23.04.2015 / 19:04

Гісторыя вёскі Навухавічы налічвае не менш за чатыры сотні гадоў, бо на мапах часоў вайны 1654-1667 гадоў яна ўжо была. Не такое далёкае мінулае захавалася ва ўспамінах жывых сведкаў, якія кажуць, што перад Другой сусветнай вайной Навухавічы былі цэнтрам сельсавета і аб’ядноўвалі шэраг паселішчаў-«спадарожнікаў». Да нашых дзён з іх захаваліся толькі Сойкі, Слабодкі і Зара.

Яшчэ ў сярэдзіне двадцатага стагоддзя ў Навухавічах былі чатыры вуліцы і больш за сотню двароў. Але урбанізацыя прайшлася па гэтай вёсцы даволі моцна, што не дзіўна, бо мястэчка адносіцца да Чачэрскага раёна. Навухавічы знаходзяцца не так далёка і ад Гомеля. У гэты горад і пачала масава з’язжаць моладзь у 1970-я гады.

Але ж, нягледзячы на урбанізацыю, пэўна, існавалі б Навухавічы і да сёння, каб не Чарнобыльская трагедыя, якая зрабіла гэтую вёску непрыдатнай да жыцця.

Цяпер пра былыя часы нагадваюць толькі руіны хат. Ды і іх засталося не так шмат, бо, нягледзячы на забарону, пасля адсялення хаты разбіралі і вывозілі. Часцей за ўсё зусім не іх уладальнікі.

Перад вёскай стаіць забараняючы знак з усім вядомым сымбалем радыяктыўнай небяспекі. Але пры гэтым дарога даволі добра раз’езджана. Не, гэта не турысты і не былыя жыхары вёскі вяртаюцца сюды ў пошуках свайго мінулага. Па вёсцы ездзіць сельскагаспадарчая тэхніка, бо зусім побач з забараняючым знакам пачынаюцца сельскагаспадарчыя палі.

Прырода вяртае свае ўладанні. Як не банальна прагучыць, але ў такіх мясцінах гэта адчуваецца ва ўсім. Непралазны гушчар шмат дзе пачынаецца ўжо праз метр ад дарогі. Ды і не назваць яго мёртвым, бо гучыць сотнямі жывых істот.

Усяго толькі дваццаць пяць год, як няма ў Навухавічах людзей, а ўжо можна заўважыць змены ва ўсім. Нават у тым як паводзяць сябе тыя ж насекомыя. У адрозненне ад гарадскіх суродзічаў яны не разумеюць небяспеку, якая сыходзіць ад чалавека. Спакойна садзяцца на яго і так жа спакойна чакаюць, пакуль іх прыхлопне далонь. Першыя вынікі «мікраэвалюцыі».

Такіх вёсак, як Навухавічы, канешне, сотні. Сотні кіламетраў забруджанай зямлі, якая зараз, з аднаго боку, лічыцца «зонай», а з другога, выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Высновы з такога становішча наўрад ці могуць быць двухсэнсоўнымі.

 

Гэты фотарэпартаж — напамін пра вёску, якая з кожным годам знікае сярод лесу. Пакуль мы яшчэ можам пабачыць яе парэшткі. Але ці доўга засталося?

Автор:
Фотограф:
Віталь Махнач
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость