20.08.2014 / 12:08

Быць бліжэй да традыцыі – значыць быць бліжэй да экалогіі.

З нагоды фотаконкурсу "Экакульт" мы распыталі маладую сям’ю Антона і Насту Янкоўскіх, сябраў "Суполкі традыцыйнай культуры", уладальнікаў крамы "Кубік", аматараў беларускай этнаграфіі, наколькі экалагічнымі былі раней беларусы.

– Што для вас азначае быць экалагічна культурным чалавекам? Што такое экалагічная культура?

Антон:

– Не ведаю, ці правільна так адказаць на гэта пытанне, але я больш люблю вёску чым горад. Там усё чыста – прастора, прырода, цішыня, чыстае паветра… Там няма бетонных гмахаў, сотняў аўтамабіляў, зжатай прасторы, натоўпу людзей. У маім разуменні гэта такі спрыяльны для цябе асяродак, набліжаны да прыроды.

– Вёска больш экалагічная прастора, чым горад?

– Больш традыцыйна экалагічная. Яна змушае адпачываць цябе ў нейкім духоўным сэнсе. Горад гэта мітусня, падпарадкоўванне сваім правілам, насаджванне нейкай хіміі, гіпермаркетаў. У маім разуменні экалагічнасць – гэта прырода, адпачынак, цішыня.

Наста:

– Быць экалагічна культурным чалавекам азначае што-небудзь ведаць аб экалогіі, а ў нас вялікая праблема з гэтым. Напрыклад, у нас паставілі сметніцы для асобнага збору смецця. Трэба ведаць, што туды кідаць, а што не трэба. Пра гэта не ўсе ведаюць. Важна ведаць, які ўнёсак ты сам можеш зрабіць у свой асяродак, у яго экалагічную чысціню, нават мінімальна ў сваёй кватэры ці ў сваім двары. Трэба пачынаць з сябе, свядома ставіцца да гэтага. І каб людзі былі больш інфармаванымі, то і ставіліся б да экалогіі больш адказна.

-Вы аматары і знаўцы беларускай культуры. Раскажыце, як у традыцыйнай культуры адлюстраваны адносіны чалавека і прыроды? Чым была прырода для нашых продкаў? У чым была розніца паміж імі і намі?

Антон:

–Калі я вёў лекцыі па фальклору, я казаў, што каб зразумець, пра што мы будзем гаварыць, трэба зразумець, як жылі людзі тады і як жывуць зараз, у якім рытме. Зараз мы працуем на працы, атрымліваем грошы, за якія набываем ўсё, што нам трэба, у краме. Пытанне нашага выжывання аўтаматычна залежыць ад таго, які заробак мы атрымліваем. У гэтым у нейкім сэнсе наш стыль жыцця: зарабіць грошы – пайсці ў супермаркет накупіць ежы. Раней супермаркетаў не было, людзі залежалі ад ураджаю. Які ўраджай яны здабудуць – так і будуць есці.

Людзі ведалі шмат прыкмет менавіта для таго, каб пасадзіць насенне ў спрыяльны час, каб ведаць, як яго далей даглядаць. У час, калі трэба было працаваць на полі, не было ніякіх вяселляў, святаў. Бо ад гэтага часу залежала шмат. Тыя ж пасты існавалі для таго, каб зэканоміць тое, што людзі вырасцілі і назбіралі. Зразумела, з’яўляліся і мануфактуры, і рамесніцкія працы, якія прыносілі нейкія грошы. Але ў асноўным усё ішло ад зямлі, чалавек быў поўнасцю звязаны з прыродай, гэта была яго аснова. Цяпер жа чалавек поўнасцю адарваны ад зямлі. Як кветку з карэннем вырвалі, пасадзілі на бетон і сказалі – расці. Чалавек расце. Але ён выжывае. Чалавека пасадзілі на гэтую хімію, на хімічныя тканіны, хімічныя розныя прадукты, і такім чынам утварылі вакол яго кола. І чалавек вымушаны гэтым карыстацца. І калі чалавеку не прапанаваць іншага варыянту, ён не будзе задумвацца аб пытанні экалагічнасці.

Наста:

– Раней рытмы чалавека і прыроды перапляталіся вельмі цесна. Трэба было пільна ўглядацца ў прыроду, ў паравіны году просто для таго, каб было што есці. Чалавек не мог ігнараваць гэта ўсё, таму паміж чалавекам і прыродай была цесная сувязь.

-Як у фальклоры адлюстравана стаўленне чалавека да прыроды?

Антон:

– Адразу ў галаву прыходзяць розныя абрадавыя дзеянні… Вось напрыклад яблычны Спас. Лічылася, што да яго нельга есці яблыкі. Гэта ілюструе адносіны да ўраджаю нашых продкаў, усё жыццё якіх было падпарадкавана таму, каб выжыць, а для гэтага трэба было ўмець зберагчы ежу. На многія святы (Купалле, Юр’е) часта робяць яешню. Таму што куры пачынаюць несціся. На свята Багач рабілі кірмашы. Усе прыязджалі на рынак, каб падзяліцца ўраджаем, бо ў кагосьці быў ураджай буракоў, а ў кагосьці – морквы, і адбываўся ўзаемаабмен. Гэта быў такі рытм жыцця, калі жыццё залежала ад яды, а яда – ад зямлі. А зямля – гэта прырода. Існаваў таксама і сімвалізм у святах, звязаны з прыродай. Так на Масленіцу пяклі бліны, якія сімвалізавалі сонейка, надзею на новы ўраджай. На гуканне вясны пяклі птушачак, каб хутчэй прышла вясна.

– Ці робіце асабіста вы нешта ў паўсядзёным жыцці, каб быць бліжэй да прыроды, как быць экалагічна культурнымі людзьмі?

Антон:

–Мы ўвогуле аддаем перавагу больш натуральным рэчам, нам больш падабаецца вопратка з натуральных тканін, натуральная ежа. Канечне, нам, як у прынцыпе і ўсім, цяжка назваць сябе на 100% экалагічна культурным чалавекам, але мы робім нейкія рэчы, якія нам пад сілу і якія нам блізкія.

Наста:

– Мы амаль ніколі не купляем у крамах торбы з паліэтылену, мы маем экаторбы, якія бяром з сабою, калі ідзем за прадуктамі. Нават калі мы забываем торбу ў хаце, то тады стараемся несці тое, што купілі, у руках, абы не выкарыстоўваць гэтыя пакеты.

Мы стараемся сартыраваць смецце. Цяпер паставілі ў горадзе скрынкі для розных відаў смецця, але, на жаль, бывает так, што гэтыя скрынкі знаходзяцца надта далёка, і несці туды смецце проста забірае шмат часу, гэта становіцца непрактычным. Дарэчы, калі гаварыць пра традыцыю і вёску, то заўважце, што ў вясковых людзей існуе звычка сартыраваць смецце, якая больш натуральная, чым тая ж звычка ў гарадскіх жыхароў. Вяскоўцы абыходзяцца са смеццем зыходзячы са сваіх патрэбаў: частка смецця адразу ідзе на ежу жывёлам, частка паліцца ў печы. Ну а ў сметніцу ідзе ўжо невялікая частка, якая не можа быть выкарыстана ў гаспадарцы. То бок і іх звычка да раздзельнага збору смецця дыктуецца натуральнай патрэбай, а ў нас наадварот – мы свядома стараемся выпрацаваць у сябе гэтую звычку.

– Ваша захапленне этнаграфіяй і традыцыяй зрабіла ваша жыццё больш экалагічным?

Наста:

– З’явілася імкненне рабіць нешта сваімі рукамі: нататнікі, вопратку, паўторна выкарыстоўваць некія рэчы ў занятках хэндмэйдам. Раней жа традыцыйна рабілі ўсё што маглі рукамі, па максімуму. І гэта больш экалагічна – калі людзі вырабляюць нешта сваімі рукамі для сваіх патрэбаў, а не ў прамысловых маштабах.

Антон:

– Абсалютна любы занятак ўплывае на светапогляд, на светаадчуванне чалавека. У нашым выпадку захапленне этнаграфіяй, традыцыяй робіць нас бліжэй да нашых вытокаў, а блізкасць да вытокаў падразумявае блізкасць да прыроды, а значыць і да экалогіі.

Людміла Якшук

Фота з асабістага архіву герояў

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость