23.02.2016 / 12:02

Кампанія «Зялёны дазор» запусціла праект па зборы сродкаў на выданне 500 асобнікаў даведніка практычных алгарытмаў дзейнасці. У ім сабрана больш за 50 спосабаў вырашэння лакальных экалагічных праблем. Даведнік будзе бясплатна распаўсюджвацца сярод усіх ахвотных.

Многія людзі сутыкаюцца з экалагічнымі праблемамі ў сябе ў двары, на дачы, у горадзе і звяртаюцца да грамадскіх арганізацый па дапамогу. Аднак большасць з іх можна вырашыць сіламі саміх грамадзян. Як раз таму каманда Зялёнага дазору і юрысты Зялёнай сеткі «пераклалі» складаную мову законаў у зразумелыя алгарытмы і склалі даведнік, які не мае аналагаў у Беларусі.

У ім 50 простых пакрокавых інструкцый для самастойнага вырашэння найбольш распаўсюджаных экалагічных праблем: што рабіць, калі вы сталі сведкам жорсткага абыходжання з жывёламі, калі ў вас у двары сякуць дрэвы, калі хтосьці спальвае адкіды, што зрабіць, каб каля вас з'явілася велапаркоўка, – гэта і шмат іншага можна знайсці на старонках даведніка.

У сувязі са змяненнем прыродаахоўнага заканадаўства на дадзены момант каманда працуе над новай рэдакцыяй друкаванай версіі выдання. Туды ўвойдуць 10 новых алгарытмаў. На яго друк і пойдуць сродкі, сабраныя на платформе «Талакошт».

«Мы імкнемся не дапусціць з'яўлення новых экалагічных праблем і дапамагаем адзін аднаму ў вырашэнні ўжо існых. У рамках збору сродкаў на «Талакошце» мы будзем удзячныя за любое ўкладанне і ўпэўненыя, што нязначныя дзеянні дапамогуць сабраць значную суму», – кажа актывістка Зялёнага дазору Іна Панчкоўская.

Ахвяраваць можна любую суму, пачынаючы ад 50 000 рублёў. За любыя ахвяраванні прадугледжаны падарункі: збанкі з раслінкамі, унікальныя экскурсіі па горадзе з эколагамі, экаторбачкі ды наборы паштовак. Збор сродкаў скончыцца 19 сакавіка 2016 года.

Даведка:

Кампанія «Зялёны дазор» – гэта грамадскі экалагічны рух, створаны для таго, каб дапамагаць грамадзянам Беларусі вырашаць штодзённыя экалагічныя праблемы пры дапамозе папярэджання, выяўлення і выпраўлення парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. У 2015 годзе з дапамогай даведніка актывісты выявілі 574 экалагічныя праблемы, ужо больш за 60% з іх вырашаны.

Автор:
Фотограф:
homel.greenbelarus.info
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость