20.06.2019 / 14:06

Забегчы перад працай у кафэ за любімай кавай, на абед прыхапіць смузі ці ліманад, а вечарам з сябрамі пабавіць час у бары пад кактэйлі — справа звыклая. А вось тое, што да кожнага напоя нам клапатліва дададуць трубачку — ноў-хаў пітной культуры.

Між тым, за месяц набягае прыстойная колькасць адходаў, якіх з лёгкасцю можна пазбегнуць, загадзя папярэдзіўшы, што трубачка вам непатрэбная. Бо яна сапраўды вам непатрэбна.

 

Адмовіцца прасцей, чым перапрацаваць

Кактэйльныя трубачкі незаўважна сталі ўстойлівым атрыбутам пітной культуры. Падавалася б, у чым праблема? Выпіў свой напой і выкінуў трубачку ў кантэйнер для пластыка.

На самой справе, трубачкі вырабляюцца з поліэтылена і, па словах Марыі Сумы, эксперткі Цэнтра экалагічных рашэнняў, гэты матэрыял падлягае перапрацоўцы.

Фота: сацыяльныя сеткі Марыі Сумы
Фота: сацыяльныя сеткі Марыі Сумы

Аднак праблема арганізацыі працэсу заключаецца ў тым, што другасны рэсурс мусіць быць аднародным, а збор павінны ажыццяўляцца ў вялікіх аб'ёмах, каб гэта было выгодна перапрацоўшчыку. Інакш затраты на інфраструктуру будуць перавышаць прыбытак.

"Па вялікім кошце, звычка піць з трубачкі — навязаная патрэба. Сітуацыя абсурдная, бо ў нас зфарміравалі тое, у чым няма ніякай неабходнасці", — кажа экспертка.

Для звычайнага карыстальніка няма ніякай праблемы выпіць напой звыклым чынам. Нюансы могуць узнікаць у дачыненні да дзяцей і людзей з асаблівасцямі стрававальнай сістэмы.

Шкода ж, якую наносяць трубачкі наваколлю, мае глабальны маштаб.

"Праз тое, што гэта дробныя адходы, існуе малая верагоднасць, што яны патрапяць на звалку. Хутчэй за ўсё застануцца ў наваколлі. Масава трубачкі выкарыстоўваюцца для кактэляў і ў прыбярэжных зонах, дзе безперашкодна трапляюць у ваду, становячыся пагрозай для рыб, птушак, жывёл", — адзначае Марыя Сума.

Яшчэ адна праблема, на якую нельга закрываць вочы, лічыць экспертка, гэта вытворчаць такіх тавараў. Аднаразовая прадукцыя для харчовай прамысловасці вырабляецца з першаснага пластыка, а значыць з нафты — рэсурса, які не аднаўляецца.

"З гэтых прычын у краінах Еўразвязу ад трубачак пачынаюць адмаўляцца. Бо на якасць жыцця яны ніякім чынам не ўплываюць", — дадае яна.

 

Альтэрнатыва ёсць. Нават беларуская

Апантанныя zerowaste-канцэпцыяй людзі вынайшлі для сябе альтэрнатыву ў выглядзе шматразовых трубачках з металу, шкла, бамбуку. Знайсці гэтыя вырабы ўжо не праблема і ў Мінску. Адразу некалькі zerowaste-крамаў прапаноўваюць пакупнікам разнайстайны выбар трубачак на любы густ.

Напрыклад, на паліцах крамы Zerro сваё месца побач з нямецкімі знайшлі першыя металічныя трубачкі беларускай вытворчасці. Знешне яны маюць пэўныя адрозненні: большы дыяметр і адсутнасць дэкаратыўнай нарэзкі на згібе, але якасна не саступаюць замежнай. А вось значна меншы кошт, дакладна, з'яўляецца прыемнай перавагай.

"Да гэтых трубачак мы ішлі некалькі месяцаў. Пасля выхаду аднога з нашых са Светай інтэрв'ю пра тое, як мы чакаем, каб беларускія вытворцы выходзілі з намі на сувязь, калі маюць ідэі, як рабіць экалагічныя тавары падобныя да асартыменту нашай крамы, нам напісаў дырэктар прыватнай фірмы, які быў гатова пайсці на эксперымент. Як на мяне, ён атрымаўся", — зазначае Юлія Лісіца, заснавальніца zerowaste-крамы.

Аўтарка фота: Рыта Новікава
Аўтарка фота: Рыта Новікава

У асартыменце Zerro ёсць і набор папяровых трубачак. Яны падыходзяць для выкарыстання ў барах.

"Да альтэрнатыў таксама ўзнікае шмат пытанняў. Пачынаючы ад папяровых, бо яны ўсё роўна з'яўляюцца аднаразовым таварам. Іх варта разглядаць як альтэрнатыву ў матэрыяле, а не шматразовасці. Пры ўсім папяровая прамысловасць даволі таксічнай і шкоднай для наваколля. Гэта затрата рэсурсаў, якія практычна адразу ж патрапляюць на звалку", — падкрэслівае Марыя Сума.

Калі вам усё ж карціць займець сабе шматразовую трубачку, варта ўзважыць плюсы і мінусы ўсіх варыянтаў.

Металічныя — лёгка стэрылізуюцца ва ўмовах кафэ, бараў і хатніх. Ды й праз сваю даўгавечнасць у выкарыстанні іх можна лічыць даволі экалагічнымі.

Шкляныя таксама добра паддаюцца стэрылізацыі. Але маюць адзін значны мінус: крохкасць матэрыялу, з якога вырабленыя. Таму важна памятаць, што імі можна лёгка траўмавацца.

Аўтарка фота: Хрысціна Чарняўская
Аўтарка фота: Хрысціна Чарняўская

Для асабістага выкарыстання, экспертка раіць, разгледзіць трубачкі з бамбуку. Бадай, менавіта яны будуць самымі экалагічнымі на этапе вырабу, бо бамбук — натуральны матэрыял, расліна, якая хутка расце.

Адзінае, што іх выкарыстанне будзе не такім даўгавечным у параўнанні з металічнымі трубачкамі.

На жаль, у барах бамбукавыя трубачкі немагчыма стэрылізаваць, таму ва ўмовах масавага выкарыстання яны таксама больш падобныя на аднаразовыя матэрыялы.

 

"А слабо без трубачкі" цяпер і зараз

Не так даўно дзве актывісткі, Аляксандра Савініч і Ксюша Малюкова, вырашылі запусціць ініцыятыву "А слабо без трубачкі". Штуршком да актыўных дзеянняў паслужыў даволі банальны выпадак у кафэ, калі дзяўчатам прынеслі замоўленыя ліманады з дзвюмя трубачкамі ў кожным фужэры, пры ўсім, шхоць яны загадзя папрасілі не дадаваць трубачкі ўвогуле.

Абурэнне іх было настолькі моцным, што актывісткі вырашылі неадкладна стварыць у сацыяльнай сетцы старонку, якая б была візіткай іх ініцыятывы.

Аўтарка фота: Аляксандра Нест
Аўтарка фота: Аляксандра Нест

Дзяўчаты намераныя заняцца інфармацыйнай кампаніяй, каб як мага больш людзей даведаліся, чаму выкарыстанне трубачак шкодзіць наваколлю.

"Штосьці падобнае было з поліэтыленавымі пакетамі. Ад пачатку кучка апантанных эколагаў хадзілі і казалі: Не бярыце пакеты! Цяпер жа гэта тэма ў топе. Мы таксама падумалі, што варта пачынаць з інфакампаніі і зрабіць так, каб пластыкавыя трубачкі былі не кул, не модна, а было крута даставаць з сумачкі сваю", — зазначае Ксюша.

У прасоўванні сваёй ідэі яны збіраюцца працаваць з кафэ, рэстаранамі, барамі для змянення падыходаў у выкарыстанні трубачак.

Як зазначае Аляксандра Савініч, можна прапанаваць з установамі харчавання пайсці двумя шляхамі: прапаноўваць кліентам самім выбіраць ці хочуць яны трубачку, пытаючыся пра гэта альбо размясціўшы іх асобна на стойцы; зрабіць прывабным самім установам падаваць шматразовыя трубачкі да кактэйляў, а яшчэ лепш — прадаваць іх і тым самым распаўсюджваць культуры абдуманага спажывання.

"Сітуацыя зараз складваецца так, што трубачкі з'яўляюцца абавязковымі пры падачы кактэйляў. Таксама сталі падаваць іх і да кавы. Аднаго разу я бачыла, як мужчына ідзе і п'е квас праз трубачку… Зараз яны паўсюдна, хіба што не ў супе", — здзіўляецца Аляксандра.

Па словах дзяўчыны, тэндэнцыя масавага выкарыстання трубачак асабліва яўна прасочваецца цягам апошняга году. Верагодна, што такім чынам кафэ і рэстараны стараюцца падкрэсліць свой клопат пра кліентаў без намеру нашкодзіць, бо проста не ведаюць пра экалагічныя наступствы такога выбару.

Ці магчыма схіліць установы харчавання да больш экапрыязных варыянтаў спажывання напояў? Актывісткі цвёрда ўпэўнены, што так. У якасці прыкладу яны прыводзяць аналагічнае шматразовае выкарыстанне прыбораў.

"Ва ўстановах [харчавання, — дадатак аўт.] людзі ядуць відэльцамі. Іх мыюць і ніякіх праблем няма. Відэльцы людзі засоўваюць ў рот. А з трубачкамі чамусьці ўзнікаюць пытанні: Я не буду піць з трубачкі, якой ужо карысталіся", — падкрэслівае Аляксандра.

Сітуацыя не выглядае зусім безнадзейнай. Некаторых кафэ самі пачалі ўкараняць выкарыстанне металічных пітных прыбораў. Ёсць нават тыя, што ўзялі ў якасці альтэрнатывы макароны.

Па словах Марыі Сумы, сярод асобных барыстаў пачынае развівацца zerowaste-культура. Існуюць прыклады, калі на міжнародных конкурсах бармэны прэзентавалі свае напоі са шматразовымі трубачкамі.

Яшчэ адным стымулам да пераходу, спадзяюцца ініцыятаркі "А слабо без трубачкі", для кафэ і рэстаранаў паслужаць людзі, якім надакучыў пластык у напоях.

"Адна наша падпішчыца пакінула каментар, маўляў, чаму б не рабіць трубачкі з саломы — таннага, арганічнага матэрыялу, — дадае Аляксандра. — Таксама мы атрымоўвалі каментары пра тое, што тэгаем кафэ, дзе атрымоўвалі свае напоі з пластыкавымі трубачкамі, хаця прасілі без. Як быццам бы такім чынам імкнемся стварыць негатыўны вобраз. На самой справе не, мы хочам праз пазітыўныя дзеянні распавядаць тым жа ўстановам пра выгоды для іх".

 

Для Беларусі праблема пакуль невідавочная

У 2021 годзе ў краінах Еўразвязу ў законную сілу ўступіць забарона на выкарыстанне шэрагу вырабаў з пластыка. У асноўным тых прадметаў, што складаюць найбольшы працэнт адходаў у быце людзей. У тым ліку кактэйльных аднаразовых трубачак, што ўваходзяць у дзесятку прадлемаў, якія знаходзяць у марскіх і акіянічных водах.

Згодна статыстыцы колькасць спажываемых у ЕЗ трубачак даходзіць да 360 мільярдаў за год.

Па Беларусі падобную статыстыку пакуль знайсці складана. А наша смеццевая палітыка скіраваная на правільную сартыроўку і збор, а не скарачэнне ўтварэння адходаў. Захады на ўкараненне экапрыязных спажывецкіх звычак якраз робяць грамадскія ініцыятывы і кампаніі.

"Існуе класная ініцыятыва My cup, please, якую мы самі падтрымліваем. Нам падумалася, кубачкамі заняліся, дасягнуты выдатны вынік. Ніша з трубачкамі была свадобная. Нас гэта тэма кранае, ёсць крыху часу, сіл і магчымасцяў", — кажа Аляксандра.

Відавочна, у наяўнасці нізавых ініцыятыў няма нічога дрэннага. Падобным шляхам ішлі заходнія краіны, калі на праблему звярталі ўвагу актывісты і спажыўцы, дамагаючыся палітычных пераўтварэнняў.

Крыніца: www.sustainthemag.com
Крыніца: www.sustainthemag.com

"На захадзе існуе рух #stopsucking, які тычыцца трубачак. Яны маюць выдатны досвед, дамаўляюцца з кафэ, прадаюць альтэрнатыўныя трубачкі, робяць шмат сацыяльнай рэкламы пра шкоду трубачак, карцінак", — дадае Ксюша.

 

Автор:
Фотограф:
Загалоўнае: chicago.eater.com; Відэа: Аляксандра Нест
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость