22.09.2016 / 13:09

Вясной 2015 года ў Мінску пачынаюць працаваць тры перахопліваючыя паркоўкі на ўездах у горад. Плануецца, што жыхары раёна ці прыгарада, якія працуюць у сталіцы, будуць пакідаць там свае машыны і ехаць у цэнтр на грамадскім транспарце.

Днямі старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, галоўны архітэктар Мінска Павел Лучыновіч, заявіў, што ў планах пабудаваць яшчэ 14 перахопліваючых шматузроўневых падземных стаянак на ўездах у горад. Еўрарадыё правярае, ці карыстаюцца папулярнасцю ўжо існуючыя паркоўкі, і якая іх запаўняльнасць.

Паркоўка ля метро «Барысаўскі тракт»
Паркоўка ля метро «Барысаўскі тракт»

«Прыязджаюць рэгулярна, — кажуць супрацоўнікі паркоўкі каля метро «Барысаўскі тракт». — З Барысава прыязджалі некалькі чалавек, з Бараўлянаў прыязджалі… Але не шмат. Можа, адзін-два чалавека за суткі, а тое і за тыдзень. Рэклама, відаць, дрэнная, не ведаюць людзі пра гэтыя паркоўкі. Калі даведваюцца, то ўжо ездзяць. Часам тэлефануюць, пытаюцца. Але тут жа побач шмат бясплатных парковак, яны цяпер забітыя, і тут побач ставяць машыны ўздоўж дарогі. Ды і заехаць сюды складана. Няма ж нідзе ніякіх указальнікаў».

Сапраўды, каб зразумець, як дабрацца да перахопліваючых парковак, трэба загадзя вывучыць маршрут і быць гатовым, што па дарозе ніякіх падказак не будзе. Нават на варотах стаянкі не напісана пра яе функцыю. А гэта важна, бо кошт гадзіны на перахопліваючай паркоўцы ўсяго 5 капеек. Калі ўлічыць, што працоўны дзень — 8 гадзін, плюс гадзіна перапынку на абед, плюс гадзіна на тое, каб даехаць да працы і вярнуцца, атрымліваецца, што за дзень паркоўкі давядзецца заплаціць усяго 50 капеек.

«Як быў Чэмпіянат свету па хакеі, дык было нармальна, — з усмешкай перабіваюць адзін аднаго супрацоўнікі паркоўкі на Напалеона Орды. — Дык трэба штогод праводзіць чэмпіянаты, тады будзе ўсё працаваць. А так, вы ж бачыце, што палова стаянкі пустая. У нас 200-250 машын стаіць, а месцаў на 540. Але гэта стаяць мясцовыя жыхары. Ведаеце, калі новая машына, дык лепей на паркоўцы трымаць».

Частка тэрыторыі перахопліваючай паркоўкі здаецца пад продаж аўтамабіляў, частка здаецца па абанементах для мясцовых жыхароў. А вось па першапачатковым прызначэнні сюды таксама прыязджае толькі некалькі чалавек. Тлумачаць мужчыны гэта тым, што стаянка знаходзіцца далекавата ад метро. А непасрэдна каля падземкі ёсць бясплатная велізарная паркоўка побач з гіпермаркетам.

Паркоўка побач з гіпермаркетам каля метро «Малінаўка» ў працоўны час
Паркоўка побач з гіпермаркетам каля метро «Малінаўка» ў працоўны час

Паркоўка каля метро «Малінаўка»
Паркоўка каля метро «Малінаўка»

У непасрэднай блізкасці да метро знаходзіцца толькі паркоўка каля Маскоўскіх могілак. Адсюль дарога да цэнтра горада (будзем лічыць цэнтрам метро «Кастрычніцкая») займае хвілін 15. Ад двух іншых стаянак да метро давядзецца пад’язджаць два прыпынкі на наземным транспарце, адпаведна, і дарога да цэнтра зойме ўжо хвілін 25-30.

Паркоўка каля метро «Аўтазавадская»
Паркоўка каля метро «Аўтазавадская»

У самую гадзіну-пік Еўрарадыё падыходзіць да кожнага, хто забірае машыны з перахопліваючых парковак. Але ніводнага кіроўцы, які карыстаецца ёй па прызначэнні не трапляецца. Дык ці ёсць сэнс будаваць дадатковыя стаянкі, калі і гэтыя не карыстаюцца попытам?

«Будзем працаваць над абмежаваннем уезду транспарту ў цэнтральную частку горада, — тлумачыць рашэнне будаваць Павел Лучыновіч падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку пра перспектывы развіцця сталіцы. — То бок будуць стварацца перахопліваючыя паркінгі каля станцый метро ў цэнтры горада і каля вялікіх чыгуначных станцый. Мы павінны стварыць такія ўмовы, каб мінчанам было больш выгадна і камфортна перасоўвацца на грамадскім транспарце, чым на ўласным аўтамабілі».

Сапраўды, калі ўсе паркоўкі ў цэнтры Мінска зробяць платнымі, а двары закрыюць шлагбаумамі, то танней будзе перасоўвацца на транспарце. Нават цяпер пакінуць на гадзіну машыну ў цэнтры горада каштуе не менш за 50 капеек. То бок за 9 гадзінаў працы атрымаецца 4,5 рубля. А з перахопліваючай паркоўкай і квіткамі на наземны і падземны транспарт атрымаецца толькі 2,6 рубля. Праўда закрыць цэнтр абяцаюць апошнія пару гадоў, а вось заўважных дзеянняў у гэтым накірунку не робяць.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Euroradio.fm
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость