У Грыне прайшоў першы эка-квэст

У сталічным гіпермаркеце Грын, які побач з метро Каменная горка”, прайшоў першы ў Беларусі эка-квэст у краме. Мерапрыемства арганізаваў гіпермаркет разам з “Эка-Майстэрнямі”.

23.10.2017 Грамадства Аўтар: Наста Захарэвіч Фота: Дзяніс Зелянко

Агулам ў квэсце прынялі ўдзел 43 каманды ўдзельніц і ўдзельнікаў, а гэта каля 100-120 чалавек.

Часта людзям падаецца, што планета такая вялікая, а мы такія маленькія, і гэта нібыта значыць, што ўклад кожнага з нас зусім нязначны, і мы не можам ні на што паўплываць. Але на самой справе гэта не так. Мы можам моцна змяншаць экалагічны след, які пакідаем на планеце, і правільны выбар прадуктаў у крамах – адзін з эфектыўных спосабаў. Людзі, якія прынялі ўдзел у эка-квэсце, мелі магчымасць мацней прыглядзецца, што, як і чаму яны абіраюць на паліцах у крамах.

Квэст складаўся з пяці “кропак”, на кожнай з якіх удзельніцам і ўдзельнікам давалі тэматычныя заданні. Трэба было знайсці касметыку са шкоднымі фарбавальнікамі, самыя экалагічныя цацкі ў дзіцячым аддзеле, прадукты пад гандлёвай маркай «Местное известное», прадукты з адмысловымі эка-маркіроўкамі і самы экалагічны напой. Але задача была не толькі ў тым, каб знайсці адпаведныя прадукты, але і ў тым, каб абмеркаваць выбар з эксперткамі і экспертамі на “кропках”.

Усе ўдзельніцы і ўдзельнікі, якія паспяхова прайшлі квэст, атрымалі падарункі ад партнёраў мерапрыемства: кампанія Маджэсці (касметыка гандлёвай маркі ECO laboratorie), ААА Палітра (матэрыялы для творчасці), ААА “Туссон-плюс”, кампанія “БелКумысПром” (лашадзінае малако гандлёвай маркі “Аўтарскія прадукты”), кампанія “РэгіёнСэрвіс” (спецыі і травы гандлёвай маркі “Чароўнае дрэва”), кампанія “Біонік плюс” (здаровае харчаванне, вегетарыянскія і фітнэс-прадукты), Аршанскі мясакансервны камбінат (гагдлёвая марка “Ложка в ладошке”), Кампанія АЛІДІ (экалагічная побытавая хімія Synergetic), кампанія Сельвін (экалагічна бяспечная побытавая хімія Frosch), кампанія “БелАсептыка” - фіта-чаі гандлёвай маркі “Аптэкарскі сад”.

Каб вы былі падрыхтаваныя да наступнага квэста і ўвогуле маглі рабіць у крамах свядомы экалагічны выбар, мы падрыхтавалі для вас шпаргалку па экалагічным шопінгу.

 

Як абіраць касметыку

Відавочна, што трэба звяртаць увагу на склад. Але каб мець магчымасць змястоўна прачытаць склад прадукту, трэба ведаць, што канкрэтна ў ім трэба шукаць. Безумоўна, розныя віды касметычнай прадукцыі маюць свае асаблівасці, але для пачатку трэба запомніць найбольш базавы спіс інгрыдыентаў, якіх дакладна варта пазбягаць:

  • Трыклазану і трыклакарбану у любым мыле
  • Рэтынілпальмітату, рэтынілацэтату, рэтыноевай кіслаты і рэтынолу ў сродках для скуры і вуснаў
  • Рэтынілпальмітату ў сродках, якія абараняюць скуру ад сонца
  • Трыклазану ў зубной пасце
  • Фармальдэгіду альбо фармаліну, талуолу і дыбутылфталату ў лаках і іншых сродках для пазногцяў.

Як абіраць дзіцячыя цацкі

Так ці інакш, вельмі часта мы больш патрабавальна ставімся да дзіцячай прадукцыі. Каб абраць добрую экалагічную цацку, трэба праверыць яе па наступных паказчыках:

Матэрыял

Дрэва заўжды лепш за пластык, а беларуская сертыфікаваная пластыкавая цацка заўжды лепш за аналагічную, але зробленую ў Кітаі з пластыку невядомага паходжання.

Фізічная бяспека

Усе дэталі цацкі павінны быць добра прымацаваны, прадметы для маленькіх дзяцей не мусяць мець надта дробных дэталяў. Вуглы па магчымасці павінны быць закругленымі.

Хімічная бяспека

У цацкі абавязкова мусіць быць сертыфікат – гэта гарант, што рэч прайшла пэўныя лабараторныя даследванні, якія пацвердзілі яе бяспечнасць. Акрамя таго, вельмі важна, каб цацка (асабліва пластыкавая) не мела спецыфічнага рэзкага паху. Таксама яна не мусіць пакідаць на пальцах сляды фарбы.

Псіхічная бяспека

Заўжды трэба памятаць, што цацка павінна так ці інакш адпавядаць узроставаму развіццю дзіця, не мусіць пужаць яго, і не павінна вучыць праяўляць нематываваную агрэсію.

Таксама варта звяртаць увагу на насутпныя рэчы: як доўга праслужыць цацка, як доўга яна будзе цікавай для дзіця, дзе і як яе можна выкарыстоўваць, ці маецца нейкі элемент “развіцця дзіцяці”, ці можа дзіця самастойна і без дапамогі дарослых карыстацца цацкай, ці сумяшчальная гэтая цацка з тымі, што ўжо ёсць дома, ці можа яна выкарыстоўвацца без дадатковых аксэсуараў. І, безумоўна, трэба звяртаць увагу на цану і памятаць, што падазрона нізкая цана можа значыць, што кампанія эканоміць на матэрыялах, зарплатах ці іншых важныя рэчах.

 

Навошта абіраць лакальныя прадукты

Увогуле, калі мы кажам пра лакальную прадукцыю, дык маем на ўвазе “тое,што зроблена ў гэтай краіне”. Ёсць шэраг прычын, чаму абіраць мясцовыя брэнды – добрая ідэя.

Эканоміка

Набываючы прадукцыю мясцовай вытворчасці, вы падтрымліваеце мясцовы бізнэс і эканоміку ў цэлым. Грошы застаюцца ў краіне, ствараюцца і захоўваюцца працоўныя месцы, паляпшаецца сацыяльны клімат. Пры іншых раўных умовах лакальная прадукцыя звычайна каштуе менш за імпартаваную, асабліва калі гаворка ідзе пра дробны бізнэс. У цану тавара не закладваецца далёкая транспарціроўка і дадатковыя траты, якія непазбежна нясуць кампаніі-імпарцёры.

Экалогія

Чым менш перавозак, тым менш затрачваецца паліва, і тым менш шкодных рэчываў выкідваецца ў паветра. У лакальных прадуктах, якія не плануецца экспартаваць, звычайна менш кансервантаў. Калі не прадугледжаны пералёты і доўгія пераезды, няма патрэбы дадаваць у прадукцыю рэчывы, якія зробяць яе больш устойлівай да тэмпературных зменаў і іншых фактараў.

Упакоўка

Тут усё завязана на транспарціроўцы. Чым далейшы і даўжэйшы плануецца шлях, тым больш моцнай і вынослівай мусіць быць матэрыял упакоўкі. Калі параўнаць тыя ж упакоўкі з зелянінай у суперкаркетах, дык імпартныя амаль заўжды будуць у моцным пластыкавым пакунку, а беларускія могуць быць альбо ў больш тонкіх пакетах, альбо ўвогуле без упакоўкі. Такім чынам, абіраючы мясцовыя прадукты вы маеце магчымасць скараціць спажыванне пластыка і скараціць колькасць пластыка, які прывозіцца ў Беларусь з-за мяжы. Назад жа яго вывозіць не будуць пасля выкарыстання.

Як абіраць напоі ў краме

Безумоўна, першым фактарам пры выбары напою з’яўляецца ўласна від вадкасці. Але пры сённяшнім узроўні развіцця гандлю ў адной краме звычайна можна знайсці па некалькі відаў таматнага, яблычнага і іншых сокаў, ды і адносна іншых напояў ёсць, як правіла, адносна шырокі выбар. Як жа арыентавацца ў гэтым асартыменце з пункту гледжання экалагічнага ладу жыцця?

Матэрыял упакоўкі

Бадай, найлепшым варыянтам з тых, што можна знайсці сёння на паліцах беларускіх супермаркетаў – гэта шкляныя бутэлькі, і абіраць па магчымасці варта, канечне, менавіта іх. Шкло лёгка можа быць перапрацавана, ды і самім яго можна выкарыстоўваць паўторна. І паўторнае выкарыстанне – гэта акурат галоўны момант. 

Склад напою

Гэта вельмі проста правіла: чым менш складнікаў у напоі, тым лепей. У складзе соку ў ідэале мусіць быць толькі сок і вада. Цукар, кансерванты, фарбавальнікі, узмацняльнікі смаку – усе гэтыя кампаненты ў лепшым выпадку проста не карысныя, а часам і шкодныя для арганізму.

Месца вытворчасці

І зноўку вяртаемся да таго, што варта аддаваць перавагу лакальным, а не прывазным прадуктам. Менш транспарціроўкі, менш шкодных выкідаў у паветра, менш глабальнага пацяплення, менш раку лёгкіх, больш зэканомленых грошай і больш падтрымкі мясцовай эканомікі. Надпісы “купляйце беларускае” часам, вядома, раздражняюць, але звычайна і праўда лепш набыць напой,зроблены ў нашай краіне. Асабліва, калі размова ідзе пра сокі, якія робяцца з садавіны і гародніны, якая паспяхова расце на нашых фермах.

Кампанія-вытворца

Гэты пункт часта вельмі цесна звязаны з папярэднім. Сутнасць ягоная ў тым, што з пункту гледжання этыкі лепей абіраць прадукцыю дробных лакальных кампаній, а не транснацыянальных карпарацый (нават калі ў іх ёсць вытворчасць у Беларусі). Таксама, безумоўна, лепей не абіраць прадукты тых кампаній, якія вядомыя кепскімі ўмовамі працы, шматлікімі парушэннямі тэхналагічнага працэсу і іншымі нядобрымі рэчамі.

 

Ужо сёння шмат якія кампаніі ў Беларусі заклапочаны пытаннямі этычнага стаўлення да навакольнага асяроддзя і па магчымасці экалагізуюць свой бізнэс, але мы, як спажыўцы, не заўжды пра гэта ведаем. Дзесьці гэта недапрацоўка маркетолагаў, дзесьці – нашая ўласная незацікаўленасць.

Тая ж сетка гіпермаркетаў Грын зараз развівае марку “Местное-известное”, прасоўваючы тым самым прадукцыю беларускіх фермераў і мясцовых вытворцаў натуральных прадуктаў; увесь час пашырае асартымент сертыфікаваных экалагічна чыстых тавараў і перыядычна ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы і эка-фэсты.

Так ці інакш, бізнэс усё часцей абірае экалагічны шлях, і хай так будзе і надалей.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 23.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.