Тэма будаўніцтва завода застаецца адной з самых актуальных для горада, і грамадскі інтарэс да яе не змяншаецца. На другое паседжанне па справе супраць “АйПаўэр” прыйшло каля ста чалавек, а гэта, варта прызнаць, для Брэста і праўда шмат.
Нагадаем, што група грамадзянаў разам з грамадскім аб’яднаннем “Экадом” патрабуюць, каб будаўніцтва акумулятарнага завода было спынена да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўплыву прадпрыемства на навакольнае асяроддзе. Ні “АйПаўэр”, ні райвыканкам не пагаджаюцца з выстаўленымі патрабаваннямі.
На новым паседжанні аказалася, што раней было праведзена тры ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе, і гэтая інфармацыя выклікала хвалю абурэння сярод прысутных.
Пасля заканчэння паседжання людзі каментавалі сітуацыю для “Народнага рэпарцёра” і выказвалі сваю незадаволенасць тым, што адбываецца.
“Врут, нам все врут! И «Айпауэр» этот врёт, и остальные. Везде ошибки, а что будет дальше? Они что, будут делать очистные сооружения? Всё будет идти в воздух, в землю! И мы будем травиться!»
Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Каршанкоў не падзяляе гэтага песімізму і ўпэўнены, што ўсё будзе па законе.
Праваабаронца Раман Кісляк адзначыў, што на суд прыйшло шмат людзей, і далёка не ўсім была забяспечана магчымасць прысутнічаць у залі. Ён таксама выказаў зацікаўленасць, якім чынам суд у наступнай цяжбе, дзе, па словах праваабаронцы, будзе больш за 300 заяўнікаў, вырашыць пытанне з залай паседжання.
Раней Раман Кісляк ужо заяўляў, што рыхтуюцца новыя прававыя цяжбы.
Таксама нагадаем, што 22 лютага ў адміністрацыю прэзідэнта былі перададзены 36 809 подпісаў жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна супраць будаўніцтва завода. Актывісты спадзяюцца, што гэтыя подпісы дапамогуць спыніць будаўніцтва завода.
Спецыяліст у галіне экалагічнага права і юрыст ГА “Экадом” Сяргей Магонаў, які пасля першага паседжання заяўляў, што ў ягонай арганізацыі вялікія шанцы на перамогу, другім паседжаннем аказаўся яшчэ больш задаволены.
“Прадстаўнікі адказчыкаў падцвердзілі шмат няпэўных момантаў – напрыклад, што сапраўды правядзенне грамадскага абмеркавання было складзена з вялікіх і малых парушэнняў. Яны гэта прызналі, і гэтыя словы занесены ў пратакол судовага паседжання.”
Сяргей упэўнены ў важнасці гэтага прызнання і мяркуе, што яно дае магчымасць бараніць правы грамадскасці іншымі сродкамі.
“Шкада, што прадстаўнікі выканкаму не бачаць праблемы ў невыкананні патрабаванняў закону – маўляў, надрукавалі абвестку па грамадскія абмеркаванні, а тое, што тэрміны на 10 дзён не супадаюць – гэта дробязі; далі на абмеркаванне не тую справаздачу – нічога страшнага.”
Юрыст “Экадому” ўпэўнены, што такое стаўленне становіцца прычынай таго, што грамадства не паважае ўлады: “Не варта потым здзіўляцца, што аўтарытэт у кіраўніцтва нулявы. Але гэта такая справа: што пасееш, то і пажнеш”.
Разам з тым Сяргей адзначае, што прыемна ўражаны, наколькі мясцовыя жыхары зацікаўленыя ў справе, як яны прысутнічаюць на паседжанняхі актыўна прымаюць удзел ва ўсім, што адбываецца.
Рашэнне па цяперашняй судовай справе будзе агучана 27 сакавіка. Паседжанне пачнецца а 10ай гадзіне.