У дрэваў мінскага сквера «Котаўка» з'явіліся вочы

Актывісты кампаніі па абароне сквера «Котаўка» правялі на выхадных стрыт-арт-акцыю, мэта якой прыцягнуць увагу да магчымай высечкі дрэваў і скарачэння зялёнай зоны пад пляцоўку для будаўніцтва касцёла.

21.11.2016 Грамадства 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Зялёны партал

Па словах яе ўдзельнікаў, ідэю маляваць на дрэвах яны перанялі ў сваіх кіеўскіх калег, якія падобным чынам змагаліся з высечкай паркаў і сквераў.

«У Кіеве акцыі дапамаглі адстаяць зялёныя насаджэнні, таму і вырашалі паспрабаваць у нас. Мы хацелі не толькі прыцягнуць больш увагі мясцовых жыхароў да сквера, але і паказаць важнасць дрэваў увогулле, — пракаментавалі актывісты Зялёнаму парталу. — На наш погляд, нават частковая высечка сквера — недапушчальная. У Мінску за апошні час і так «знікла» дастаткова шмат дрэваў, у цэнтры горада практычна не засталося зялёных зон. Не хацелася б бачыць падобную карціну і ў жылых, спальных раёнах».

Цяпер у Котаўкі з'явіліся вочы, і дрэвы бачаць усё. Згодна псіхалагічным даследаванням, наяўнасць вачэй у любым памяшканні ці прасторы падсвядома мяняе паводзіны чалавека. Людзі стараюцца паводзіць сябе больш стрымана і правільна.

Такім чынам, актывісты спадзяюцца, што наяўнасць вачэй у дрэваў дапаможа горадабудаўнікам і чыноўнікам зірнуць на зялёную зону па-іншаму, прызнаць яе значэнне і захаваць ад забудовы. Тым больш што сквер «Котаўка» — гэта адна з нямногіх грамадскіх зялёных зон для 12-тысячнага пасёлку, які ў хуткім часе мусіць пайсці пад забудову шматпавярхоўкамі, што ў значнай ступені павялічыць антрапагенную нагрузку.

Згодна з даследаваннямі Сусветнага фонду аховы дзікай прыроды (WWF), адно дрэва сярэдняга памеру вырабляе столькі кіслароду, колькі неабходна для дыхання трох чалавек. Такім чынам, дрэвы ў Котаўцы забяспечываюць чыстым паветрам каля 1500 жыхароў раёна.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 21.11.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.