25.04.2019 / 09:04

Вясна — пара аднаўлення прыроды. З цяплом людзі масава цягнуцца ў лясы і лесапаркі на пікнікі і актыўны адпачынак пасля зімы. Аднак з сыходам снега на паверхню праклёўваюцца не толькі першыя пралесці і зеляніна, але і становіцца відавочным неахайнае чалавечае стаўленне да наваколля.

Паўсюднае засілле смецце ў прыродзе абурыла мінчанку Алену Куімжы. Дзяўчына кінула выклік не толькі сабе, але і іншым гараджанам, і запусціла чэлендж #30daystrashaway.

У чым ідэя?
Па задумцы Алены з 1 па 30 мая кожны жадаючы ў любы зручны для яго момант — ці то па дарозе на працу, ці то вяртаючыся дадому, ідучы на прабежку ці шпацыр можа прыхапіць з сабой пакет і пальчатку, і знайсці час для прыборкі наваколля.

"На прыканцы зімы я атрымала спартыўную траўму. Дактары забаранілі любую актыўнасць да якой я звыкла. Сказалі, што можна хадзіць і гуляць. Паколькі шпарка хадзіць было праблематычна, я прагульвалася марудна. А калі ты ходзіш марудна, звяртаеш на многае ўвагу і на смецце", — распавядае Алена.

Дзяўчына жыве ў адным з новых мікрараёнаў Мінска, не далёка ад якога раскінуўся лясны масіў. Менавіта там яна і стала штодзённа прагулівацца па парадзе дактароў. З часам Алена вырашыла сумяшчаць сваю "рэабілітацыю" з карыснай справай: на кожны шпацыр яна брала звычайны пакет з гіпермаркета і складала ў яго смецце.

 

Неўзабаве ў галаву прыйшла ідэя. Маўляў, існуе ж акцыя "30 дзён на ровары", які пачаўся ў ЗША і з ахвотай быў падхоплены беларускімі аматарамі веласіпедаў, дык чаму б не стварыць штосьці падобнае для прыборкі смецця.

Гэта не павінны быць спецыяльныя прыборкі, а хутчэй жаданне навесці чысціню ў тым месцы, дзе чалавек апынуўся ў пэўны момант. Нават адна паднятая бутэлька — ўжо лічыцца адказам на выклік.

Як прыняць удзел у чэленджы #30daystrashaway?
Усё проста: не важна, колькі вы збіраеце смецця — адну абгортку з-пад чыпсаў ці цэлы пакет — галоўнае зафіксаваць свой удзел, а фотаздымак размясціць у сацыяльных сетках з хэштэгам 30daystrashaway ці адразу запосціць у тэматычных суполках Facebook, Вконтакте, Telegram, Instagram.

Наколькі рэальна напрацягу трыццаці дзён сістэматычна збіраць смецце? Алена Куімжы лічыць, што ўсё залежыць ад матывацыі. Але гэтага часу дастаткова, каб выпрацаваць звычку і стаць больш адказным ў дачыненні да прыроды, упэўнена яна.

Сама Алена ўжо амаль месяц ладзіць смеццевыя вылазкі.  З яе словаў, у асноўнай сваёй масе збіраць даводзіцца пластыкавыя і шкляныя бутэлькі з-пад піва, абгорткі ад чыпсаў і фальгу.

"Мне б хацелася, каб у першыю чаргу чэлендж паўплываў на наваколле. Хочацца бачыць вось гэтыя кветкі без смецця, — паказвае дзяўчына на пралескі. — Жывёл у сваім натуральным асяроддзі, а не сярод звалак. Яшчэ ёсць ідэя, каб выклік падхапілі іншыя краіны, а Беларусь стала яго стваральніцай".

 

Праблема несанкцыянаваных звалак у прыродным асяроддзі даўно знаходзіцца пад пільнай увагай экалагічных арганізацый, а таксама профільных Міністэрстваў. З 2012 года ў Беларусі штогод праводзяцца акцыі валанцёрскіх уборак у рамках беларускага руху "Зробім!", што з'яўляецца часткай міжнароднага руху "Let's do it".

Ініцыятарамі акцыі выступаюць экалагічныя грамадскія арганізацыі: таварыства "Зялёная сетка", установа "Цэнтр экалагічных рашэнняў" і аб'яднанне "Мінскае роварнае таварыства".

letsdoit.by
letsdoit.by

За час існавання руху ў нашай краіне было праведзена шэсць глабальных сезонаў прыборак. Самым масавым па колькасці ўдзельнікаў да гэтага часу застаецца сезон 2016 года, да якога падключылася каля 24 тысяч чалавек.

У тым жа годзе брэсцкія актывісты Зялёнай сеткі запусцілі новы накірунак у спорце Green Workout — калі прыборкі сумяшчаюцца з фізічнай нагрузкай і спрытам.

У 2019 годзе каманда спратыўнай супольнасці Allride разам з Цэнтрам экалагічных рашэнняў запусцілі праект Plogging Belarus. Першы забег каманд павінны адбыцца 1 мая ў Лошыцкім яры. Для ўдзелу ў забегу абавязковай з'яўляецца рэгістрацыя.

Варта зазначыць, што ў бягучым годзе арганізацыя акцый па прыборках каардынальна змянілася. Людзі перасталі чакаць афіцыйнага закліку ад грамадскіх арганізацый і дзяржаўных органаў. Яны ўсё больш самаарганізоўваюцца праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджэры.

За месяц існавання тэлеграм-канала "Уборочка Минск" сіламі падпісчыкаў было праведзена тры ўборкі ў межах сталічных лесапаркаў і адна масавая з выездам на Іслач. Людзі настолькі захапіліся ідэяй арганізацыі падобных акцый і не збіраюцца спыняцца.

Тэлеграм-канал "Уборочка Минск"
Тэлеграм-канал "Уборочка Минск"

Практычна адначасова запусціліся і яшчэ некалькі чэленджаў, звязаных з навядзеннем парадка. Напрыклад, #чыстыchallenge, які стварыла Анастасія Кавалеўская праз свой Instagram.

"Ужо паўгады я бяру на шпацыр з Лісой пакеты і збіраю столькі смецця колькі магу несці. Вельмі радуюся, што з кожным разам вакол становіцца ўсё чысцей. Ведаю, што мы усе зможам зрабіць класную справу і зробім свет вакол нас лепшым! І можа сваім прыкладам пададзім прыклад камусьці яшчэ", — піша яна ў сацыяльнай сетцы.

За ўдзел у выкліку дзяўчына абяцае экалагічныя падарункі са сваёй новай калекцыі вырабаў. Выбар шчасліўцаў будзе адбывацца рандомна.

Скрыншот з Instagram Анастасіі Кавалеўскай
Скрыншот з Instagram Анастасіі Кавалеўскай

Ахова птушак Бацькаўшчыны падрыхтавала выклік пад хэштэгам #TrashTagOlmany, каб прыцягнуць увагу да праблемы смецця ў запаведных месцах і на ахоўваемых прыродных тэрыторыях.

Да 1 мая можна паспець паўдзельнічаць у конкурсе #notrashапрель Лігі дабраахвотнай працы моладзі. Згодна з умовамі, неабходна навесці чысціню, сфатаграфаваць як было "да" і як стала "пасля" і размясціць у сацыяльных сетказ з адпаведнымі хэштэгамі. У якасці прыза пераможца атрымае магчымасць зрабіць фотасесію ў прафесійнага фатографа.

Скрыншот са старонкі у VK суполкі
Скрыншот са старонкі у VK суполкі

Урбаністычная ініцыятыва "Smart Homel" прапануе гамельчукам навесці парадак, прыняўшы ўдзел у суботніку здаровага чалавека. У сваім відэа актывіст Яўген Меркіс запрашае валанцёраў і валанцёрак да планавання акцыі, вызначэння месца і ўласна правядзення прыборкі. Дзеля гэтага дастаткова запоўніць анкету.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская; Відэа: Аляксандра Нест
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость