Праблема шмат якіх экалагічных рухаў у тым, што яны пачынаюцца занадта позна. Магілёўскія актывісты вырашылі пачаць загадзя

Пячэрскі лесапарк, які знаходзіцца ў Магілёве, апынуўся ў фокусе ўвагі цэнтральных СМІ дзякуючы фотапраектам мясцовых актывістаў. Што на самай справе там адбываецца? І чаму жыхары горада непакояцца за дрэвы?

Удзельнікі ініцыятывы “Захаваем Пячэрскі лесапарк” (#СохранимПечерск) Уладзімір Рамашкоў і Леанід Платоненка правялі для карэспандэнткі Зялёнага партала экскурсію па мясцінах, якія называюць то лесам (так гэтая тэрыторыя зарэгістраваная ў Нацыянальным кадастравым агенцтве), то паркам мясцовага значэння (так яна пазначаная ў сёлетнім Генплане). І якую Магілёў рызыкуе страціць з-за планаў мясцовых уладаў па дабраўпарадкаванні.

Актывісты Уладзімір Рамашкоў і Леанід Платоненка

Магілёўскія актывісты вырашылі дзейнічаць да таго, як Пячэрск не на паперы ператвораць з леса ў парк.

Праблема шмат якіх экалагічных рухаў у тым, што яны пачынаюцца занадта позна, – кажа Леанід Платоненка. – Калі ўжо прыехала будаўнічая тэхніка, усе планы зацверджаныя, а грошы выдзеленныя, вельмі складана нешта зрабіць. Таму мы пачалі загадзя”.

 

У чым праблема?

Галоўнымі праблемамі Пячорскага лесапарку актывісты лічаць змену клімата, ад чаго сохнуць ёлкі і з’яўляюцца жукі-караеды (хворыя дрэвы высякаюцца, але замест іх не высаджваюцца каштоўныя пароды) і нізкую інфармаванасць насельніцтва пра каштоўнасць Пячэрска, таму яны ракладаюць вогнішчы і раскідваюць смецце. Але гэтыя праблемы актуальныя і для іншых падобных тэрыторый.

Спецыфічнае ж мясцовае пытанне – несупадзенне рэальных і задакументаваных межаў лесапарку. Актывісты сцвярджаюць, што ён мог бы быць большым на 30-40%.

Дрэва, пашкоджанае караедам

Да таго ж побач з лесапаркам знаходзіцца закінутая тэрыторыя пітомніка Магілёўзеленбуду. Па дакуметах гэта проста хмызняк, што не ўяўляе ніякай каштоўнасці. Між тым, у пітомніку высаджаныя алеі ліп, дубоў, туй, клёнаў, асін, шыпшыны, японскай ёлкі, айвы, вязаў, растуць таксама Дугласава піхта, амерыканскі дуб, акацыя, дзёран чырвоны, бружмель, аронія, вярба шарападобная, бузіна, гартэнзія, арэх маньчжурскі, чаромха, ясень, ёсць нават прывезеная з ЗША псеўдацуга.

Псеўдацуга

Дрэвы высаджваліся з мэтай продажу падрослых саджанцаў і зараз, калі яны выраслі, дрэвы замінаюць адно аднаму, пачынаюць гніць. Актывісты хацелі б, каб пітомнік даследавалі спецыялісты і параілі, як яго прарэдзіць максімальна ашчадна.

 

Чым адметны Пячорскі лесапарк?

Па ўсёй тэрыторыі лесапарка сустракаюцца дрэвы ўзростам па сто і больш гадоў. Навуковыя супрацоўнікі сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук знайшлі у Пячэрскім лесапарку два віды грыбоў, што занесеныя ў Чырвоную кнігу, а таксама тры віды раслін, што патрабуюць прафілактычнай аховы.

Але, бадай што галоўная каштоўнасць лесапарка ў тым, што гэтая вялікая зялёная тэрыторыя ў межах горада, у якой скалася свая унікальная экасістэма.

Тут цячэ рэчка Дубравенка. Па гістарычных звестках, яна не замярзала ўзімку, што тлумачыцца вялікай колькасцю жывых крыніц, некаторыя з якіх струменяцца і цяпер. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што кожную крыніцу даглядала асобная сям’я з тых, што жылі побач.

На рэчцы нават водзяцца бабры (сляды іх зубоў бачныя на некаторых дрэвах). Па заключэнні Інстытута эксперыментальнай батанікі, тэрыторыя Пячэрскага лесапарку можа разглядацца як патэнцыйны помнік прыроды рэспубліканскага або мясцовага значэння.

У пітомніку

Акрамя прыроднай, тэрыторыя мае культурную і гістарычную каштоўнасць. Сённяшні Пячэрскі лесапарк, што месціцца не так далёка ад цэнтра Магілёва – гэта рэшткі сапраўднага лесу, які ў XVI стагоддзі трапіў у царкоўную ўласнасць. Тады гэта тэрыторыя знаходзілася за межамі горада, ёй доўга валодала Кіева-Пячэрская лаўра (адкуль і назва “Пячэрск”), бо Магілёўская епархія ўваходзіла ў Кіеўскую мітраполію.

Лес заставаўся царкоўным да 1917 г., тут мелі загарадныя рэзідэнцыі епіскап Георгі Каніскі і біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, значныя для гісторыі Магілёва і ўсёй Беларусі асобы. Мабыць, праз царкоўную форму ўласнасці землі не трапілі ў сельскагаспадарчы зварот.

У пітомніку

За савецкім часам на гэтай тэрыторыі пабудавалі базу адпачынку, псіхіятрычную лякарню, выкапалі штучныя азёры. Тым не менш, зялёны масіў заставаўся ў стане, досыць блізкім да сапраўднага лесу. Цяпер жа праз антрапагеннае ўздзеянне і змены клімату лес знаходзіцца на мяжы знікнення.

На тэрыторыі лесапарка ў 1937-м годзе знайшоў апошні прытулак пісьменнік, паэт, перакладчык і акадэмік Цішка Гартны (сапраўднае імя – Зміцер Жылуновіч). Арыштаваны ў 1936-м, у 1937-м пераведзены ў псіхіятрычную лякарню, што працуе і па сённяшні дзень. Абставіны яго смерці да канца не высветленыя. Неабыякавыя людзі ўпарадкавалі месца для шанавання яго памяці.

 

Прывабны турыстычны аб’ект

Паміж лесапаркам і былым пітомнікам знаходзіцца турыстычны комплекс “Этнахутар”. Тут можна паглядзець на рэканструкцыю старых хат з Магілёўскай вобласці, працуе карчма, некалькі мастакоў і рамеснікаў запрашаюць наведаць свае майстэрні.

Такім чынам, Пячэрск ужо з’яўляецца прывабным турыстычным аб’ектам і ў культурна-гістарычным, і ў экалагічным плане. Пры ўмове адпаведнай “раскруткі” і ўладкавання яго значнасць можа вырасці з гарадскога да агульнарэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню.

Этнахутар

 

Што можна з гэтым зрабіць?

Пры ўмове адпаведнага ўладкавання гэта тэрыторыя магла б узяць на сябе функцыі парка і рэкрэацыйную нагрузку ад жыхароў суседняга мікрараёна “Спадарожнік”, лічаць актывісты кампаніі “Захаваем Пячэрскі лесапарк”. У такім выпадку ініцыятыва па наданні самому Пячэрску статусу прыроднай тэрыторыі з асаблівай аховай выклікала б менш нараканняў.

Адпаведна сёлетняй карэкціроўцы Генплана 2012 г., Пячэрскі лесапарк павінны стаць паркавай зонай, а на месцы былога пітомніка паўстане шэраг спартова-рэкрэацыйных аб’ектаў. Быццам бы грошы на будаўніцтва пакуль не выдзеленныя. Група актывістаў ужо сабрала чатыры тысячы подпісаў за тое, каб зрабіць парк на тэрыторыі былога пітомніка.

Яшчэ ініцыятыўная група праводзіць экскурсіі, суботнікі, спартовыя мерапрыемствы, гістарычныя даследванні, гутараць з мясцовымі жыхарамі. Разам з традыцыйнымі прыёмамі экалагічнага актывізму лесапарк бароняць культурніцкімі сродкамі.

Пасля нашумелых правакацыйных фотасесій ініцыятыўная група вырашыла абвясціць конкурс фота і відэа з Пячэрска. Што магілёўцы высылалі туды? Пейзажы, грыбы, лістоту і смоўжыкаў буйным планам, партрэты сябе і сваіх дзяцей у “лясным” антуражы, хітраспляценні каранёў і канцэптуальныя сюжэты, кшталту “укол дрэву са шпрыца” і “чалавек без твара гуляе па Пячэрску”.

Пячэрск. Фота Аляксандра Сабалеўскага

Пячэрск. Фота Кацярыны Верас

Пячэрск. Фота Таццяны Смаляковай

Пячэрск. Фота Вольгі Чухіль

Пячэрск. Фота Ганны Юрчанкі

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 24.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.