20.12.2016 / 11:12

Некалькі месяцаў доўжылася ў Мазыры змаганне за спыненне так званай амаладжальнай абрэзкі, якая практычна знішчала дрэвы. Гарадскія зялёныя насаджэнні – важны фактар фармавання здаровага навакольнага асяроддзя, неад’емнае права на якое мае кожны грамадзянін. Менавіта таму перамога мазырскіх экаактывістаў над абыякавасцю ўлады ўспрымаецца асабліва значна.

Месяц таму Гомельскі Зялёны партал выступіў з крытыкай таго спосабу амаладжальнай абрэзкі, якую на працягу некалькіх апошніх гадоў ужывалі камунальныя службы буйнога прамысловага цэнтру на Палессі. Адбылося гэта як раз напярэдадні пасяджэння камісіі па пытаннях выдалення і перасадкі аб’ектаў расліннага свету пры Мазырскім райвыканкаме. І вынікі пасяджэння камісіі аказаліся выніковымі для ўсіх жыхароў Мазыра.

Як паведаміў у сваім адказе на зварот грамадскага аб’яднання «Экадом» Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, менавіта 25 лістапада на згаданым пасяджэнні камісіі вырашылі абмежаваць амаладжальную абрэзку дрэваў і  максімальна выкарыстоўваць санітарную абрэзку. Выдаляючы толькі пашкоджаныя і сухія галіны.

Вядучы інжынер участка зялёнага будаўніцтва прадпрыемства «Мазырскі райжылкамгас» Алена Гнядзько ў сваім каментары Гомельскаму Зялёнаму парталу паведаміла: 

– Апошнім часам мы не выкарыстоўваем амаладжальную абрэзку. Мы можам выдаліць толькі аварыйныя і сухія галіны. Выдаленне дрэваў альбо абрэзка асноўных скелетных галінаў ці ствалоў ажыццяўляюцца нашым участкам толькі ў плане аказання платных паслугаў грамадзянам на іх прыватнай тэрыторыі паводле іх замаўленняў. А на будучы год мы плануем актывізаваць пасадку ў Мазыры новых дрэваў. 

Каардынатар «Зялёнага дазора»  па Мазырскім раёне Павал Наздра падзяліўся з Гомельскім Зялёным парталам сакрэтамі пераможных кампаній па абароне наваколля: 

– Калі настойліва і аргументавана, у прадугледжаным нашым заканадаўствам парадку, са згадваннем канкрэтных парушэнняў і спасылак на нарматыўныя акты, якія парушаюцца, ды яшчэ з прыцягненнем СМІ, дамагацца сваіх правоў, то чыноўнікі ўсё ж рана ці позна здаюцца. На жаль, мне немагчыма было вырашыць пытанне з абмежаваннем амаладжальнай абрэзкі, ці як я яе называю, – «слупаваннем», дрэваў на мясцовым узроўні. І Мазырская райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і ЖКГ, і райвыканкам ад маіх зваротаў папросту адпісваліся, адказваючы, што ўсё ў нас добра, працуюць пісьменныя спецыялісты і менавіта так і трэба даглядаць гарадскія зялёныя зоны. 

Але ж парушэнні існуючых нормаў і правілаў былі настолькі відавочнымі, што я вырашыў ініцыяваць зварот у аблкамітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад імя грамадскага аб’яднання «Экадом». Як аказалася, зварот ў вышэйшую інстанцыю, агучванне тэмы ў СМІ дазволілі вырашыць праблему на нашу карысць. Застаецца спадзявацца, што і сапраўды, такога варварскага абыходжання з дрэвамі, якое мы бачылі з сваім горадзе апошнія некалькі гадоў, болей не будзе.   

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость