23.09.2015 / 11:09

У Дворышчы са старога млына хочуць зрабіць цікавы турыстычны аб’ект. Вадзяных млыноў такога тыпу ў Беларусі амаль не захавалася. Турыстычная фірма, якая выкупіла гістарычны аб’ект, праз 2-3 гады плануе зрабіць працоўны вадзяны млын. З памолатай старым спосабам мукі будуць пячы піражкі і булачкі для турыстаў.

Пра гэта паведаміў БЕЛТА дырэктар турыстычнай кампаніі “Адрес лета” Генадзь Конан.

Раней двухпавярховы млын з бутавага каменю і цэглы ў аграгарадку Дворышча плошчай 277,4 кв.м. належаў “Саўгасу “Лідскі”, але будынак даўно не выкарыстоўваўся і паступова марнеў. Аднак і ў закінутым выглядзе млын з камінам і дахоўкай, размешчаны каля вады, выглядаў з турыстычнага боку прывабна. Летам млын прадалі турыстычнай фірме з аўкцыёна за базавую велічыню.

Вадзяных млыноў такога тыпу (калі турбіны знаходзіліся не збоку будыніны, а непасрэдна пад ім) у Беларусі амаль не захавалася.

Генадзь мае вялікія планы па аднаўленні млына:

- Зараз млын мае даволі закінуты выгляд і, адпаведна, мала прыцягвае турыстаў. Каб яго прывабнасць павялічыць, спатрэбіцца сур’ёзны рамонт усяго будынка. Па нашай замове было зроблена экспертнае заключэнне спецыялістаў па ўсіх элементах канструкцыі. Высветлілася, што ўмацоўваць або поўнасцю замяняць трэба амаль усё… У выніку мы плануем атрымаць добра адрэстаўраваны будынак працоўнага вадзянога млына. Для таго, каб яго новае кола круцілася, спатрэбіцца ачыстка адводнага каналу. Пасля правядзення ўсіх прац па праекце мы атрымаем турыстычны аб’ект, які пастараемся зрабіць прывабным для лідчукоў і гасцей горада, - распавёў Генадзь “Лідскай газеце”.

Турыстаў збіраюцца завабліваць арыгінальнай анімацыйнай праграмай. На млыне можна будзе самастойна змалоць зерне, а з атрыманай мукі будуць выпякацца хлябцы, піражкі і булачкі. Сюды будуць вадзіць турыстаў, ладзіць фотасесіі. Магчыма, тут з’явяцца кавярня і гатэль, маленькая ГЭС.

Генадзь Конан пачаў пошукі інфармацыі пра паходжанне млына, каб надаць мястэчку гістарычны каларыт. Хутчэй за ўсё, ён з’яўляўся часткай старога панскага фальварку, у які ўваходзілі сядзіба, крухмальны завод, вінакурня, кузня, канюшня, карчма і іншыя будынкі.

Турыстычная фірма плануе ажыццявіць праект за 2-3 гады. Зараз ідзе пошук інвестара або адпаведнага гранту.

Автор:
Фотограф:
www.bizlida.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость