20.06.2017 / 15:06

Зялёны партал часта піша пра грамадскія абмеркаванні праектаў, небяспечных для экалагічнага стану. У такіх справах эколагі абапіраюцца на ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), і ў спрэчках з інвестарамі гэта бадай што адзіная падмога. Мы знайшлі распрацоўшчыкаў АУНА, якія расказалі, з чаго складаецца гэты дакумент, наколькі ён патрэбны грамадзянам, і чаму трэба прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях.

Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) — дакумент, які распрацоўваецца пры будаўніцтве ці рэканструкцыі аб'ектаў з шэрагу пазначаных у артыкуле 7 Закона «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе».

АУНА — гэта не проста паперка, якая дае дазвол на ўзвядзенне пэўнага гаспадарчага аб'екта, гэта сур'ёзны аналіз яго ўздзеяння на стан навакольнага асяроддзя і людзей. І, па словах эксперткі Аксаны Сапегі з ТАА «ЭкаСкайГруп», у яе распрацоўцы ўдзельнічае цэлая каманда, у складзе якой эколагі, тэхнолагі, што прадумваюць усю сістэму камунікацый і размяшчэння абсталявання.

 

Працэдура ацэнкі

«Ацэнка праводзіцца на самай першай стадыі, грунтуючыся на праектных дадзеных, — распавядае экспертка. — Умоўна возьмем прадпрыемства па вытворчасці цукру. На ім будзе ўсталявана пэўнае абсталяванне. Дакладна будуць дадатковыя збудаванні: кацельня, ачышчальныя ўстаноўкі, аўтастаянкі і г.д. Збіраюцца ўсе дадзеныя, пралічваюцца выкіды, іх рассеянне, шумы, утварэнне адходаў пры будаўніцтве і функцыянаванні прадпрыемства, транспартная нагрузка і іншае. І толькі пасля гэтага абгрунтоўваецца мэтазгоднасць і магчымасць узвядзення аб'екта».

Вядома, што буйныя вытворчыя прадпрыемствы патрабуюць асаблівай увагі і больш грунтоўных разлікаў. Датычыцца гэта і варыянтаў «даукамплектавання» аб'екта дадатковымі магутнасцямі.

Немалаважным фактарам з'яўляецца размяшчэнне будучага аб’екта. Непасрэдная блізкасць да жылой забудовы ўносіць свае патрабаванні: па размяшчэнні крыніц выкіду, пралічванні скарачэнняў выкідаў у адносінах да ўжо існуючага ўзроўню, усталяванні сучасных ачышчальных сістэм.

«Усе пытанні з заказчыкам звычайна вырашаюцца на праектнай стадыі. Затым згодна з беларускім заканадаўствам ён і адпаведны адміністрацыйны орган размяшчаюць праект АУНА на сайце ў публічным доступе і аб'яўляюць аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў», — тлумачыць Аксана.

Якраз пры сустрэчы зацікаўленыя мясцовыя жыхары і грамадскія арганізацыі могуць задаць усе хвалюючыя іх пытанні пра будучае будаўніцтва, удакладніць спрэчныя моманты і падаць свае заўвагі. Пры неабходнасці праект могуць падкарэктыраваць, сыходзячы з мэтазгоднасці ўнесеных прапаноў. І толькі пасля гэтага ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе адпраўляецца на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У грамадскіх экспертаў, з улікам, што яны не могуць уключыцца ў працэс распрацоўкі АУНА на першасных этапах, ёсць свой механізм уплыву — правядзенне незалежнай экалагічнай экспертызы на аснове дакументаў, якія можа ім прадаставіць распрацоўшчык ацэнкі ўдзеяння аб'екта на наваколле.

«На маёй практыцы ўсе грамадскія абмеркаванні прайшлі без якіх-небудзь праблем, і аб'екты былі ўзгодненыя», — падкрэслівае экспертка.

Якасны і грунтоўны падыход да распрацоўкі АУНА — гэта іміджавае пытанне, сцвярджае Максім Чарвяк, кіраўнік ТАА «ЭкаСкайГруп», і жаданне ўсё ж дапамагчы прыродзе, а не нашкодзіць ёй.

«Мы ніколі не пойдзем на тое, каб на штосьці заплюшчыць вочы, — упэўнівае ён. — Працуем па сваім сумленні, бо нясем адказнасць за аб'ект. Таму, калі бачым якія-небудзь хібы ў праекце, патрабуем іх выправіць. Калі заказчык не ідзе на гэта, адмаўляемся ад распрацоўкі».

 

Кур'ёзы справаздач

Аднак, на жаль, не ўсе фірмы ці распрацоўшчыкі могуць пахваліцца падобным падыходам. Відавочна, таму ў практыцы юрыдычнай службы Таварыства «Зялёная сетка» сустракаецца нямала камічных выпадкаў пры азнаямленні з АУНА на аб'екты рознай складанасці. Так, юрыст грамадскага аб'яднання «Экадом» Таццяна Сініца прыгадвае выпадак, які адбыўся пры абмеркаванні пашырэння палігона цвёрдых бытавых адходаў пад Заслаўем:

«У АУНА ў літаральным сэнсе быў пераказ легенды заснавання горада. Пачыналася справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе прыблізна так: “Княжил в Киеве князь Владимир...”. А далей: “...не стерпела гордая молодица Рагнеда обиды”. У раздзел “Ацэнка сучаснага стану навакольнага асяроддзя” распрацоўшчыкі папросту ўставілі інфармацыю з Вікіпедыі.

Такім чынам, з 20 старонак дакумента не было аніводнай з указаннем асноўных дадзеных па аб'екце, не кажучы ўжо пра саму ацэнку ўздзеяння. Бадай, гэта была самая жудасная АУНА, якую даводзілася бачыць».

Здараецца і так, што распрацоўшчык ацэнкі ўздзеяння забывае выдаліць інфармацыю папярэдняга праекта, які выкарыстоўваецца ў якасці шаблона. У такіх выпадках у справаздачы аб АУНА завода па перапрацоўцы адпрацаванага аўтамабільнага алею можа з'явіцца фанерны цэх.

 

«Людзям усё роўна»

І няхай распрацоўка ацэнкі ўздзеяння на наваколле з'яўляецца вузкім пытаннем для спецыялістаў, але робіцца яна ў першую чаргу для людзей. Менавіта з гэтай прычыны ўдзел грамадзян не менш важны, чым спецыялістаў.

«Інтарэс у грамадзян ёсць... Але найчасцей ён меркантыльны, з жаданнем знайсці для сябе выгаду, — зазначае Аксана. — Людзям усё роўна, забруджваецца ці не наваколле, часам яны нават не хочуць слухаць, якія плюсы ці мінусы можа прынесці той ці іншы аб'ект. Прагрэс не стаіць на месцы, і мадэрнізацыя прадпрыемстваў сапраўды дае новыя рабочыя месцы, эканамічную выгаду краіне. З'яўляюцца чыстыя тэхналогіі выпуску прадукцыі, што дазваляюць захаваць прыроду».

У практыцы эксперткі здараліся канфлікты, у якіх людзі ішлі ледзьве не на шантаж, пры гэтым не праяўляючы ніякай зацікаўленасці ў працэсе абмеркавання ці ўнясення слушных прапаноў і заўваг па праекце.

«Удзел грамадзян важны хаця б таму, што пры абмеркаванні АУНА яны могуць быць інфармаваны па актуальных пытаннях “што адбываецца і плануецца”. Акрамя таго, што на сустрэчы яны могуць атрымаць дакладныя адказы экспертаў, гэта шанс паўплываць на сітуацыю ажно да таго, каб змяніць месца ўзвядзення аб'екта», — падкрэслівае Таццяна Сініца.

 

Удалыя прыклады

У прыклад юрыст «Экадома» прыводзіць планы па ўзвядзенні велізарнага свінакомплексу пад Маладзечна, для якога ў працэсе абмеркавання ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ўдалося знайсці альтэрнатыўную пляцоўку, з ідэальнымі памерамі санітарна-ахоўнай зоны для сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Але гэта адзінкавыя выпадкі. Часам на зацікаўленасць людзей уплывае недастатковае інфармаванне пра грамадскія абмеркаванні, і гэта ўжо сістэмныя хібы. А часам мясцовым жыхарам проста ўсё роўна. Таццяна зазначае, што сваю ролю іграе аб'ект, які вынесены на разгляд.

 

Даведка:

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЭкаСкайГруп» ужо не першы год прапануе свае паслугі як прыватным, так і дзяржаўным прадпрыемствам і арганізацыям. Сярод яго кліентаў ёсць буйныя заводы, невялікія кампаніі і культурніцкія аб'екты.

Супрацоўнікі «ЭкаСкайГруп» клапоцяцца і пра сацыяльную складаючую сваёй дзейнасці. Так, каманда таварыства прыняла ўдзел у вясновай акцыі па пасадцы дрэваў разам з кампаніяй «Гарадскі Ляснічы». Сёння праз дамову на паслугі «ЭкаСкайГруп» кожны кліент становіцца непасрэдным удзельнікам акцыі «Добрае сэрца» і, не прыкладаючы аніякіх асаблівых намаганняў, аказвае дапамогу Дзіцячаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Автор:
Фотограф:
sba.lt, pixabay.com, kulturologia.ru, ecology-ooo.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость