Вывучэнне птушак як хобі: калі прырода даражэй за ўсё!

Кальцаванне птушак – працэс даволі манатонны і аднастайны, патрабуе асаблівай увагі, навыкаў і цярпення. Але для вывучэння крылатых суседзяў – гэта неабходнасць, бо аднаго назірання за імі мала. Як адбываецца скрупулёзны рытуал кальцавання, карэспандэнтка Зялёнага партала падгледзела на адной з адмысловых станцый.

25.10.2017 Жывая прырода Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Сярод лясістых узгоркаў і балацін, на самым ускрайку ''мёртвай'' вёскі стаіць дом. З першага погляду няма ў ім нічога асаблівага і прыкметнага – самая звычайная загарадная драўляная хаціна з участкам, дзе размясціўся невялікі сад і агарод. Аднак як толькі нага ступае далей абжытых тэрыторый – адкрываецца незвычайная тайна сядзібы. Апынаецца, што гэта самае сэрца станцыі па кальцаванні птушак.

Па перыметры ўчастка расстаўлены спецыяльныя сілкі – ля 5 сетак з дробнымі ячэйкамі для невялікіх птушак і адна – на буйную птушку з большымі адтулінамі. Зараз у сезон міграцыі ў адну драбнейшую сетку можа патрапляць ад 20 птушак.

Чачоткі ў сетцы

Таму дзень у арнітолагаў пачынаецца рана: першы агляд сетак адбываецца ў 7.30 раніцы. Але ў гэты час птушка ў сетцы – рэдкая з'ява. Найхутчэй трэба будзе ачысціць іх ад восеньскай лістоты.

На другі агляд спецыялісты выходзяць у 8.30 і звычайна ў гэты час крылатых набіраецца найбольшая колькасць. Іх акуратна вымаюць з ячэяк і імгненна садзяць у палатняныя мяшочкі. Як толькі набіраецца прыстойная колькасць – нясуць у спецыяльную кальцавальню, невялікі дамок-кіёск з акенцам, праз якое выпускаюць акальцаваную птушку.

Чачотка

Дзяніс рупліва выблытвае чачотку з сеткі

У такога дасведчанага арнітолага, як Дзяніс Кіцель, увесь працэс – выняць птушку з торбачкі, начапіць на лапку кальцо і замацаваць яго, запісаць дадзеныя ў бланк – займае менш хвіліны. Спецыяліст ведае, як з найменшай шкодай і стрэсам для жывой істоты правесці ўсю працэдуру.

Дзяніс Кіцель

Дзяніс вымае птушак з сеткі

Кальцаванне

Па словах Дзяніса, важна не толькі фіксаваць ''нашых'' закальцаваных птушак, але і адзначаць тых, што патрапляюць з замежнымі кольцамі – дадзеныя перадаюцца ў Беларускі цэнтр кальцавання, які ў сваю чаргу перанакіроўвае інфармацыю ў краіны, з якіх да нас заляцелі птушкі. Такім чынак, спецыялістам удаецца зфарміраваць уяўленне пра месцы, дзе бываюць птушкі, як пралягаюць іх міграцыйныя шляхі.

Кальцавальня

Як толькі ўдарылі першыя маразы адлоў птушак прыпыняецца

Нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць справы, Дзяніс называе гэта сваім хобі, на якое фінансы ён выдаткоўвае самастойна: разам са сваімі сябрамі і калегамі-арнітолагамі замаўляюць кольцы з Польшчы і сеткі за свае грошы.

Чачотка

Чачоткі

У цёмны час сутак ў сеткі патрапляюць драпежнікі - махнаногі сыч

У цёмны час сутак ў сеткі патрапляюць драпежнікі - вушастая сава

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.10.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.