Макароны і крупы на вагу, мыючыя сродкі на разліў, паста ў выглядзе таблетак і шматразовыя палачкі для чысткі вушэй — ўсяго толькі невялікая частка таго асартыменту, што прапануе крама.
Ідэя ляжала на паверхні сметніцы
Ідэя стварэння такога кшталту крамы ўзнікла ў дваццацігадовай Міліны Глембоўскай. Пасля вячэры са сваім сябрам дзяўчына ўзялася прыбіраць посуд: некалькі талерак, два відэльцы і бакалы з-пад віна. Яна была ўсцешана невялікай колькасцю рэшткаў ад вячэры. Аднак калі позірк Міліны ўпаў на сметніцу, яна жахнулася ад масы ўпакоўкі, што засталася ад прадуктаў харчавання.
Гэта і быў той самы "ага" момант, штуршок для дзяўчыны. І яна ўзялася распрацоўваць бізнэс-план для крамы без лішніх адходаў, з якім пачала аббіваць парогі банкаў, распавядае менеджэрка Original Unverpackt Ліна Шульц.
На жаль, ніхто з буйных фінансістаў не раздзяліў энтузіазму Міліны і не паверыў у яе ідэю. Сваё рашэнне банкі абгрунтоўвалі развітай і наладжанай сітэмай буйных гандлёвых сетак.
Адмова дзяўчыну не спыніла. Аднадумцаў яна ўзялася шукаць сярод звычайных людзей, спажыўцоў. Дзеля чаго Міліна запусціла ў інтэрнэце краўдфандыгавы збор сродкаў. Прычым мэты ў дзяўчыны былі досыць амбінцыйныя: за 30 дзён ёй неабходна было назбіраць 20 тысяч еўра.
Вядома, Міліна хвалявалася ці знойдзе яе задума водгук у людзей, бо не кожны чалавек можа дазволіць сабе такія грошы. Аднак здарылася неверагоднае, патрэбная сума назбіралася за 24 гадзіны. Увесь астатні час яна вырашыла патраціць на распаўсюджанне сваёй ідэі сярод людзей.
У 2014 годзе ў Берліне адкрылася першая крама без упакоўкі. На сённяшні дзень сетка гандлёвых кропак такога кшталту налічвае каля 80 крамаў па ўсёй Германіі, а сама ідэя даўно распаўсюдзілася франшызай па свеце.
"Мы пастаянна стараемся зрабіць лепш"
Найперш у краме пачалі прадавацца харчовыя тавары — макароны, крупы на вагу. Аднак у сваёй канчатковай мэце адна гандлёвая кропка павінна была замяняць цэлы супермаркет, што значыць у чалавека павінна быць магчымасць набыць сабе ўсё неабходнае ў zerowaste кантэксце.
Паступова асартымент крамы папаўняўся шклянымі і металічнымі трубачкамі для піцця, кантэйнерамі для ежы з металу, шклянымі бутэлькамі для пітной вады, драўлянымі шчоткамі для чысткі зубоў, а таксама шчоткамі са сменнымі насадкамі для мыцця посуду і г.д. Да ўсяго, Original Unverpackt мае спецыяльны сертыфікат, які падцвярджае, што ўвесь выстаўлены тавар у краме арганічны.
Вядома, ідэалагічную барацьбу давялося правесці з пастаўшчыкамі, каб па дастаўцы тавара ў гандлёвую кропку не заставалася ніякага смецця ад упаковачнай тары.
Першапачатковай умовай для дастаўкі харчовых прадуктаў — былі мяхі па 25 кілаграмаў, вырабленыя з рэсайклінг паперы. Аднак на 100% пазбавіцца ад смецця не атрымоўваецца.
Напрыклад, сухафрукты, асабліва тыя, што могуць быць ліпкімі, пастаўляюцца ў краму ў папяровых пакета, але гэта толькі знешняя іх упакоўка.
Каб гэта ліпкасць не прасочвалася, сухафрукты дадаткова ўпакоўваюць у пластыкавы пакет. Праўда, ён вельмі лёгка аддзяляецца і яго адпраўляюць на перапрацоўку, паціскае плячыма Ліна.
Тое, што ўдалося змяніць сваімі намаганнямі — упакоўку для пасты ў выглядзе таблетак. Ад самага пачатку пастаўшчыкі прывозілі яе ў пластыкавым кантэйнеры, аднак цяпер яны дастаўляюцца ў краму ў спецыяльнай "сумачцы", якая прыдатна для кампасціравання.
Яшчэ застаецца вырашыць пытанне з вялікімі пластыкавымі каністрамі з-пад мыючых сродкаў, якія пакуль даводзіцца выкідаць у спецыялізаваны кантэйнер для пластыка. У будучым, спадзяецца менеджэрка крамы, іх удасцца папросту перазапаўняць.
Як прызнаецца сама Ліна, вялікую ролю ў працы з пастаўшчыкамі сыграла тое, што ідэю крамы вельмі хутка падхапілі людзі. Рост колькасці падобных кропак мае вагу ў вырашэнні падобных пытанняў, калі ты сам пачынаеш дыктаваць умовы супрацы.
Таксама на руку ідэі сыграла ініцыятыва Еўрапарламента па законапраекце датычнаму пытанняў упакоўкі, у асаблівасці яе скарачэнню на стадыі вытворчасці. І з улікам, што ў Германіі дадзеная рашэнне ўступае ў сілу з 1 студзеня 2019 года, вытворцы і пастаўшчыкы загадзя пачалі клапаціцца пра яго рэалізацыю. Адсюль і больш проста ішлі на саступкі і перамовы.
Крама без упакоўкі дайшла да Беларусі
Акрамя таго, што zerowaste крама дазваляе штодзённа скарачаць колькасць адходаў, сваім жывым прыкладам гандлёвая кропка натхняе людзей спрабаваць падобныя ініцыятывы ў сваіх гарадах і краінах.
Прыблізна так здарылася з Юліяй Лісіцай, якая перацягнула ідэю ў беларускія рэаліі. Са сваёй задумай дзяўчына паспела паўдзельнічаць у Social Weekend і нават атрымаць падтрымку для старта.
За паўгады руплівай працы ёй удалося знайсці шмат майстроў і ініцыятыў, вырабамі якіх пачаў напаўняцца асартымент крамы: палатняныя мяшэчкі для сыпучых прадуктаў, ручной работы авоські, вязаныя з натуральных нітак мачалкі для мыцця посуда і для цела, шматразовыя палатняныя пракладкі, брошы з рэшткаў дрэва і метала і г.д. Некаторыя віды тавараў давялося "пазычыць" у замежных калег: экалагічныя прэзерватывы, менструальныя чашы, шкляныя трубачкі, шчоткі і палачкі для чысткі вушэй з драўлянай асновай.
З гэтага тыдня крама Zerro адчыніла свае дзверы для шырокай аўдыторыі, праўда пакуль online. Пазнаёміцца з асартыментамі і цэнамі можна на сайце ці ў сацыяльных сетках ініцыятывы — Facebook, Вконтакте, Instagram.
“Для нас амаль усё цікава, мы ўсцешаныя тым, што ствараем пляцоўку, на якой можна будзе набываць самыя неабходныя zerowaste-рэчы. Мяне асабіста захапляюць крутыя авоські і прэзерватывы”, — смяецца Юля.
“Асабіста ў мяне рукі трэсліся, калі лазіла па інтэрнэце і шукала пастаўшчыкоў. Так шмат крутых фірм, ланчбоксаў, шчотак, замяняльнікаў класічнай пасты ў цюбіку… Вочы разбягаюцца і хочацца ўсё набыць! Вядома, у першы час грошаў на ўсё не хапае і мы вельмі скурпулёзны ў сваім канчатковым выбары”, — дадае Святлана Гатальская, што далучылася да каманды праекта.
Як не дзіўна, але ідэя атрымала вялікі і шчыры водгук у нашай краіне. Як дзеляцца дзяўчыты, вельмі натхняльнымі для іх былі "нецярплівыя" паведамленні ад людзей, што прыбывалі ў чаканні адкрыцця крамы.
"Зараз я разумею, што раблю тое, чаго сама доўга чакала. Так гэта крама — і мая мара таксама!", — зазначае Света
.
У будучым асартымент тавараў будзе дадавацца і пашырацца. Як зазначае Юля, яны ўжо замовілі металічныя станкі для галення без пластыкавых элементаў, касметыку і мыйныя сродкі "mi&ko".
"Хацелася, каб з'яўлялася больш беларускіх марак. Хаця ў нас і так даволі багаты выбар беларускіх вытворцаў, мы спецыяльна рабілі ўціск на такога кшталту тавары, бо па-сапраўднаму хочам падтрымаць іх", — падкрэслівае Святлана.
Таму цалкам верагодна, што на паліцах Zerro могуць з'явіцца айчынныя аналагі замежным рашэнням шматразовых бутэляк для вады, ланчбоксаў і экакубкаў.
Ну і вядома, застаецца чакаць адкрыцця гандлёвай кропкі, дзе на вырабы не толькі можна паглядзець, але памацаць і прымерыць.