Агляд відэатрансляцый дзікай прыроды: гродзенскія сокалы, экзотыка Афрыкі і калоніі пінгвінаў

Узімку большасць дзікіх звяроў і птушак у натуральным асяроддзі мяняюць свае звычкі і паводзіны, таму ўбачыць іх у моцныя маразы становіцца складаней. Але гэта не значыць, што назіранні за прыродай давядзецца адкласці да вясны. З дапамогай відэакамер можна паназіраць за братамі нашымі меншымі з усяго свету ў анлайн-рэжыме практычна ў любы час. Мы падрыхтавалі агляд найбольш цікавых месцаў, за якімі можна назіраць у рэальным часе ў інтэрнеце.

22.01.2016 Жывая прырода Аўтар: Гродзенскі Зялёны партал Фота: grodnonews.by, wildlife.by

Напрыклад, у Эстоніі анлайн-назіранні за прыродай становяцца ўсё больш папулярнымі. Дзякуючы веб-камерам можна ўбачыць на сваім маніторы самых розных прадстаўнікоў дзікай прыроды — ад мядзведзя да арла. Падрабязныя справаздачы аб назіраннях за арланамі, крывалапымі, цюленямі і іншымі жывёламі на сайце EENet ў 2015 годзе выклаў у сваім блогу майстар спорту па турызме з Гродна Аляксандр Пятроў.

На дадзены момант на сайце ідзе трансляцыя з некалькіх камер. Цікуючы за гэтай лясной кармушкай у Эстоніі, можна, калі пашанцуе, убачыць высакароднага аленя і іншых лясных жыхароў. Праз гэтую камеру можна паназіраць за марскімі жыхарамі, а вось тут жывуць шэрыя цюлені. Як адзначана на сайце, некаторыя камеры працуюць на сонечных акумулятарах, таму час ад часу карцінка можа быць недаступная. А часам і самі жывёлы здзяйсняюць «атакі» на веб-камеры і псуюць абсталяванне. Напрыклад, у сакавіку мінулага года маладзенькі цюлень пагрыз правады.

Аматары птушак таксама могуць ужывую паназіраць за сакалінымі гнёздамі, напрыклад, на польскім сайце, прысвечаным гэтым птушкам.

Дарэчы, у Гродне раней былі ўсталяваны камеры назірання за гнёздамі сокала-пустальгі на Бернардынскім касцёле і ў мікрараёне Дзевятоўка.

Сокал-пустальга ў Гродне

Такія камеры працуюць, калі сокалы гняздуюць,  гэта прыкладна ад пачатку красавіка да сярэдзіны чэрвеня. Але ў мінулым годзе яны ў Гродне ўжо не працавалі, — паведаміў нам арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі.

Па яго словах, назіранне ў Бернардынскім касцёле было спынена пасля таго, як самка, заляцеўшы ў будынак, па невядомай прычыне пакінула гняздо. Потым там загнездавала яшчэ адна пара, але таксама па незразумелых прычынах яны кінулі гняздо, і больш там сокалы не гняздуюць. На працягу аднаго сезона была таксама ўсталявана веб-камера ў гнездавой скрыні на Белых Росах на Дзевятоўцы. Але ў мінулым годзе сакаліныя нішы былі зачыненыя, і таму там ніхто не гнездаваў.

На сайце Птушкі штодня на працягу некалькіх гадоў ідзе трансляцыя з гнязда сокала-пустальгі ў Брэсце. Хутчэй за ўсё, яна будзе працягнута і ў гэтым годзе. Акрамя таго, у арнітолагаў ёсць задумкі паставіць камеру назірання за барадатай кугакаўкай у заказніку «Выганашчанскі».  

Яшчэ некалькі спасылак на анлайн-трансляцыю відэа з сусветнай жывой прыроды:

  • Веб-камера ў Паўднёвай Афрыцы паказвае дзікую экзатычную прыроду ў фармаце жывога відэа з гукам.

  • Веб-камера каля Скалы Вітання ў ЗША, месца адпачынку ваўкоў, транслюе, як ваўкі час ад часу грэюцца ў промнях сонца. 

  • Веб-камера на антарктычнай станцыі «GARS O'Higgins» паказвае калонію пінгвінаў. Карцінка абнаўляецца кожныя 15 хвілін.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 22.01.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.