Вечарам серады ва ўнутранім дворыку Галерэі «Ў» разгарнулася імправізаваная пляцоўка, дзе кожны жадаючы мог зрабіць адразу дзве карысныя справы для нашай планеты: здаць макулатуру і атрымаць за гэта сажанцы яблынь, дубоў ці каштанаў. Такім чынам арганізатары акцыі стараліся прыцягнуць увагу людзей да праблемы сартыроўкі, перапрацоўкі смецця і захавання прыроднага багацця.
«Гэта другая акцыя, якую праводзіць таварыства «Зялёная сетка» ў Дзень Зямлі. У мінулым годзе мы саджалі дрэвы ў парку «Цівалі», што з'яўляецца традыцыйнай ідэяй для гэтага свята. Сёлета яшчэ халаднавата, таму мы вырашылі сагітаваць людзей на двайную карысць і зладзілі такі абмен. Ды й самім удзельнікам хочацца пасадзіць сваё дрэўца ў нейкім знакавым месцы для іх, каб бачыць, як яно расце і як набіраецца моцы. Акрамя гэтага, мы хацелі паказаць, што сартыраваць смецце і здаваць яго — гэта вясёлая і патрэбная справа. Усё, што нам прынеслі, забярэ прадпрыемства «Экарэс», і макулатура пойдзе на добрыя рэчы», — кажа event-менеджэр таварыства Ганна Дапшэвічуце.
Усяго за дзве гадзіны газон ля грамадскага агародзіка запоўніўся каробкамі са старымі газетамі, рэкламнымі праспектамі і глянцавымі часопісамі, непатрэбнымі канспектамі, патрапанымі кнігамі, прычым прыносілі іх як сталыя людзі, так і дзеткі разам з бацькамі.
«Ды я за пару гадзін сабраў амаль 10 кілаграм макулатуры, а ўсяго толькі прайшоўся па свайму і суседніх пад'ездах. Хачу атрымаць дрэва», — кажа дапытлівы хлопчык Дзіма.
Як апынулася, школьнік шмат ведае пра дрэвы і экалагічныя праблемы, якія існуюць на планеце, цікавіцца тэхнічнымі наваротамі і вынаходніцтвамі, а таксама любіць чытаць прыгодніцкую літаратуру. Таму, калі хтосьці прынёс кнігі са сваёй хатняй бібліятэкі, Дзіма вельмі хутка арганізаваў спантанны буккросінг, адабраўшы найбольш цікавыя экзэмпляры.
«А што, я буду чытаць! Гэта ж кругаворот кніг у прыродзе! Правільна ж?» — прыгаворваў ён, паказваючы арганізатарам акцыі, што ён знайшоў сярод папер.
Далучыліся пашукаць кнігі для сябе і дзяўчаты, якія маюць вопыт здачы макулатуры ў спецыяльныя пункты прыёму: «За кілаграм даюць адну тысячу рублёў. Так што для кагосьці гэта можа стаць нават выгаднай справай», — смяюцца яны.
У цэлым людзі прыносілі перавязаныя стосікі папер з розных прычын: у кагосьці проста назбіралася гэта «смецце» і яны толькі рады пазбавіцца ад яго, хтосьці спецыяльна збіраў, але яшчэ не паспеў вывезці на лецішча, каб там спаліць у печцы, а камусьці не падабаецца пусты двор і яны спецыяльна прыйшлі сюды, каб атрымаць дрэва. Як уцэлым прызнаваліся ўдзельнікі, яны выдатна разумеюць, што здаваць макулатуру неабходна, але часам гэта не зусім можа быць зручным, бо ці няма кантэйнераў спецыяльных у дварах, ці пункты прыёму знаходзяцца далекавата.
«Такога кшталту акцыі натхняюць рабіць штосьці добрае для нашай планеты. Прынесці, падаецца, такую дробязь, як спісаныя паперы ці састарэлыя часопісы, і пасля яшчэ вырасціць дрэва — гэта, з аднаго боку, проста, а з іншага — вельмі адказна», — падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў акцыі.
У выніку атрымалася прыстроіць 50 сажанцаў, якія «паедуць» у розныя куткі Беларусі, і сабраць больш за 100 кілаграм макулатуры.