24.10.2016 / 19:10

Фермераў многа. Але ў большасці сваёй яны працуюць на зямлі, а тут чалавек вырашыў узяць у арэнду возера...

Уладзімір Верташонак – рамантык, які не ўяўляе свайго жыцця без прыроды – лесу, азёр. У свой час ён працаваў ляснічым Псуеўскага лясніцтва.  Зараз спадар Уладзімір узначальвае сялянскую фермерскую гаспадарку «Бабруйшчынскае», якая арандавала возера Белае (плошча – 41 гектар, максімальная глыбіня – 21 метр) для прамысловай лоўлі рыбы і арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства, піша vg-gazeta.by.

— Родам я з Ушаччыны, з лясной стараны, дзе, як пісаў адзін паэт, «ласі заходзяць у агароды». Можна сказаць, што ўсе з нашай вёскі ішлі ў леснікі. Пачынаў лесарубам, затым вывучыўся ў Барысаве на лесніка, стаў на сваёй малой радзіме майстрам лесу. Пасля службы ў арміі апынуўся на Глыбоччыне, дзе ўжо 30 гадоў. І вось што атрымліваецца: 40 гадоў я аддаў дзяржаўнай рабоце, і, прызнаюся, урэшце захацелася пакіраваць самому (усміхаецца), а не выконваць чыёсьці заданне.

Не хацеў адыходзіць ад прыроды, ад лесу, ад азёр, таму ў сваім лясніцтве ўзяў у арэнду возера Белае. Некалі яно было багатае, рыбнае, цяпер рыбы мала. Але я ўпэўнены, што з яго можна зрабіць нармальнае возера, умовы дазваляюць: чыстая вада, глыбіня добрая – 21 метр, дно пясчанае. Можна развесці судака, рыбу, якую вельмі любяць рыбаловы-аматары: сам працэс лоўлі цікавы, і рыба смачная. І па гэтай прычыне нашы рыбаловы едуць па судака ў іншыя раёны, нават за мяжу, таму што паблізу такой рыбы няма. Заказаў ў Новалукомлі лічынкі судака ў спецыяльных пакетах з кіслародам, па вясне будзем запускаць іх. А каб кармавая база была для драпежнікаў, якія выядаюць ікру белай рыбы, запусціў па вясне карася, ён хутка разводзіцца. Лічынкі таксама купіў у Новалукомлі.

Работы праведзена многа. Як толькі мне перадалі возера, аб’ехаў ўсе берагі і два трохтонныя прычэпы смецця вывез – з берагоў сабраў. Каб больш не смецілі, паставіў кантэйнеры, у месцах масавага наведвання – туалеты; альтанкі пабудаваў, каб ад дажджу схавацца можна было; стаянкі для транспарту абсталяваў, каб не гналі машыны к самай вадзе; пірсы зрабіў, адзін — даўжынёй 40 метраў. У перыяд забароны, калі рыбу можна лавіць толькі на вудачку, па пірсе можна далёка прайсці, сесці за столік і рыбачыць.

Сябры памагалі, мае былыя работнікі па лясніцтве.

На возеры, распавядае гаспадар, устаноўлены інфармацыйны знак, там пра ўмовы лоўлі рыбы ўсё сказана. Для таго, каб рыбачыць, трэба купіць пуцёўку. Мясцовым жыхарам — пуцёўкі льготныя. Дзецям, школьнікам да 16 гадоў, інвалідам, ветэранам – таксама. 

Былі напачтку і канфлікты з бракан'ерамі, але ўсё сціхла.

Ці можна разбагацець з возера? 

— (Усміхаецца) Пакуль не, адны страты. Мне многія задаюць пытанне: «Ці выгадна табе?». Калі шчыра, то працую не за грошы, на маю думку, працаваць за грошы сумна. Я і ў лясніцтве працаваў дзеля задавальнення. І ўвогуле, як можна шчыра працаваць, калі хтось панукае табой, дае заданні, магчыма, не зусім правільныя? Працаваць трэба не за страх, а за сумленне. Каб самому сабе быць гаспадаром. Ведаю: многія баяцца праверак. А я падчас маёй працы ў лясніцтве праверкі гэтыя любіў па той прычыне, што перад імі заўжды з’яўляліся грошы на тое, каб штось пафарбаваць, падрамантаваць. І ўсё ж перакананы: калі кепска працаваць год, два, то перад самой праверкі хібы свае, памылкі выправіць немагчыма. Працуй сумленна, тады і баяцца нічога не будзеш.

Пакуль ідзе працэс станаўлення: трэба ўкласці сродкі, развесці рыбу, зацікавіць людзей, каб яны ехалі на возера Белае, а не на іншыя. З возера сёння не жыву. Але спадзяюся, што буду жыць заўтра.

Якая рыба водзіцца ў возеры Белым?

— Плотка, акунь вялікі, лешч вялікі, сом, шчупакі ёсць. Возера Белае, у адрозненне ад многіх іншых, не цвіце, таму на ім можна рыбачыць з падводнымі ружжамі. І рыбачаць – з Мінска, з Падсвілля, з Пецярбурга. Пасля расказваюць мне пра двайное дно возера, пра буйныя рыбіны. Самая вялікая рыбіна, якую злавіў я, — гэта сом: 80 сантыметраў ў даўжыню, вага – 3 кілаграмы 600 грамаў. А вось шчасліўцам ўдалося злавіць сама, які заважыў 8 кілаграмаў. Тры гадзіны ваявалі яны з яшчэ буйнейшай рыбінай, але выцягнуць яе так і не змаглі. Словам, рыба ў возеры ёсць. І з часам яе будзе яшчэ больш.

Ва Ўладзіміра Міхайлавіча ёсць і гаспадарка: самаробны трактарок з прычэпам, піларама, сушыльная гаспадарка, шынкавальня, якую гаспадар набыў на кансервавым заводзе пасля яго банкруцтва, сячкарня з маторам, азярко, дзе водзіцца самая розная рыба, сад, грыбная палянка, дзе гаспадар вырошчвае грыбы вешанкі ( усяго – 17 пнёў, з кожнага пня можна сабраць па вядру грыбоў), вяндлярня, дзе можна вэндзіць рыбу, басейн – гэта яшчэ не ўсё, што мы ўбачылі на прысядзібным участку Верташонкаў.

Акрамя каровы, свіней, перапёлак, курэй, цацарак, увішныя гаспадары ўтрымліваюць 5 бычкоў, якіх купілі па вясне, якіх гадуюць, каб перад Новым годам прадаць. 

Автор:
Фотограф:
Алесь Жыгуноў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость