25.10.2016 / 13:10

6 кастрычніка ў Рэчыцы адбыўся выпадак, які ў чарговы раз прымусіў звярнуць увагу на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і падзяліў грамадства на тых, хто «за»  і  «супраць». Падпалкоўнік міліцыі Станіслаў Маісееў ва ўпор расстраляў сабаку з нашыйнікам на вачах у навучэнцаў ветэрынарнага аддзялення мясцовага аграрнага каледжа. Паводле словаў крыніцы ў Рэчыцкім РАУС, мінулая пятніца стала апошнім працоўным днём міліцыянта ў органах унутраных спраў.

Станіслаў Маісееў – быў адным з двух падпалкоўнікаў беларускай міліцыі на пасадзе старэйшага ўчастковага. Звычайна, пасада старэйшага ўчастковага – маёрская, а каб атрымаць званне падпалкоўніка, супрацоўнік мусіць знайсці і заняць адпаведную гэтаму званню пасаду ў міліцыі. Але ў выпадку з Маісеевым гэткім чынам год таму адзначаныя асаблівыя заслугі супрацоўніка.

Тым не менш, патрэбную выслугу гадоў і ўзрост інспектар меў – зараз, паводле словаў яго калег з Рэчыцкага РАУС, ён мае поўныя 46 гадоў і права выхаду на пенсію. Хаця, тыя ж калегі шчыра былі здзіўленыя таму, што адданы міліцыі супрацоўнік, які знаходзіўся ў цудоўнай працоўнай форме, мае багаты досвед і нядрэнныя паказчыкі, пакінуў шэрагі беларускай міліцыі.

У аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў Упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама інфармацыю аб сыходзе Станіслава Маісеева на пенсію Гомельскаму зялёнаму парталу пацьвердзіць адмовіліся, прапанаваўшы даслаць афіцыйны пісьмовы запыт, які будзе разгледжаны ў вызначаным законам парадку.

На цяперашні момант, як лічаць сведкі выпадку каля аграрнага каледжа, яшчэ не скончаная праверка па факце ўжывання табельнай зброі супрацоўнікам міліцыі для абароны ад сабакі. Многія сведкі ў Рэчыцы сцвярджаюць, што іх пакуль ніхто не апытваў. У той жа час, яны кажуць, што бачылі, як спачатку два сабакі проста беглі побач з міліцыянтам, які адмахнуўся ад іх торбаю, што і выклікала агрэсію жывёлаў і наступныя падзеі.

Ці былі ў супрацоўніка акрамя пісталета іншыя прылады, якімі можна было спыніць агрэсіўны брэх сабакі, не забіваючы яго, кшталту газавага балончыка альбо электрашокера, сведка, які стасаваўся з нашым карэспандэнтам, не заўважыў, бо быў надта ўзрушаны тым, што адбылося.  

Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость