У Швецыі існуюць 10 старых атамных рэактараў, якія з-за сваёй зношанасці патрабуюць вялікіх фінансавых укладанняў. Прычым палова з іх належыць дзяржаве. Не так даўно самі ўладальнікі АЭС прынялі рашэнне да 2020 года спыніць дзейнасць 4 з 10 рэактараў. І зараз вядзецца пільны разгляд тых рэактараў, што павінны быць выведзеныя з эксплуатацыі ў першую чаргу, а якія змогуць дапрацаваць да 2030-х гадоў. У гэты ж час энергетычная група адзінагалосна прыняла лёсавырашальнае рашэнне аб тым, што будаўніцтва новай АЭС — гэта выключна нерэнтабельны і затратны працэс, які не прынясе ніякіх эканамічных ці энергетычных выгод.
Вядома, энергія, якая выпрацоўваецца старымі рэактарамі, з'яўляецца таннай, але гэта не заслуга атамнай энергетыкі, а вынік таго, што АЭС за гады існавання ўжо акупілі свой кошт.
«Мы пакуль не маем адзінага меркавання, чаму ядзерная энергетыка не прыносіць ніякага прыбытку. Магчыма, прычына крыецца ва ўведзеных у абарот аднаўляльных крыніцах ці ў нормах Еўрасаюза, якім павінны адпавядаць АЭС», — разважае Ліса Нодзін.
Акрамя гэтага, пасля аварыі на Фукусіме Швецыя ўвяла шэраг сваіх патрабаванняў да атамных станцый. У хуткім часе іх чакае яшчэ адно новаўвядзенне, якое будзе датычыцца павышэння кошту перапрацоўкі ядзерных адходаў. Бо да гэтага часу ўладальнікі АЭС не аплочваюць яе цалкам, хаця гэта выдаткі, якія яны павінны несці, упэўнена Ліса. Ппавысіцца і сума страхоўкі: менавіта такім чынам да адказнасці будуць прыцягвацца віноўныя ў забруджванні асяроддзя.
У Швецыі на аднаўляльных гідра- і ветрастанцыях выпрацоўваецца 63% ад усёй энергіі. Кошт 1 КВт з АЭС роўны 1 шведскай кроне. У той жа час энергія, атрыманая з дапамогай ветру, каштуе 0,5 шведскай кроны.
З улікам, што эканамічныя праблемы сталі адной з прычын вывядзення з працоўнага рэжыму рэактараў, сёння перад урадам краіны стаіць яшчэ адно важнае пытанне па аказанню падаткавых льгот АЭС, каб яны змаглі дацягнуць да тэрміну свайго закрыцця. Вядома, што гэтыя льготы не будуць датычыцца новых станцый, калі раптам яны стануць будавацца.
Шведскі антыядзерны рух і аргументы супраць АЭС
Дыскусіі пра атамныя электрастанцыі вядуцца ў Швецыі з 1970-х гадоў — з таго самага моманту, калі ў краіне пачалі будавацца першыя АЭС.
У 1980 годзе быў праведзены рэферэндум, на якім насельніцтва вырашыла паступова закрываць АЭС. Асноўнымі аргументамі для гэтага сталі:
-
Здабыча ўрану
Гэтая прамысловасць з'яўляецца адной з самых шкодных і брудных у ядзернай галіне. Нягледзячы на тое, што ў Швецыі ёсць свае радовішчы ўрану, пад уздзеяннем грамадскага пратэсту яны былі закрытыя, а сам працэс спынены ў 1979 годзе. Да гэтага часу ўран набываецца ў іншых краінах: Намібіі, Казахстане, Аўстраліі і Канадзе.
-
Перапрацоўка і захаванне ядзерных адходаў
На сёння ва ўсім свеце не існуе гатовага плану па вырашэнні гэтай праблемы. Бадай што Фінляндыя і Швецыя найбольш прасунуліся і дасягнулі поспехаў па арганізацыі і забеспячэнню захавання адходаў з АЭС. Урад краіны даверыў аднаму з прадпрыемстваў, што займаецца гэтай дзейнасцю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, распрацаваць канчатковы варыянт захавання адходаў. Ідэя заключаецца ў тым, што ядзерныя рэшткі са станцый будуць закладвацца ў медныя капсулы, якія, у сваю чаргу, закопваюцца на глыбіню 500 метраў. Але існуе некалькі гіпатытычных версій, і ніхто не ведае, як з часам гэта адаб'ецца на грунтовых водах, што будзе з капсуламі пры сур'ёзных кліматычных змяненнях і г.д.
«Ні ў якім разе нельга зыбываць, што ўсе гэтыя элементы нясуць вялікую небяспеку на працягу 100-1000 год. А мы павінны паклапаціцца пра чыстае навакольнае асяроддзе для будучых пакаленняў. Таму невыпадкова, што наша партыя не толькі выступае супраць развіцця атамнай энергетыкі, але і турбуецца наконт якаснага і бяспечнага захавання адходаў», — падкрэслівае Ліса.
-
Рызыкі, якія нясуць атамныя электрастанцыі
Да гэтага моманту ні адна страхавая кампанія не ўзялася за працу з рызыкамі, якія звязаныя з дзейнасцю АЭС. Таму гэта праблема кладзецца на плечы дзяржавы, і ў будучым яна будзе галоўным адказным за любыя наступствы ядзернай энергетыкі.
«Шведскія рэактары — аналагі тых, што былі ўсталяваныя на АЭС Фукусімы. І няхай ў нас няма верагоднасці такіх землятрусаў, якія адбыліся ў Японіі, але ніхто не адмяняў перабоі ў электраэнергіі, якія ўплываюць на працу рэактараў. Нельга забываць і пра чалавечы фактар, нават пры самай бяспечнай і супернаварочанай станцыі», — папярэджвае эксперт.
Не так даўно з'явіўся чацвёрты аргумент, які звязаны з сучасным і вельмі хуткім развіццём новых тэхналогій.
-
Будаўніцтва АЭС нашмат даражэй за ўзвядзенне крыніц аднаўляльнай энергетыкі
Пры сучасных тэмпах станаўлення сонечнай і ветраэнергетыкі, пры тых станоўчых паказчыках, якія ўжо сёння маюць краіны, што паспрабавалі прымяніць аднаўляльныя крыніцы, патрабуецца вельмі разумны пераход ад традыцыйных крыніц энергетыкі.
«Для краін, якім зараз неабходныя новыя крыніцы энергетыкі, мы адназначна рэкамендавалі бы звярнуцца да аднаўляльных і ў значнай ступені будаваць менавіта іх», — падсумавала Ліса Нодзін.
Дазвол на будаўніцтва АЭС існуе, аднак ім ніхто не карыстаецца
Яшчэ пры папярэднім урадзе, які складаўся з чатырох правых партый, быў прыняты закон, што дазваляе будаваць новыя АЭС. Адзінай ўмовай было тое, што пры гэтым станцыі не атрымоўваюць ніякіх льгот ці датацый ад дзяржавы. За 6 год, што існуе закон, ні адно энергетычнае прадпрыемства не скарысталася правам на будаўніцтва, бо відавочна, што гэта нявыгадна.
У той жа час сёння адна з чатырох партый буржуазнай кааліцыі — «Цэнтра» — ужо аддала перавагу аднаўляльным крыніцам энергетыкі, падцвердзіўшы сваю падтрымку плану на 100%-ны пераход.
«Нават былы прэм'ер-міністр, прадстаўнік кансерватараў, таксама адобрыў наш план, зазначыўшы толькі, што варта прадумаць, як і калі гэта найлепш зрабіць», — кажа Ліса.
Адзіныя, хто яшчэ пакуль глядзяць у бок АЭС — лібералы, і то з пэўнымі «але». Так, па словах Лісы Нодзін, яны зазначаюць, што пры сучаснай тэхніцы будаўніцтва АЭС не павінна быць занадта дарагім, і, вядома, станцыя мусіць стаць значна больш бяспечнай за існуючыя. Але лібералы пакуль самі не разумеюць, як гэта зрабіць на практыцы.
«Зялёны» сертыфікат на электрычнасць
З 2003 года ў Швецыі існуюць датацыі і льготы для тых, хто займаецца ўкараненнем і вывучэннем аднаўляльных крыніц энергетыкі. Ідэя заключаецца ў тым, што інжынерныя напрацоўкі развіваюцца самі па сабе, а надалей толькі рынак вызначае кошт атрыманай энергіі, дзяржава ў рэгуляванне цэн умешвацца не будзе.
«Пакуль мы абмяркоўваем, ці працягваць датацыі да 2020 года для ўласнікаў аднаўляльных крыніц энергетыкі, і ў якім аб'ёме яны павінны выпрацоўваць энергію, каб атрымаць ад дзяржавы падтрымку, — тлумачыць Ліса. — Гэта якраз і ёсць «зялёны» сертыфікат на электрычнасць, якім займаецца ў нас канкрэтнае ведамства».
На льготы і датацыі могуць спадзявацца прадпрыемствы і сем'і, якія карыстаюцца энергіяй сонца. Тым больш што ў Швецыі вялікі ўпор робіцца менавіта на гэту крыніцу энергіі як адну з самых даступных і недарагіх. Акрамя таго, у людзей ёсць шанс атрымаць новыя працоўныя месцы.
Пры ўсім актыўным развіцці аднаўляльных крыніц энергетыкі яшчэ адным важным момантам з'яўляецца эканомія энергіі. Такім чынам, прадпрыемствы, што становяцца энергаэфектыўнымі, таксама могуць атрымаць заахвочванне ў выглядзе льгот. Бо, з аднаго боку, гэта эканамічна выгодна для вытворчасці, і ў той жа час дазваляе Швецыі паляпшаць стан навакольнага асяроддзя.