22.08.2017 / 11:08

Калі я была маленькай, мама вучыла мяне, што нельга рваць кветкі, бо ім балюча. Не рабіце, як мая мама, - не хлусьце дзецям. Асабліва ў такіх відавочных рэчах. Бо калі дзеці аднойчы зловяць вас на падобнай хлусні, прывіць ім беражлівае стаўленне да прыроды будзе значна складаней – давядзецца больш дасканала працаваць з аргументацыяй.

Першае правіла экалагічнага выхавання – паслядоўнасць. Мы, канечне, не робаты, і часам забываемся альбо лянуемся, і ўвогуле робім розныя памылкі, але калі хочам прывучыць дзяцей да экалагічнага ладу жыцця, мусім быць хоць бы збольшага паслядоўнымі ў сваіх дзеяннях. І дакладна не мусім расказваць байкі пра тое, як балюча кветкам, у якіх на самой справе няма тых рэцэптараў, якія дазвалялі б адчуваць боль.

Найбольш эфектыўнай для дзяцей будзе практыка-арыентаваная экалагічная адукацыя. Галоўнае – прывучыць да пэўнага тыпу паводзінаў, а тэорыя будзе дадавацца цягам жыцця. Але што канкрэтна можна зрабіць бацькам, каб расціць дзіця экалагічна свядомай асобай? Якія рэсурсы задзейнічаць?

 

Кантроль спажывання

Цацкі

Так, канечне, у вашага дзіцяці дома сто розных машынак, але менавіта такой яшчэ няма, і свет літаральна зруйнуецца, калі вы проста зараз яе не набудзеце. Але спыніцеся на секунду, зрабіце глыбокі ўдых, выдыхніце і… прайдзіце міма сто першай машынкі для хатняга аўтапарку, які ўжо займае амаль палову і без таго не надта прасторнай кватэры.

Гэта банальная ісціна, ужыцца з якой у рэальнасці аказвацца не так і проста: не набывайце дзецям зашмат цацак. Нават калі яны вельмі танныя, а вы акурат учора прачыталі артыкул пра тое, як дарослыя становяцца шапаголікамі, бо кампенсуюць “галоднае дзяцінства без цацак”. Канечне, не варта ўпадаць у крайнасць і адмаўляцца ад усяго новага, бо дзіцю, на вашую думку, цалкам дастаткова тых кубікаў, якімі ў дзяцінстве гуляўся яшчэ ваш старэйшы брат.

Але праблема не толькі ў колькасці цацак. Важна таксама, з якіх матэрыялаў яны зроблены. Наўрад ці можна цалкам адмовіцца ад пластыку на карысць больш даўгавечных драўляных прадметаў, але можна, прынамсі, не набываць тыя цацкі, якія пахнуць так, нібыта тыдзень вымочваліся ў сумесі з працоўнай назвай “пяць выпадковых канцэрагенаў”.

Спецыфічны пластыкавы пах – першае, што павінна адпужнуць вас пры выбары новай цацкі. Другі фактар – якасць фарбы. Калі фарба лёгка “адыходзіць”, значыць, гэта таксама вельмі кепскі выбар.

Вопратка

У Беларусь прыйшлі так званыя мас-маркет брэнды, цяпер вопратку можна набыць у звычайным супермаркеце, - і гэта сапраўдная экалагічная катастрофа. Бо навошта набываць адну дарагую майку, калі можна на тыя ж грошы ўзяць тры танныя? Разнастайнасць жа!  

Але па-першае, нізкая цана канчатковага прадукта значыць нізкі кошта матэрыялаў. Бываюць, канечне, танныя і рэчы з бавоўны, але ўсё часцей можна сустрэць на паліцах вельмі бюджэтную дзіцячую вопратку з сінтэтычных матэрыялаў, якія дужа нядобра сказваюцца на дзіцячай скуры (асабліва ўлетку, калі дзіця больш актыўна рухаецца і пацее). Па-другое, танная вопратка ў заходняй краіне ў дваццаць першым стагоддзі амаль заўжды асацыюецца з таннай працоўнай сілай (часам дзіцячай), і гэта зусім не тая сацыяльная з’ява, якую варта масава падтрымліваць.

 

Уключанасць дзяцей у вядзенне гаспадаркі

Гэты пункт спісу – не пра прыцягванне дзяцей да хатніх абавязкаў, а пра іх уключанасць у працэс прыняцця рашэнняў. Вельмі часта дарослыя ніяк не абмяркоўваюць з дзецьмі, што, як і чаму яны набываюць у крамах, як забяспечваюць гігіену ў хаце, чаму абіраюць менавіта такія сродкі для мыцця посуду і якія ў іх крытэрыі для выбару зубной пасты.

Маленькія людзі растуць у такім своеасаблівым інфармацыйным вакууме, і ў будучым, адсяліўшыся ад бацькоў, могуць нават не ўяўляць, як падбіраць сродак для прання бялізны, і чым гаспадарчае мыла адрозневаецца ад звычайнага.

Важна тлумачыць і тое, чаму сям’я кантралюе спажыванне. Бо калі вы проста адмаўляеце набыць сто першую машынку – гэта выклікае толькі крыўду, і сітуацыя не мае адукацыйнага ці выхаваўчага кампанента. А калі вы патлумачыце, што празмернае спажыванне кепска сказваецца на навакольным асяроддзі, і што мы неабдумана вытрачаем надта шмат рэсурсаў,  тады забарона на новую цацку будзе выглядаць зусім інакш. І ёсць верагоднасць, што ў вачах дзіця вы будзеце не злым дарослым чалавекам, няздольным зразумець сапраўдныя дзіцячыя праблемы, а героем ці гераіняй, што клапоціцца пра планету.

Вы лепш за ўсіх ведаеце сваё дзіця, і ведаеце, якія прыёмы спрацуюць найлепш. Уключыце фантазію, і патэнцыйна канфліктная сітуацыя ператворыцца ў пазнавальную гульню альбо міні-лекцыю з цікавымі фактамі.

 

Школьныя актыўнасці

Наўрад ці ў вас ёсць магчымасць значна паўплываць на навучальны працэс у школе, але вы ўсё адно можаце знайсці спосаб праявіць ініцыятыву і даць пэўныя экалагічныя ўрокі. Вашай дачцэ альбо сыну трэба падрыхтаваць даклад на так званую класную гадзіну? Хай гэта будзе расповед пра тое, як у Беларусі сарціруюць смецце, а скончыць даклад можна праглядам сацыяльнай рэкламы пра енотаў, якія ведаюць, што і куды выкідваць.

Увесь клас ідзе на выходных на пікнік? Парайце дзецям, які аднаразовы посуд лепш узяць (той, які можа быць перапрацаваны) і зноўку звярніце ўвагу на сарціроўку смецця.

Экалагічная адукацыя – не заўжды вясёлы працэс, поўны гульняў. Часам гэта даволі нуднае завучванне, які пластык у Беларусі перапрацоўваецца, а які – не. Канечне, такія элементы экалагічнага ладу жыцця могуць адштурхнуць дзіця, але калі яны будуць арганічна ўстаўленыя ў агульную паслядоўную сістэму, дык будуць успрымацца значна прасцей.

Гурткі і іншыя аб’яднанні

Яшчэ адзін спосаб зацікавіць дзіця ў экалогіі – паказаць, што экалагічныя актыўнасці – гэта крута і актуальна. Нярэдка дзеці (асабліва ў падлеткавым узросце) супрацьпастаўляюць сябе бацькам, праяўляюць нонканфармізм і гатовыя адмаўляць любыя каштонасці проста для таго, каб супярэчыць дарослым. У такой сітуацыі вельмі важна паказаць, што аднагодкі таксама зацікаўленыя ў нейкай ідэі.

Магчыма, вам спатрэбіцца шмат цярпення і вялікі палёт фантазіі, каб угаварыць дзіця пайсці ў гурток, дзе яго навучаць рабіць керамічны посуд альбо кармушкі для птушак, але вынік будзе таго каштаваць, упэўнена.

Гурток не толькі паказвае, што экалагічны лад жыцця – распаўсюджаная з’ява. Практычнае навучанне мае эфект, вельмі адрозны ад навучання тэарэтычнага. Робячы штосьці сваімі рукамі, дзіця зусім інакш адчуе важнасць праблемы, пра якую ідзе гаворка. Можна правесці дзесяць лекцый пра неабходнасць максімальнага адмаўлення ад пластыкавага посуду, але адзін практычны занятак, напрыканцы якога дзіця зможа забраць уласнаруч створаную крывую міску, будзе мець значна большы ўплыў.

 

Фільмы і перадачы

У залежнасці ад таго, чым найпрасцей зацікавіць вашае дзіця, прапаноўвайце яму розныя адукацыйныя фільмы і перадачы. Цяжка параіць штосьці канкрэтнае, бо ўсё залежыць ад узросту, цярплівасці і сферы інтарэсаў канкрэтнага чалавека, але наўрад ці праекты Animal Planet, якія паказваюць жыццё жывёлаў у дзікай прыродзе, пакінуць дзіця раўнадушнымі.

Тым не менш, сачыце за інфамацыйнымі плынямі і тлумачце дзецям, чаму не ўсе забавы з жывёламі, якія можна ўбачыць анлайн, аднолькава карысныя, а часам яны вельмі нават шкодныя.

Напрыклад, раскажыце, што пакласці за катом агурок, каб жывёліна, абярнуўшыся, смешна падскокнула, - кепская ідэя, бо для ката такая сітуацыя стане моцным стрэсам. Ну, і пра надзьмуванне жаб праз саломінку лепш таксама патлумачце самі, не чакаючы, пакуль гэта зробіць які-небудзь папулярны ютубер.

Безумоўна, не варта абмяжоўвацца жывёльнай тэмай. Заўжды можна знайсці цікавыя матэрыялы пра ветракі, сонечныя батарэі, другое жыццё пластыкавых бутэлек і стварэнне скрыняў са старых газет. Паказвайце дзецям, што экалогія – гэта пра паўсядзённае жыццё кожнага чалавека, і што кожны можа зрабіць свой унёсак.

 

Асабісты прыклад

Гэты пункт – самы галоўны ва ўсім спісе. Асабісты прыклад надзвычай важны ў выстройванні паслядоўнай сістэмы і экалагічным выхаванні дзіця. Бо калі вы патасна распавядаеце пра тое, як важна клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, і пры гэтым пакідаеце смецце пасля пікніку раскіданым па палянцы, дзіця дакладна не паверыць у пустыя эмацыйныя прамовы.

Паказвайце на справе, што вам не ўсё адно, і рабіце так, каб экалагічны лад жыцця быў для дзіця натуральным. Не варта ўвесь час прагаворваць, наколькі істотна сарціраваць смецце і выкарыстоўваць менш пластыку.

Рэальных справаў павінна быць больш, чым словаў вакол іх, і тады дзіця вам паверыць. І будзе ўсім нам шчасце!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость