VeganFood: Гарбузовы суп-пюрэ — для маладосці, здароўя і добрага настрою

Яркім уражаннем дзяцінства стаў момант, калі самы звычайны аранжавы гарбуз ператвараецца ў чароўную карэту для Папялушкі, каб даставіць яе на баль да прынца. Але не толькі ў казках з гарбузом можна рабіць цуды. У рэчаіснасці гэта гародніна з'яўляецца сапраўднай прыроднай скарбніцай вітамінаў і мінералаў — як раз тых рэчываў, якіх не хапае нашаму арганізму ў кароткія і шэрыя зімовыя дні. Таму сёння праект «VeganFood» прапаноўвае вам рэцэпт супу-пюрэ з гарбузом.

26.02.2016 Жыццё ў стылі «эка» 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Гарбуз — выдатная крыніца разнастайных вітамінаў, асабліва шмат у гэтай гародніне ўтрымліваецца бэта-каратыну і вітаміну Е, які адметны тым, што замаруджвае працэсы старэння ў арганізме. Багаты гарбуз і на іншыя вітаміны: С, D, В1, В2, РР, аднак асноўная яго заслуга ў такіх рэдкіх вітамінных групах, як К і Т, што амаль не сустракаюцца ў іншай садавіне і гародніне. Гарбузы могуць пахваліцца і вялікім утрыманнем карысных рэчываў, дэфіцыт якіх можа назірацца ў веганаў пры няправільным харчаванні, напрыклад, кальцыю, магнію, жалеза, цынку, фтору, медзі, кобальту, фосфару і г.д.

Незамяняльнай гародніна будзе і для рацыёну тых, хто жадае скінуць вагу, бо мае нізкую каларыйнасць. Акрамя гэтага, нягрубая клятчатка з гарбуза вельмі добра засвойваецца, у тым ліку і аслабелым ад хвароб арганізмам. І ў цэлым гэта гародніна дапамагае ўмацаваць імунітэт і вывесці шлакі.

Але, нягледзячы на ўсе свае карысныя ўласцівасці, ёсць пэўная небяспека ў спажыванні гарбузоў для людзей з цяжкой формай цукровага дыябету.

Для супу-пюрэ нам спатрэбяцца:

  • сярэдняга памеру гарбуз;
  • 2-3 невялікія бульбіны;
  • 1 вялікая ці 2 сярэднія морквіны;
  • шклянка гароху нут;
  • 1 сярэдняя цыбуліна;
  • 3 кубікі марожанага ці пучок свежага шпінату;
  • зеляніна.

Замачваем на ноч нут. Затым выварваем яго да поўнай гатоўнасці і адкладаем 2-3 сталовыя лыжкі цэльнага гароху. Чысцім бульбу, моркву, наразаем іх невялікімі кубікамі і працягваем варыць разам з нутам. Гарбуз вычышчаем ад семачак і акуратна зразаем лупіну, наразаем кубікамі і, калі бульба з морквай будуць ў паўгатоўнасці, дадаем у каструлю. У гэты ж час пачышчаную цыбуліну дробна наразаем і абсмажваем на невялікай колькасці алею да залацістага колеру. Падсмажаную цыбуліну ўкідваем у каструлю да астатняй гародніны.

Увага: не забываем усё пасаліць і папярчыць па смаку. Дарэчы, замест молатага перцу ў суп можна дадаць перац гарошкам.

Калі гародніна прыгатуецца, закідваем кубікі марожанага шкінату, ці, калі ён свежы, загадзя дробна наразаем яго. Праварваем яшчэ некалькі хвілін. Затым выключаем агонь, але каструлю з пліты не здымаем, няхай суп даходзіць на ёй яшчэ некалькі хвілін.

Як толькі змесціва каструлі перастане кіпець, блэндэрам акуратна ператвараем яго ў аднароднае пюрэ.

Наліваем суп-пюрэ ў талеркі і ўпрыгожваем рэшткамі адваранага цэльнага нуту, зелянінай, напрыклад петрушкай ці базілікам.

Увага: калі хтосьці не любіць саладкаваты смак гарбуза, суп-пюрэ можна прыправіць мускатным арэхам, але дазавана (1-2 дробкі) і дадаць крыху больш іншай гародніны: бульбы, морквы і шпінату.

Усім прыемнага апетыту!

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 26.02.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.

  • Нататка цiкавая, але нiякiх "прыемнага апетыту" у беларускай мове няма, трэба гаварыць "смачна есцi" ;)
  • Ассоциация детей и молодежи
  • Багна
  • Белорусская Антиядерная Кампания
  • Беларускі камітэт Дзеці Чарнобыля
  • Выратуем прыпяцкіе дубровы
  • Экадом
  • Городской лесничий
  • Дзіцячыя экалагічныя майстэрні
  • Мінскае роварная таварыства
  • Неруш
  • Велогродно
  • Живое партнерство
  • За чистую Припять
  • Время Земли