26.04.2015 / 03:04

275 гадоў — менавіта столькі, па прагнозах навукоўцаў, працягнецца распад радыёнуклідаў, якія трапілі на тэрыторыю Беларусі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. І хоць у цяперашні час няма ранейшай пагрозы жыццю, навуковая і медыцынская дапамога насельніцтву па-ранейшаму вельмі актуальныя.

Гісторыя пытання

Рассейванне тэхнагенных радыёнуклідаў у біясферы не лічылася небяспечнай з'явай да 1945 года. Першым негатыўным досведам прымянення ядзернай энергіі стала атамна бамбардзіроўка Злучанымі Штатамі Амерыкi гарадоў Хірасіма і Нагасакі. Аднак самай маштабнай тэхнагеннай ядзернай катастрофай у гісторыі чалавецтва стала аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Радыёактыўнае забруджванне закранула, у першую чаргу, Расію, Беларусь і Украіну. Перасяленне людзей з забруджаных тэрыторый і абмежаванне ў вытворчасці сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі накладваліся на супярэчлівую інфармацыю адносна магчымых наступстваў аварыі для здароўя людзей. У сферы эканомікі найбольш пацярпела сельская гаспадарка.

Адваротны бок медаля

Вясной 1986 года перад навукоўцамі былі пастаўленыя вельмі сур'ёзныя задачы па рэабілітацыi забруджаных тэрыторый. Сітуацыю сур'ёзным чынам ускладняў той факт, што ні навуковай даследчай базы, ні практычнага вопыту ўкаранення якіх-небудзь распрацовак у нашай краіне на той момант не было. І самае галоўнае — не было спецыялістаў у галіне сельскагаспадарчай радыялогіі. Адзінай беларускай навуковай установай падобнага профілю была лабараторыя ў Інстытуце глебазнаўства і аграхiмii Нацыянальнай акадэміі навук, але яе магчымасцяў у новых умовах было відавочна недастаткова. Усё гэта прывяло да таго, што 3 чэрвеня 1986 года ў Гомелі быў арганізаваны Беларускі філіял Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчай радыялогіі, пазней пераназваны ў Інстытут радыялогіі. Задачы перад установай паставілі глабальныя: правесці комплексныя даследаванні і распрацаваць навукова-абгрунтаваныя практычныя рэкамендацыі для аграпрамысловага комплексу на забруджаных тэрыторыях Беларускай ССР. Гэтая праца патрабавала даследаванняў, якія не мелі аналагаў у сусветнай навуцы, але, нягледзячы на маштабнасць задачы, вынік быў дасягнуты.

Калі казаць на мове лічбаў, у перыд пасля аварыi паступленне ў сельскагаспадарчую прадукцыю стронцыя знізілася ў 2-3 разы, а цэзія — у 10-12 разоў. Па экспертнай адцэнцы, зніжэнне ўзроўню ўтрымання цэзія на 45% абумоўлена прыроднымі фактарамі і на 55% — прыняццем агульных мер. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. У дзевяностыя гады Гомельскі інстытут радыялогіі стаяў ля вытокаў мясной жывёлагадоўлі, а дакладней — пераарыентавання шэрагу гаспадарак, дзе ў пасляаварыйны перыяд стала немагчымай вытворчасць суцэльнага малака ў сувязі з высокай шчыльнасцю радыёактыўнага забруджвання тэрыторыі. У рамках навуковай праграмы, распрацаванай Гомельскім інстытутам радыялогіі, кіраўніцтву некаторых саўгасаў было прапанавана перайсці на вырошчванне буйной рагатай жывёлы і вытворчасць мяса. Распрацоўкі былі накіраваныя ў вытворчасць, а фінансавую дапамогу на закупку тэхнікі і племянных жывёл у поўным аб'ёме аказала дзяржава.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Навуковыя распрацоўкі беларускіх вучоных у галіне мінімізацыі наступстваў атамных аварый і рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый у 2011 годзе апынуліся запатрабаванымі японскімі калегамі. За два гады, якія прайшлі пасля аварыі на Фукусіме, Гомельскі інстытут радыялогіі наведалі больш за 20 дэлегацый з Японіі. І гэта зразумела: навуковы і практычны вопыт, які быў назапашаны за 28 паслячарнобыльскіх гадоў, апынуўся сапраўды бясцэнным.

Сёння станоўчыя вынікі ўкаранення беларускіх навуковых дасягненняў пацвярджаюцца фактамі. Нарматывы дапушчальнага ўтрымання радыёнуклідаў у прадуктах харчавання ў Японіі зрабілі больш жорсткім: калі ў 2011 годзе дазвалялі 500 бекерэляў на кілаграм, то сёння — толькі 100. Дарэчы, з Японіі да нас едуць не толькі навукоўцы. Гомельскі радыелагічны інстытут даволі даўно стаў пляцоўкай для правядзення навукова-практычных семінараў па розных тэмах.

Астравецкая АЭС

Рашэнне аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі было прынята 15 студзеня 2008 года на пасяджэнні Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. У сваім выступе кіраўнік дзяржавы назваў тры галоўных аргумента на карысць гэтага: эканамічная мэтазгоднасць, наяўнасць у рэспубліцы прыдатных тэрыторый для размяшчэння АЭС, адсутнасць тэхнічных перашкод для яе ўключэння ў энергасістэму краіны. Першая ў Беларусі атамная электрастанцыя будзе пабудавана ў горадзе Астравец. 

Якія ж асноўныя аргументы прыхільнікаў будаўніцтва атамнай электрастанцыі? Для Беларусі развіццё атамнай энергетыкі мае стратэгічнае значэнне ў забеспячэнні энергетычнай бяспекі і эканамічнай незалежнасці. Будаўніцтва ўласнай электрастанцыі дазволіць знізіць залежнасць ад імпарту энергарэсурсаў і забяспечыць рэспубліку адносна таннай электраэнергіяй. Па разліках Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, увядзенне ў энергабаланс АЭС сумарнай электрычнай магутнасцю 2 тыс. МВт дасць магчымасць задаволіць каля 25% патрэбы краіны ў электраэнергіі і прывядзе да зніжэння яе сабекошту на 13% за кошт скарачэння выдаткаў на паліва. 

Тэхнічныя рызыкі і страты для эканомікі

Будаўніцтва АЭС прывядзе да таго, што на ёй будзе выпрацоўвацца каля 30% электраэнергіі ў краіне. Атамная генерацыя (2200 МВт) зойме каля 70% базавай нагрузкі. Такая канцэнтрацыя магутнасці азначае, што практычна ўсе газавыя ТЭС будуць працаваць у пікавым рэжыме (сутачныя і тыднёвыя скокі магутнасці), што багата буйнымі аварыямі ў энергасістэме і вялікімі стратамі для эканомікі.

Шкода ад аварый можа вылічацца дзясяткамі і сотнямі мільёнаў даляраў, як паказвае сумны вопыт Саяна-Шушанскай ГЭС.

У 2005 годзе на пытанне «Ці павінна Беларусь мець і развіваць ядзерную энергетыку?» атрыманыя наступныя адказы: «так» — 25,8 %, «не» — 46,7%, «яшчэ не думалі пра гэта» — 25 %. Відавочна, што ядзерная энергетыка па-ранейшаму асацыяваліся з пагрозамі і рызыкамі, выкліканымі Чарнобыльскай катастрофай. Вынікі аналагічнага рэспубліканскага апытання ў снежні 2007 г. — студзені 2008 г.: ўжо 54,8% рэспандэнтаў на пытанне «Ці павінна Беларусь мець і развіваць ядзерную энергетыку?» далі станоўчы адказ, 23% — адмоўны (паводле матэрыялаў да адзінага Дня інфармавання, які праводзіўся 15 мая 2008 года на тэму «Неабходнасць развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі»).

Ці сведчыць гэта аб тым, што «Чарнобыльскі сіндром» паступова пераадольваецца, альбо аб пакоры з-за немагчымасці прадухіліць задуманае будаўніцтва — можна толькі разважаць. У любой краіне заўсёды былі, ёсць і будуць праціўнікі развіцця атамнай энергетыкі. Аднак гісторыя Астравецкай АЭС яшчэ толькі пачынаецца. І якой яна будзе, залежыць ад усіх нас. Ці навучаць нас былыя памылкі, ці засвоены урок? Жыццё пакажа…

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость