22.07.2017 / 13:07

Сёлетняй тэмай мерапрыемтсва стала прыцягненне людзей да аховы навакольнага асяроддзя. У першы дзень на сустрэчы падвялі вынікі за два гады дзейнасці ў экалагічнай галіне.

Яраслаў Бекіш: Пагадненне па клімаце і ўпадак Мінпрыроды

«Паўтары гады таму было падпісана Парыжкае пагадненне па клімаце, – распачаў Яраслаў Бекіш, каардынатар Таварыства «Зялёная сетка». – Без лішняга пафаса можна сказаць, што яго падпісання чакала ўсё чалавецтва».

Важнасць дакумента ў тым, што зададзена іншая дынаміка глабальных палітычных і эканамічных працэсаў. Гэта стала асабліва відавочна па рэакцыі сусветнай супольнасці пасля адмовы Дональда Трампа прытрымлівацца абавязкаў па пагадненню.

«Амаль палова Злучаных Штатаў прытрымліваецца пазіцыі: ''Калі Амерыка, як краіна, не жадае выконваць абавязкі па Парыжскым пагадненні, то асобныя гарады зробяць гэта самі''», – працягнуў ён.

Для Беларусі глабальнае кліматычнае пагадненне іграе важную ролю ў тым, што сёння Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацоўвае нацыяльнальныя праграмы па выкананню абавязкаў, у тым ліку, як падкрэслівае Яраслаў Бекіш, праграму зніжэння энергаёмістасці беларускай эканомікі і энергетыкі.

«Акрамя гэтага, тры прадстаўнікі грамадскіх арганізацый увайшлі ў афіцыйную дэлегацыю сустрэчы ў Парыжы», – адзначае ён.

Пры ўсім каардынатар Зялёнай сеткі прыгадаў, што ўжо некалькі месяцаў Мінпрыроды застаецца без главы. Гэта вядзе да зніжэння ролі міністэрства ў структуры дзяржаўнага апарата.

Як дасягненне апошніх двух год Яраслаў Бекіш адзначыў змену старшыні Беларускай партыі «Зялёныя», у цэнтральны савет якой увайшлі многія экалагічныя актывісты.

 

Ірына Сухій: прыслед экалагічных актывістаў і сустрэча бакоў Канвенцыі Эспа

«У нашай краіне здарыўся выпадак масавага праследу экалагічных актывістаў, і гэта выклік, які стаіць перад намі», – заявіла Ірына Сухій, член грамадскага аб'яднання «Экадом».

На чарговай сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі Камітэт па адпаведнасці прыняў рашэнне па беларускай справе, прызнаўшы факты грубых парушэнняў абавязкаў пагаднення.

Яшчэ адной падзеяй стала правядзенне сустрэчы бакоў Канвенцыі Эспа ў Мінску, якая па большай частцы была звязана з рэгуляваннем пытанняў будаўніцтва БелАЭС. Аднак, на жаль, яна скончылася нічым, бо краіны так і не змаглі дамовіцца па шэрагу пытанняў.

 

Канстанцін Чыкалаў: Закон па рэгуляванню выкарыстання балот

«Дасягненнем у нашай дзейнасці мы лічым распрацоўку Стратэгіі па выкарыстанні балот. Зараз жа стаіць пытанне ў стварэнні закона, які будзе рэгуляваць пытанні іх захавання і выкарыстання, – падзяліўся Канстанцін Чыкалаў, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна». – У нас з'явіцца магчымасць зрабіць незаконным асушэнне балот».

 

Марыя Сума: Канвенцыя Мінамата

Беларусь не так даўно падпісала Канвенцыю Мінамата. Яна рэгулюе абыходжанне з адходамі, якія ўтрымліваюць ртуць, зазначыла Марыя Сума з Цэнтра экалагічных рашэнняў.

 

Наталля Парэчына: Хутка прымуць Закон аб арганічнай сельскай гаспадарцы, няхай і з хібамі

Аб тым, што Міністэрства сельскай гаспадаркі накіравала ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі праект Закона аб арганічнай сельскай гаспадарцы, паведаміла Наталля Парэчына з Цэнтра экалагічных рашэнняў. Яна адзначыла, што дакумент мае пэўныя хібы, але перспектыва яго існавання ўжо дасягненне.

 

Уладзімір Зуеў: Экаарганізацыі быццам бы ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў

Сумную тэндэнцыю апошніх гадоў, якая асабліва адчуваецца ў рэгіёнах, адзначыў Уладзімір Зуеў з баранавіцкая арганізацыі «Неруш», калі грамадскія арганізацыі быццам бы прыцягваюць да працэсу прыняцця рашэнняў праз каардынацыйныя саветы. Аднак, усё існуе толькі на паперы. Рэальных дзеянняў не адбываецца ў гэтым накірунку.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость