23.09.2016 / 15:09

У межах Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Полацку адкрылі першую веладарожку, правялі велапікнік, але на гэтым мерапрыемствы не скончыліся. Палачан, якія любяць даследаваць горад на ровары, чакалі яшчэ дзве цікавыя актыўнасці — велаквэст і роварная экскурсія.

Стартавалі яны ў адзін час і ў адным месцы — на плошчы Свабоды а 12-й. У велаквэсце прынялі ўдзел 13 каманд з двух чалавек.

— У мінулым годзе квэст быў вельмі папулярны, таму, каб ніхто не сумаваў, мы нават ускладнілі заданні, — зазначыў адзін з арганізатараў квэсту, кіраўнік парталу 0214.by Ілля. — Паводле папярэдняй рэгістрацыі, заявак было больш, аднак на старт прыехалі не ўсе. Можа, стаміліся пасля велапікніка. Аднак тыя, хто паўдзельнічаў, — не пашкадавалі!

Ілля і Лізавета, каманда парталf 0214.by
Ілля і Лізавета, каманда парталf 0214.by

У першым туры квэсту ўдзельнікі атрымалі пэўны артэфакт і лакацыю, дзе іх чакаў адзін з шасці персанажаў. Раварысты павінны былі здагадацца, што трэба зрабіць з гэтым артэфактам, каб атрымаць узамен новы і працягнуць выкананне заданняў. А ў другім арганізатары прапанавалі камандам згуляць у «марскі бой». Кожнай уручылі своеасаблівы «пуцявы ліст» з гульнявым полем. На ім схаваліся 6 караблёў, а кожная клетка — пэўны адрас у Полацку. Пароль каманды шукалі ў раёне шыльды з нумарам дому.

Па выніках квэсту першае месца атрымала каманда «Квадроеноты», другое месца — у «Glass Balls», ганаровае трэцяе — у каманды «ViN».

У роварнай экскурсіі прынялі ўдзел 14 чалавек. Яе правяла вопытны гід Ларыса Яцкевіч. Удзельнікі экскурсіі пабывалі ў самых цікавых месцах Полацка, даведаліся шмат новага пра самы старажытны горад Беларусі, пачулі легенды пра яго.

Ларыса Яцкевіч
Ларыса Яцкевіч

— Гэтыя актыўнасці былі запатрабаваныя летась, таму мы вырашылі паўтарыць іх сёння, — распавёў менеджар фонду «Інтэракцыя» Антон Раднянкоў. — Мінулы верасень выдаўся цяплейшым, але бачна, што самых актыўных раварыстаў Полаччыны не спыняць ніякія халады!

Антон Раднянкоў
Антон Раднянкоў

Мерапрыемствы Еўрапейскага тыдня мабільнасці прайшлі ў Полацку з 16 па 22 верасня ў межах праекта «Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці». Арганізатарамі выступілі Полацкі райвыканкам, Полацкі дзяржуніверсітэт, фонд «Інтэракцыя» і Наваполацкая асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Автор:
Фотограф:
Ігар Палынскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость