21.04.2017 / 17:04

Засталіся літаральна гадзіны да адкрыцця вялікага сезона ўборак несанкцыянаваных звалак руху «Зробім!». Шосты год запар беларусы далучацца да глабальнай дзеі, якая грунтуецца на прынцыпах дабраахвотнасці і апантанасці «зялёнымі» ідэямі. Зялёны партал паразмаўляў з пастаяннымі ўдзельнікамі і арганізатарамі лакальных уборак, каб даведацца, што іх матывуе ўдзельнічаць у акцыі з года ў год.

Усім мы задалі аднолькавыя пытанні.

— Што сфармавала твой светапогляд, і хто з'яўляецца тваім «кумірам», хто найбольш паўплываў на цябе? — Што ты лічыш найбольш важным у сваім жыцці і да чаго імкнешся? — Чым ты займаешся ў паўсядзённым жыцці? — Як ты прыйшоў у рух «Зробім!»? — Якая ў цябе матывацыя займацца ўборкамі? — Што табе найбольш імпануе ў акцыі?

Рыгор, Брэст:

— Мне складана адказаць адназначна. На дадзены момант дзякуючы шэрагу разнастайных падзей я знаходжуся ў працэсе фарміравання светапогляду, змяняю сваё стаўленне да многіх рэчаў.

Літаральна з самага пачатку, як я прыйшоў у «зялёны» рух, маім кумірам стаў Яраслаў Бекіш, каардынатар Таварыства «Зялёная сетка», які дапамог мне ўліцца ў дзейнасць, быў шчырым і дапамагаў з вырашэннем хвалюючых мяне пытанняў. Яго парады вельмі падтрымалі мяне і дапамаглі, як кіраўніку і чалавеку. Хочацца сказаць «дзякуй» Яраславу і ўсім таварышам Зялёнай сеткі за тое, што яны дзяліліся сваім вопытам, вядома, без усяго гэтага мне было б значна цяжэй.

Зараз жа маімі кумірамі з’яўляюцца мае паплечнікі — валанцёры арганізацыі «Час Зямлі». Я сапраўды захапляюся іх настойлівасцю і жаданнем займацца экалагічнымі пытаннямі.

— Важна быць чэсным перад сабой і тваім наваколлем. Важна не саступаць перад праблемамі, а вырашаць іх.

Я імкнуся ствараць у сваім жыцці і ў жыцці сваіх таварышаў камфортныя ўмовы, каб мець магчымасць безперашкодна рэалізоўваць сябе і заставацца ў гармоніі з прыродай.

— Як толькі з’яўляецца магчымасць, стараюся падарожнічаць. На жаль, адпачыць у Беларусі не атрымоўваецца, бо заўсёды з’яўляюцца нейкія справы.

У сваім родным горадзе не забываю аб падтрыманні фізічнай формы: хаджу ў трэнажорную залу, езджу на ровары, плаваю. Але апошнім часам усё больш пад настрой.

— Мне хацелася разам з сябрамі заняцца карыснай справай. Неяк у інтэрнэце я натыкнуўся на аб’яву пра ўборкі, і з улікам, што нам была неабыякава гэта праблема, вырашылі арганізаваць сваю ўборку. З 15 мая 2015 года ўсё і панеслася.

— А вось такім простым чынам зрабіць свой унёсак у захаванне прыроды. Як для кіраўніка арганізацыі — магчымасць прыцягнуць новых людзей, гатовых дзейнічаць і вырашаць экалагічныя праблемы.

— Магчымасць пазнаёміцца і стасавацца з людзьмі.

Анастасія, Мінск:

— На мяне аказала ўплыў вывучэнне ведычных ведаў. А вось куміраў няма. Натхняе гістарычны вобраз Гандзі.

— Бадай самае важнае для мяне — выконваць сваё прызначэнне, жыць у згодзе з наваколлем. Гарманічна развівацца як асобе, ствараць праекты, карысныя і важныя для людзей.

— Кірую праектам #Кэндиам Захад (candyam.by).

— Гэта быў для мяне шлях самаразвіцця, калі зразумела, што магчымасць ачысціцца самой — дзейнічаць на карысць іншых людзей, праз дабраахвотныя намаганні.

— Для мяне гэта праца, як лекі. Мне падабаецца тое, што раблю, я бачу ў гэтым асаблівы сэнс.

— Найбольш мне падабаецца, калі мы збіраемся пасля ўборкі і абмяркоўваем вынікі, будуем новыя планы, дзякуем адзін аднаму і бачым, як горы сабранага смецця забіраюць камунальныя службы.

Алеся, Мінск:

— Паўплывала ўсё патрошку: унутраныя пачуцці, кнігі, фільмы, сябры і бацькі… Сам працэс навучання эмпатычнасці, калі вучышся суперажываць іншым. Я захапляюся неабыякавымі людзьмі, актывістамі і актывісткамі.

— У мяне ёсць 4 кіты, на якіх хацелася б пабудаваць жыццё: самасвядомасць, эмпатыя, рэфлексія і пазнанне.

— Я занятая ў адукацыйнай сферы.

— Хутчэй «Зробім!» прыйшло да мяне. Яшчэ да пачатку афіцыйнай кампаніі ў Беларусі я разам са знаёмымі і неабыякавымі людзьмі сустракаліся і прыбіралі лясы, паркі. І пры гэтым стараліся сумяшчаць карыснае з прыемным: ладзілі пікнікі, стасаваліся, абменьваліся ведамі.

— Зрабіць свет крыху чысцей. Але, як мне падаецца, гэта слабы аргумент. Важна навучыцца не толькі прыбіраць за сабой, а перш за ўсё — не смеціць! Свядома ставіцца да рэчаў, задумвацца аб іх неабходнасці і далейшым лёсе.

— Безумоўны плюс — вакол цябе прыемныя і неабыякавыя людзі. У працэсе ўборкі можна пагуляцца, уявіўшы сябе ў мностве роляў. Напрыклад, супергераіні, якая змагаецца з пластыкавымі пакетамі і бляшанкамі, прыхаванымі пад ценню лістоты. На мой погляд, гэта выдатная магчымасць правесці час з карысцю: вызваліць прыроду ад смецця і адпачыць ад звыклай атмасферы. Зрэшчы, парухацца і атрымаць зарад бадзёрасці на цэлы дзень.

Кірыл, Мінск:

— Экасвядомасць, філасофскі падыход да жыцця. Я вельмі цаню і паважаю сваіх калег, натхняюся імі.

— Разумныя і ўстойлівыя рашэнні.

— Працую ў кампаніі «Гарадскі Ляснічы» і грамадскай арганізацыі «Мінскае роварнае таварыства». Арганізоўваю мерапрыемствы, кантактую з людзьмі.

— У 2014 годзе даведаўся пра ўборкі і на наступны год прыняў удзел. Памятаю, было гэта восенню ў дажджлівы дзень. Нас прыйшло ўсяго 7 чалавек, але мы здолелі прыбраць велізарную тэрыторыю і нават дастаць старую пральную машыну з возера.

— Відавочнасць выніку, праца на свежым паветры і камандны дух. Аднак хацелася б прыўнесці больш устойлівасці, каб смецця, у рэшце рэшт, не з’яўлялася.

— Валанцёрскі арганізацыйны камітэт руху складаецца з добрых і крэатыўных людзей, якія заўсёды адгукаюцца і дапамагаюць. Вядома ўсе тыя людзі, якія прымаюць актыўны ўдзел у саміх акцыях.

Кацярына, Мінск:

— На мяне вельмі паўплывала дзяцінства і стасункі з рознымі цікавымі людзьмі.

— Я вельмі свабодалюбівы чалавек. І імкнуся жыць у гармоніі з сабой і наваколлем. Нашае жыццё занадта кароткае, каб траціць яго на свае, а тым больш чыесьці, дурасці. Вельмі важна быць сабой і не баяцца выказваць меркаванне.

— Я працую на двух працах і выхоўваю двух катоў, вырошчваю кветкі на балконе і агарод на падваконні.

— Прапанавалі проста ўзяцца за арганізацыю ўборкі ў сваім раёне, я так і зрабіла.

— Калі прыбіраеш у галаве, таксама наводзіцца парадак. Гэта як спосаб перазагрузкі ці барацьбы са стрэсам.

— Падабаецца адчуванне свайго ўнёску ў важную агульную справу.

Автор:
Фотограф:
Зялёны партал, асабісты архіў герояў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость