Торба Шоу: Майстар-клас для тых, хто дбае пра навакольнае асяроддзе

“Думай глабальна, рабі лакальна” – вядомы ўва ўсім свеце прынцып паспяховай валанцёрскай працы. І менавіта ім карысталіся арганізатаркі Торба Шоу  - бясплатных майстар-класаў па вырабніцтве эка-торб.

21.09.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Наста Захарэвіч Фота: Саша Кульбіцкая

Як узнікла ідэя праекта?

Торба Шоу стварылася дзякуючы любові да пыроды, нелюбові да пластыку і невычэрпнаму энтузіязму двух дзяўчын - Каці Арчаковай і Сашы Кульбіцкай.

Саша расказвае, як гэты было: “Часта нам, гарадскім людзям, здаецца, што ўсё, што ствараецца, чароўным чынам знікае дзесьці там у сметніцы, але на самой справе са смецця ствараюцца фактычна горы, якія нікуды не знікаюць. Вось мы пра гэта задумаліся, спужаліся, але вырашылі потым: “ладна, не будзем пужацца, а будзем штосьці з гэтым рабіць”. І мы пачалі думаць, як менавіта можна паўплываць на сітуацыю. Адразу да галавы прыйшлі ідэі пра нейкія альтэрнатывы, але тканевыя торбы нам падаюцца самай крутой ідэяй. Такімі торбамі карысталася яшчэ мая бабуля! Тобок вось ужо 2017 год, мы лятаем у космас і ўсё такое, а тканевыя торбы застаюцца самым экалагічным спосабам пазбавіцца пакетаў, зробленых з пластыку”.

     

    Перавагі эка-торбаў
    - Адна такая торба служыць каля 2 гадоў. Вядома, калі карыстацца напраўду акуратна, дык гэты тэрмін можа быць значна даўжэйшым.
    - Тэарэтычна, адна экаторба можа замяніць у сярэднім каля 400 пластыкавых пакетаў.
    - Экаторбы значна больш эстэтычныя за поліэтыленавыя аналагі.

     

    Якія яшчэ ёсць альтэрнатывы ў звычайных пластыкавых пакетаў?

    Біяраскладальныя пакеты

    Ёсць у крамах такія зялёныя пластыкавыя пакеты – нібыта цалкам біяраскладальныя. На першы погляд можа падацца, што гэта добрае выйсце з сітуацыі, але ў рэальнасці такія пакеты прыносяць больш міфаў, чым сапраўднай карысці. У чым жа іх праблема?

    Па-першае, яны не раскладаюцца на 100%. Пластык не пераўтвараецца ў паветра, а проста расшчапляецца на безліч вельмі маленькіх кавалачкаў. І гэтыя мікракавалачкі ўсё адно застаюцца пластыкам. Больш за тое, узнікае пытанне, ці не больш шкоды яны прыносяць, чым звычайныя пакеты, бо апошнія, прынамсі, не трапляюць у нашыя вадаправоды.

    Па-другое, для таго, каб гэты працэс раскладання ўвогуле пачаўся, патрэбныя вельмі адмысловыя ўмовы, якіх няма на беларускіх смеццевых палігонах. Неабходны светлавы і тэмпературны рэжым, пэўны ўзровень вильготнасці паветра. Гіпатэтычна гэта ўсё можна забяспечыць, але, як паказвае практыка, усё дужа складана.

    Папяровыя пакеты

    Яны класна выглядаюць і складваюць уражанне вельмі экалагічнай тары. Але ў рэальнасці папяровыя пакеты – гэта хіба яшчэ больш шкодная з’ява, чым пластыкавыя. Па-першае, вельмі часта тыя папяровыя пакеты, якія сустракаюцца ў прадуктовых крамах (звычайна ў хлеба-булачных аддзелах) маюць гэтаксама пластыкавыя элементы - празрыстыя ўстаўкі-вакенцы, альбо цалкам знутры пакрытыя тонкай плёнкай. Верагоднасць таго, што такія пакеты будуць перапрацаваныя, імкнецца да нуля. Па-другое, дзеля стварэння папяровых пакетаў вырубаюць дрэвы, і гэта дакладна не экалагічна. А па-трэцяе, жыццёвы цыкл такіх пакункаў значна карацейшчы, чым у звычайных пакетаў, зробленых поліэтылену. Пластыкавым пакетам можна карыстацца шмат разоў, і часам яны “жывуць” напраўду доўга, а паўторнае выкарыстанне папяровай упакоўкі харчовых прадуктаў – вельмі сумнеўная практыка. Нават калі ўнутры той пакецік мае плёнку, памыць яго дужа цяжка; і ў цэлым ён вельмі недаўгавечны: хутка забруджваецца і лёгка рвецца.

    Каця Арчакова расказвае пра тэхнічныя асаблівасці Торба Шоу: “Мы вырашылі рабіць майстар-класы, на якіх торбы можна пашыць без швейнай машынкі, бо не ва ўсіх дома ёсць такі агрэгат. А ніткі з голкамі ёсць дакладна ў кожнай сям’і. Такім чынам, мы не проста даем магчымасць пашыць торбу на майстар-класе, але і паказваем, што гэта можна лёгка паўтарыць самім дома. Не трэба мець ніякіх абмысловых навыкаў – да нас прыходзяць і тыя, хто сябруе са швейнай машынкай, і тыя, хто апошні раз штосьці шыў ў школе на адмысловых уроках. Усе застаюцца задаволеныя і сыходзяць з пашытымі торбачкамі.

    Удзел у нашых майстар-класах заўжды бясплатны, і, каб пакрыць выдаткі на іх правядзенне, мы выкарыстоўваем сістэму free donation (кожная ўдзельніца пры жаданні пакідае любую суму грошай у адмысловай скрыначцы) і шыем на машынцы эка-торбы на продаж.  Мы лічым важным прынцып zero waste і стараемся як мага больш выкарыстоўваць тканіны не набытай у краме, а знойдзенай у глыбінях шафаў. Мы ладзілі вялікі Торбазбор, і людзі неслі нам прыгожыя тканіны, а мы частавалі іх ласункамі ў якасці падзякі. А нядаўна з намі звязаўся адзін хлопец, які сказаў, што ён з’язжае, але ў яго ёсць цэлая валіза тканіны, і ён не ведае, куды яе падзець. Цяпер у нас ёсць шмат тканіны і нават валіза.

    На майстар-класах мы выкарыстоўваем такую тканіну, з якой робяць пасцельную бялізну. З ёй лёгка працаваць рукамі. Але людзі прыносяць і іншыя віды тканін, і з іх мы шыем на машынцы тое, што ідзе на продаж”.

    Увогуле, заклікаючы людзей да эка-фрэндлі ладу жыцця, не заўжды варта акцэнтаваць вагу на этыцы, ратаванні планеты і іншых важных рэчах. Сур’ёзныя маналогі могуць адпужнуць. Альтэрнатыўны падыход – зрабіць экалагічныя рашэнні моднымі. Тобок эка-торбы як ідэю можна прасоўваць, акцэнтуючы ўвагу, што гэта класны і прыгожы варыянт таго, з чым хадзіць у краму. На розных людзей уплываюць розныя аргументы, так што і стратэгія прасоўвання мусіць быць змяшанай.  У інстаграме дзяўчаты запусцілі хэштэг #торбашоу, пад якім выкладваюць самі і заклікаюць іншых выкладваць фота сваіх эка-торбаў.

    Сам працэс пашыву эка-торбы ўручную займае каля трох гадзін. Можа падацца, што гэта вельмі доўга, і што вы стоміцеся за тры гадзіны сядзення за сталом, але насамрэч час пралятае вельмі хутка. Арганізатаркі расказваюць экалагічныя цікавосткі, удзельніцы задаюць розныя пытанні і дзеляцца ўласным досведам экалагічнага ладу жыцця. Абавязковая частка праграмы – жарты пра кампост. Робячы побыт усё больш экалагічным, людзі рана ці позна прыходзяць да тэмы кампосту, і тут жа вялізнае поле для пытанняў, абмеркаванняў і стварэння новых ідэй.

    Як дапамагчы Торба Шоў
    Падзяліцца тканінай альбо ніткамі мулінэ (менавіта іх выкарыстоўваюць на майстар-класах). Матэрыялы можна пакінуць у прасторы “Komnata 3/0/2” (Леніна, 50) альбо звязаўшыся з арганізатаркамі пра сацыяльныя сеткі праекта Торба Шоў.
    Распаўсюджваць інфармацыю пра майстар-класы сярод знаёмых. Фоткаць свае торбачкі і выкладваць здымкі ў сацсеткі пад хэштэгам #торбашоу.
    Любіць прыроду і паменш карыстацца пластыкавымі пакетамі.

    Шмат хто скептычна ставіцца да ідэі шыць уручную, бо думае, што такія торбы будуць ненадзейнымі, і фактычна іх будзе цяжка выкарыстоўваць па прызначэнні. Цягаць 10 кілаграмаў гародніны ў іх і праўдане варта, але 5 кіло яны вытрымліваюць без праблем. Калі ж для вас актуальна, каб торба вытрымлівала менавіта вялікую вагу, замаўляйце і набывайце ў арганізатарак пашытую на машынцы.

    ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

    Падзяліцца: 21.09.2017

    Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.