца, што максімальнае захаванне насаджэнняў — задача, якая кладзецца на плечы мясцовых жыхароў. Таму натуральна, што яны ўсхваляваны тым, што сёння адбываецца у скверы.
Аднак у той жа час, як высвятлілася пры сустрэчы, ніхто з мясцовых нават не паклапаціўся пра тое, каб азнаёміцца з праектам будучай рэканструкцыі. Хаця некалькі месяцаў таму на пад’ездах былі размешчаныя аб’явы пра магчымасць атрымаць падрабязную інфармацыю ў адміністрацыі раёна.
«Вядома, што зараз усе хочуць спыніць высечку. У дадзеных умовах гэта немагчыма. І, на мой погляд, сквер мае патрэбу ў сур’ёзных агратэхнічных мерапрыемствах, якія дапамогуць пазбавіцца ад састарэлых дрэваў і упарадкаваць тэрыторыю», — кажа Ігар.
І тут ужо ўзнікае пытанне да спецыялістаў прадпрыемства. Як сцвярджае Ігар, усе мінскія скверы знаходзяцца ў дрэнным стане. Большасць дрэваў маюць пашкоджанні ў ніжняй часцы ствала, якія нанесла буйная тэхніка пры ўборцы лістоты і снегу ці пры будаўнічых працах. Такім чынам, відавочна, што «Зеленбуд» не сочыць належным чынам за станам насаджэнняў і наўрадці праводзіць прафілактычную работу са сваімі супрацоўнікамі.
«Бадай, за увесь час ні адзін вінаваты ў нанясенні пашкоджанняў дрэву не быў выяўлены і прыцягнуты да адказнасці», — абураецца каардынатар кампаніі.
Акрамя гэтага, пры вострым накале эмоцый, што узнікае пры кожнай высечцы, рабочыя так і не навучыліся камунікаваць з людзьмі.
«На пытанні “што адбываецца?” супрацоўнікі «Зеленбуда» па-хамску адпраўляюць цябе куды далей, адмаўляючыся прадастаўляць дакументы на правядзенне работ. Хаця што можа быць прасцей? Няма ніякага страху, калі людзі азнаёмяцца з прычынамі выдалення аб’ектаў расліннага свету. Упэўнены, гэта адразу адмяло б палову прытэнзій і пытанняў», — дадае Ігар.
Што ж датычыцца кампенсацыйных пасадак наўзамен выдаленных дрэваў, то, на жаль, даводзіцца разлічваць толькі на два сажанцы. Гэта абумоўлена тым, што з агульнай колькасці насаджэнняў, якія прыпалі пад выдаленне, толькі два дрэвы з’яўляюцца здаровымі, і да ўсяго гэта таполі. Якія выберуць пароды і дзе будзе праводзіцца іх пасадка, пакуль невядома. Канешне, мясцовыя жыхары могуць патрабаваць, каб кампенсацыйныя пасадкі правялі ў самім скверы. Аднак Ігар папярэджвае, што гэта можа быць не зусім добрым рашэннем, бо зялёная зона і так празмерна загушчана дрэвамі, а вось ніжні ярус азелянення цалкам адсутнічае.