Ёга, майстар-класы, абмен насеннем і шпацыр па Котаўцы — усё дзеля Зямлі

Кафэ веганскага фастфуда MonkeyFood 22 красавіка, у Дзень Зямлі, прапанавалі наведвальнікам шэраг цікавых каля экалагічных івэнтаў, каб людзі яшчэ раз падумалі пра планету.

24.04.2018 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Упершыню Дзень Зямлі 22 красавіка адзначылі ў ЗША у 1970 годзе. Акцыя апынулася настолькі прывабнай для амерыканцаў, што з аднаразовай перарасла ў традыцыйную штогадовую дату.
Аднак толькі ў 2009 годзе Генеральная Асамблея ААН вызначыла 22 красавіка афіцыйнай датай Міжнароднага дня Маці-Зямлі.
У гэты дзень праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, мэта якіх прыцгнуць увагу чалавецтва да крохкага наваколля нашай планеты.

 

Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне. І акрамя таго, што грамадскія экалагічныя арганізацыі ў гэты дзень асабліва актыўна нагадваюць людзям пра неабходнасць ашчаднага, абдуманага стаўлення да Зямлі ў цэлым, і яе экасістэм у прыватнасці. Экалагічную ініцыятыву апошнім часам сталі падхопліваць многія іншыя ўстановы і арганізацыі.
 

Для веганскага кафэ MonkeyFood прасоўванне экалагічных цікавостак — сталы прынцып і каштоўнасць у працы. У Дзень Зямлі на сваёй пляцоўцы яны сабралі цікавыя сяброўскія ініцыятывы, скіраваныя на прасоўванне беражлівага стаўлення да рэсурсаў планеты і экалагізацыі ў самых простых бытавых рэчах.

Так наведвальнікі кафэ ў гэты дзень маглі займець сабе самаробную брошку з абрэзкаў тканіны на майстар-класе ад Торба Шоў ці абзавесціся насеннем для хатняга агародзіка ад Гарадской фермы Maris Mar.

Аматары пашукаць гармонію з наваколлем і заадно падумаць пра сваё здароўе мелі магчымасць папрактыкаваць ёгу на невялікім зялёным пляцы непадалёку ад кафэ.

Для тых жа, хто даўно марыў даведацца як варта глядзець і ўспрымаць гарадскія паркі і скверы, каб адчуваць не толькі задавальненне ад іх рэкрэацыйнай функцыі, але атрымаць і эстэтычную асалоду вачыма — маглі прагуляцца па скверы Котаўка разам з Ігарам Корзунам, каардынатарам кампаніі "Гарадскі Ляснічы".


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 24.04.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.