Праца на карысць роднай прыродзе: кіраўніку Праграмы малых грантаў ГЭФ Аляксандру Леўчанка — 70 год. Віншуюць калегі і сябры!

Са студзеня 2005 года з мэтай падтрымкі насельніцтва, жадаючага вырашаць мясцовыя экалагічныя праблемы, у Беларусі функцыянуе Праграма малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. І з таго самага часу яе нязменным кіраўніком з'яўляецца Аляксандр Уладзіміравіч Леўчанка. 25 верасня яму споўнілася 70 год. Зялёны партал даведаўся ў некаторых паплечнікаў Аляксандра Уладзіміравіча пра тое, які ён чалавек, пра яго асабісты ўнёсак у захаванне навакольнага асяроддзя нашай краіны, а таксама сабраў віншаванні і цёплыя словы, прысвечаныя юбіляру.

25.09.2016 Грамадства Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: З асабістага архіва Аляксандра Леўчанка

Зацверджаная ў 1992 годзе Праграма малых грантаў (ПМГ) сёння існуе ў 132 краінах свету. Усе гэтыя дзяржавы з'яўляюцца ўдзельнікамі канвенцый ААН аб біялагічнай разнастайнасці, змяненні клімату, стойкіх арганічных забруджвальніках і па барацьбе з апустыньваннем.

Пачынаючы з моманту старта ПМГ на планеце было рэалізавана больш за 14 500 праектаў з агульным фінансаваннем звыш 450 мільёнаў даляраў. Малыя гранты выдзяляюцца як грамадскім арганізацыям, так і сельскім саветам. Аднак Праграму нельга ўспрымаць як паўнавартасную крыніцу фінансавання праекта, гэта толькі першы ўклад у ахову навакольнага асяроддзя. Максімальны памер субсідый аднаго праекта складае 50 000 даляраў.

Па словах Яраслава Бекіша, каардынатара Таварыства «Зялёная сетка», дзякуючы таму, што на чале Праграмы малых грантаў стаіць такі чалавек, як Аляксандр Леўчанка, у Беларусі рэалізавана шмат карысных і сапраўды вартых увагі праектаў, разнастайны «шум» вельмі прафесійна адсякаецца.

«Нямногія ўяўляюць, што значыць кіраваць праграмай грантаў, быць донарам. Можа здацца, што гэта цёплае месца, нескладаная праца, незалежнасць і камфорт. Раздаеш сабе гранты направа і налева, кіруючыся шаблоннымі крытэрыямі, або зусім, як Бог на душу пакладзе, і ўсё. А скончыўся праект паклаў справаздачу ў стол і забыў. Пры выпадку можна і паўтарыць. І пляваць на ўстойлівасць вынікаў, на доўгатэрміновыя эфекты, на ўкараненне лепшых практык. Бывае, вядома, і так. Але гэта ўсё дакладна не пра Аляксандра Леўчанка. Бо ён чалавек іншага гатунку. Іншы раз бачыш, як Аляксандр Уладзіміравіч робіць немагчымае, каб не дапусціць ніякай фіктыўна-дэманстратыўнай дзейнасці, каб не тое што «ўхаластую» не стрэльнуць, а кожным «стрэлам» ў некалькі мэт патрапіць. У сваім родзе гэта гросмайстар. І ўсё гэта ў інтэнсіўным рэжыме, ва ўмовах ціску адразу з некалькіх бакоў.: то на палявых выездах у балотах, то ў чыноўніцкіх кабінетах, то ў сябе ў падвальчыку. Не раз даводзілася звяртацца да яго за парадай ці людзей прыводзіць. Прыязджаеш у яго спартанскі офіс вечарам, ужо ўсе па дамах разышліся, а ў яго тэхніка гудзе, людзі заўсёды розныя, а ён яшчэ паралельна і па скайпе з кімсьці размаўляе, папераменна на англійскую мову пераходзіць... Дай Бог яму здароўя!

Мне, кажа, што трэба? Каб толк быў, і каб грошы на ўсякую лухту не патрапілі. І пытанні ўсё вырашае адразу, не сыходзячы з месца. Таму і партфель праектаў у ПМГ ГЭФ такі поўны і яркі. І часу заўсёды ў яго на ўсіх хапае, і цярпення, і добразычлівасці. За вочы яго ўсе ласкава дзядулем называюць», — зазначае Яраслаў Бекіш.

 

Яго словы падхоплівае Яўген Лабанаў, дырэктар Установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», які адгукаецца пра юбіляра як пра асобу неабыякавую, што стараецца зрабіць нашмат больш сваіх непасрэдных абавязкаў.

«Гэты чалавек сапраўды зрабіў вельмі шмат для нашай краіны, у прыватнасці для захавання прыроды, развіцця тэрыторый і рашэння самых разнастайных экалагічных праблем. Мне імпануе, што Аляксандр Уладзіміравіч стараецца ўнікаць ва ўсе новыя экалагічныя тэндэнцыі, сустракацца з рознымі людзьмі і разбірацца з тым, што адбываецца ў розных рэгіёнах Беларусі.

Я вельмі паважаю і цаню Аляксандра Леўчанка як надзвычайна вопытнага і неабыякавага чалавека, які працуе для Беларусі і людзей, што тут жывуць. Віншую яго з юбілеем. Беражы Бог!» — дадае ён.

 

Пра неймаверную працу гэтага чалавека кажа і Ірына Сухій, каардынатар адвакацыйных кампаній Таварыства «Зялёная сетка» і член савету Грамадскага аб'яднання «Экадом».

«Аляксандр Леўчанка ў Праграме малых грантаў стараецца зрабіць максімальна карысныя рэчы для Беларусі. Але варта разумець, што ўсё гэта даводзіцца рэалізоўваць у рамках нашай сістэмы.

Аднак ён шчыра верыць і імкнецца прынесці карысць. У гэтым і ёсць перавага Праграмы, што таксама з'яўляецца заслугай Аляксандра Уладзіміравіча, бо рэалізуюцца інфраструктурныя праекты, даюцца грошы на «жалеза» і канкрэтныя рэчы, а не на семінары, ад якіх ужо ўсім млосна, ці «мяккія» праекты, адукацыйныя праграмы і запрашэнне міжнародных экспертаў, што прыязджаюць сюды нас вучыць. У гэтым сэнсе ПМГ накіраваная на дзеянні, якія змяняюць наваколле да лепшага. Што, вядома, выклікае павагу!

Пры ўсім гэтым, сутыкаючыся з праблемамі і цяжкасцямі, Аляксандр Уладзіміравіч ніколі не скардзіцца, а з аптымізмам і энергіяй працягвае несці «зялёнае» і вечнае. Ён апантаны да захавання беларускай прыроды, не шкадуючы ні сваіх сіх, ні часу, каб у краіне ўсё было не так дрэнна. І гэта мяне захапляе!» — адзначае яна.

 

Віншаванні перадаюць Аляксандру Уладзіміравічу і калегі з-за мяжы — Андрэй Дзяменцьеў, які зараз працуе праграмным асістэнтам ў адным з офісаў ААН у Нью-Ёрку, а да гэтага шмат гадоў быў у складзе ПМГ ГЭФ у Беларусі.

«Мы з Уладзіміравічам 10 год у адной запрэжцы працавалі. Плячом да пляча. Сумую па тым часе. Нават цяпер, 2 гады я ўжо ў Нью-Ёрку, а, здаецца, дня не праходзіць, каб мы не размаўлялі, нягледзячы на розніцу ў часе. То мне штосьці трэба, то ў яго нейкая ідэя. Мне добра, а вось у яго адкуль столькі сілаў? І ўсё адно ў галаве: як зрабіць лепш, як прыцягнуць у Беларусь новыя падыходы, новыя тэхналогіі, як новых людзей раскруціць», — расказывае ён.

 

Да пажаданняў юбіляру далучаецца Джыхан Султанаглу, дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН у Еўропе і краінах СНД, а да гэтага — прадстаўнік ПРААН у Беларусі:

«Дзіўна, што матывуе цябе гэтулькі часу кіраваць дзейнасцю Праграмы малых грантаў ГЭФ. Іншы даўно ўжо сядзеў бы дома са сваёй сям'ёй. Напэўна, гэта і ёсць твой унутраны абавязак, твоё захапленне прыродай, працай з людзьмі, запал да змен. Мы захапляемся тваім велізарным унёскам у нашу агульную справу! Хочацца спадзявацца, што, калі мы дасягнем твайго ўзросту, у нас будзе столькі ж палкасці да любімай справы. Я жадаю табе ўсяго самага найлепшага, шмат шчаслівых дзён і гадоў!»

 

Каманда Зялёнай сеткі шчыра віншуе Аляксандра Уладзіміравіча з 70-годдзем і зычыць доўгай плённай працы з задавальненнем, радасцю і карысцю для захавання навакольнага асяроддзя краіны і свету.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.09.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.